6 кніг ад Насты Крывашэевай
Журналістка Наста Крывашэева дзеліцца кнігамі пра свабоду, ПТСР і эміграцыю.
1. Annie Ernaux «Les Années»
Мы — гэта наша памяць. Ані Эрно распавядае пра жыццё некалькіх пакаленняў праз індывідульна-калектыўныя думкі і вобразы. Гэта сапраўдная сімфонія, да якой важна прыслухацца — як на паперы, так і сярод сваіх звычайных дзён. І мы раптам становімся вельмі падобнымі да тых амбітных дзяўчынак з Францыі ХХ стагоддзя.
2. Daron Acemoglu & James A. Robinson «The Narrow Corridor: States, Societies, and the Fate of Liberty»
Кніга аб тым, чаму некаторыя дзяржавы называюцца свабоднымі, а іншыя — не. Разбурае наратывы пра «нейкія не такія народы, якія не могуць жыць у дэмакратыі». Свабода — гэта вельмі складана.
3. Віктар Вальтар «Роджаныя пад Сатурнам» (Выбраныя творы)
Прага, 1920-е. Беларускія студэнты спрабуюць аб’ядноўвацца, але маюць надта розныя погляды на палітычныя ідэалогіі, шмат п’юць. Дзесьці побач існуе дыяспара, а галоўны герой толькі і робіць, што накручвае сябе — лічыць, што ён роджаны пад Сатурнам. Раман пра тое, што чалавек павінен будаваць у сабе радасць, гэта ключ да ўсяго.
4. Ernest Hemingway «Big Two-Hearted River»
Кароткі шчымлівы расказ пра ваенны ПТСР. Алегорыямі аўтар апісвае шлях чалавека, які перажыў разбуральны для псіхікі досвед — праз якія стадыі ён праходзіць, што дапамагае трымацца і як знайсці новыя сэнсы, калі гэта здаецца немагчымым.
5. «We Thought We'd Be Back Soon»
Гісторыі 18 літоўскіх бежанцаў, якія вымушаныя былі з’ехаць з роднай зямлі падчас Другой сусветнай вайны. Інтэрв’ю даказваюць, што як бы ні было складана нанова збіраць сваю ідэнтычнасць і побыт у эміграцыі, — з гэтым можна справіцца, праўда. Першапачаткова размовы збіралі для праекта па вуснай гісторыі і выдавалі толькі на літоўскай мове. Цяпер гэты томік стаіць на паліцах віленскага аэрапорта і па-англійску.
6. Ryszard Kapuściński «Autoportret reportera»
Яшчэ адзін зборнік інтэрв’ю на сёння — майстар літаратурнага рэпартажу Рышард Капусцінскі распавядае, як пісалася славутая «Імперыя», чаму ён вырашыў працаваць журналістам і так шмат вандраваць па Афрыцы. Такія кнігі асабіста для мяне — вялікі скарб і дапаможнік у медыйным свеце, калі хочацца намацаць хоць нейкія маральныя арыенціры.