June 6, 2023

5 кніг ад Насты Карнацкай

Наста Карнацкая, філолаг, літаратурная аглядальніца, вядучая падкастаў «Bellit» і «Кніжная Шафа» расказвае пра творы, якія дапамагаюць разабрацца ў сабе, у свеце навокал, а таксама ў тым, як гарманізаваць іх адносіны. «Але ў астатні час не абысціся без добрай мастацкай прозы», — кажа Наста.

1. Бесел ван дэр Колк «Тело помнит все. Какую роль психологическая травма играет в жизни человека и какие техники помогают ее преодолеть»

Звычайна ў нон-фікшн літаратуры я шукаю адказы на ўласныя пытанні. Гэтую кнігу магу смела раіць кожнаму беларусу, бо ўсе мы калі і не сутыкаліся з псіхалагічнай траўмай, то дакладна маем побач чалавека, які праз гэта прайшоў.

2. Віктар Франкл «Сказать жизни “Да!”. Психолог в концлагере»

Адна з найважнейшых кніг апошняга часу для мяне, напісаная аўстрыйскім псіхіятрам, які быў вязнем канцэнтрацыйнага лагера. Але кніга не толькі пра досвед зняволення, але і пра надзею, і пра тое, як надзея і мэта могуць дапамагчы чалавеку пераадолець адзін з самых цяжкіх досведаў, які калі-небудзь перажывала чалавецтва.

3. Мэры Эліз Сарот «Коллапс. Случайное падение Берлинской стены»

Яшчэ адна кніга, якую лічу важнай і актуальнай для нас цяперашніх, расказвае як гісторыя свету змянілася праз бюракратычную памылку найніжэйшага ўзроўню. Зразумела, апісанне спрошчанае, але гэта вельмі важная кніга пра тое, як лёгка гісторыя можа павярнуцца ў іншы бок. І яшчэ больш пра тое, што падзеі ствараюцца людзьмі, а не «сіламі». Чытаючы кнігу, песціш унутры сябе спадзеў, што рэдка, але ўсё ж часам сур’ёзныя гістарычныя змены могуць адбывацца без кровапраліцця.

4. Флорыян Іліес «Любовь в эпоху ненависти. Хроника одного чувства. 1929-1939»

Нямецкі пісьменнік і гісторык мастацтва паказвае, што і ў няпростыя часы паміж сусветнымі войнамі было месца для рамантычных пачуццяў. Бо часта каханне — гэта акурат тое, што можа дапамагчы гэтыя няпростыя часы перажыць.

5. Дэвід Фостэр Уолес «Бесконечная шутка»

Амерыканскі пісьменнік усё жыццё змагаўся з дэпрэсіяй, пакуль у 46 гадоў не павесіўся ва ўласным доме, пакінуўшы перадсмяротную запіску на дзве старонкі. Але яшчэ адну перадсмяротную запіску, нашмат большую паводле аб’ёму, ён пакінуў яшчэ за 12 гадоў да гэтага. І гэта раман «Бясконцы жарт». Кніга закранае мноства тэм: амерыканская культура і прырода жадання, тэма бацькоў і дзяцей, мастацтва, залежнасць, наркотыкі, свядомасць, кіно і прырода апавядання. Але збольшага гэта раман пра залежнасць, пра тое, як жаданне і залежнасць пераплятаюцца, і пра тое, як людзі ў заходнім свеце ставяцца да гэтых рэчаў.

6. Володимир Лис «Століття Якова»

Такія часы, калі асабліва моцнае жаданне знаёміцца з украінскай літаратурай. Гэта адзін з найбольш значных украінскіх раманаў апошніх дзесяцігоддзяў. Перад намі паўстае цэлае стагоддзе з жыцця чалавека, які перажыў 5 дзяржаў: Расійскую імперыю, Украінскую Народную Рэспубліку, Польшчу, гітлераўскую Германію, сталінскі СССР. І нарэшце дажыў да незалежнай Украіны. Раман паказвае лёс аднаго чалавека ў віры гісторыі. Праз яго гісторыю раскрываецца гісторыя цэлай краіны, ягоны боль становіцца болем цэлага народу. Калі параўноўваць раман з чымсьці з беларускай літаратуры, то першая аналогія  — «Па што ідзеш, воўча?» Евы Вежнавец.

7. Ларыса Геніюш «Споведзь»

Кніга, якую ў апошні час актуалізавалі нашы навіны. Нязломная беларуская паэтка, прадстаўніца творчай інтэлігенцыі расказвае пра тое, праз што была вымушана прайсці за адмову кінуць свае перакананні. Жыццё беларускай эміграцыі, пераслед, вязніцы. Вядома ж, хацелася б, каб такая літаратура не станавілася для нас зноў актуальнай. Але варта яе чытаць, бо, магчыма, яна чамусьці можна нас навучыць.

🧷Instagram «Экслібрыс»