October 16

8 кніг ад Насты Печанькова

Журналістка Наста Печанкова дзеліцца кнігамі пра каханне, пяшчоту, правінцыю і сталінскія лагеры.

1. Салі Руні «Размовы з сябрамі»

Дагэтуль не разумею, чаму Руні называюць Сэлінджарам для міленіялаў. На мой погляд, яна такі ж Сэлінджар, як я — Опра Уінфры. Таму калі вы, як і я, не любіце «Над пропастью во ржи», у Салі Руні ёсць усе шанцы.

Шчымлівая кніжка пра нездаровае каханне, якое варта перажыць аднойчы, каб больш не паўтараць такіх памылак. Паліаморыя, паэзія, Ірландыя і любоўны чатырохкутнік з удалай пісьменніцы, няўдалага актора, ейнага мужа і дзвюх студэнтак — літаратурнай агенткі і паліталагіні.

2. Харуки Мураками «О чем я говорю, когда говорю о беге»

Муракамі напісаў кнігу/філасофскі трактат пра сваё любімае хобі. Як і амаль усё ў Муракамі, выйшла прыгожа і сэнсоўна, на кожнай старонцы хочацца пакінуць закладку.

3. Милан Кундера «Невыносимая лёгкость бытия»

Люблю Кундэру са студэнцкіх часоў. Калі спрабаваць апісаць, за што, у галаву прыходзіць вось гэтая — прабачце за таўталогію — «невыносная лёгкасць», з якой ягоныя героі жывуць на фоне рэпрэсій, абсурду, «гістарычных часоў».

4. Патти Смит «Просто дети»

Гэта была першая з нешматлікіх кніг амерыканскай зоркі, якая трапіла мне ў рукі. Аўтафікшн пра жыццё дзяўчынкі з Чыкага, якая ў 17 гадоў прыехала ў Н’ю-Ёрк, каб збудаваць кар’еру артысткі, а стала музыкай, пісьменніцай, фатографкай, мамай, кумірам і музай.

5. Чарльз Букоўскі «Святло, і паветра, і месца, і час» (у перакладзе Ганны Комар і Юліі Цімафеевай)

Зборнік вершаў, з якім я бегла з Беларусі, а рабіла я гэта з адным заплечнікам. Ніколі не думала, што такі цынічны Букоўскі ў прозе можа быць такім шчымлівым, уразлівым і ласкавым у паэзіі.

6. Віктар Марціновіч «Возера Радасці»

Я з маленькага гораду і чытала «Возера радасці» як уласную біяграфію. Дакладней, як адзіны з магчымых сцэнароў свайго жыцця. Мне, я лічу, пашчасціла, выбрацца з радаснай багны правінцыі, чаго не скажаш (пшэпрашам за спойлер) пра гераіню Марціновіча.

7. Анэта Прымака-Онішк «Камяні мусілі паляцець»

Мастацкі дакумент жыхаркі Падляшша пра этнацыд праваслаўных палякаў, што жылі на мяжы з Беларуссю, называлі сябе «тутэйшымі» і размаўлялі «па-свойму».

Варта пачытаць не толькі беларусам, але і палякам, якія як мантру паўтараюць, што ў нашых народаў не было ніякіх гістарычных праблемаў і непаразуменняў, у адрозненне ад украінцаў. Так можна казаць, калі адзін з народаў не ведае сваёй гісторыі, а другі — замятае пад дыванок факты, што не ўпісваюцца ў наратыў нацыі герояў і патрыётаў.

8. Сяргей Грахоўскі «Зона Маўчання»

У школе любіла ягоны шчымлівы праграмны верш «Як я жыў без цябе», прысвечаны жонцы. Ва ўніверсітэце даведалася, што з жонкай Грахоўскі пазнаёміўся ў высылцы пасля 10 гадоў сталінскага лагеру. У аўтабіяграфіі Грахоўскі піша не толькі пра быт унутры катаржнага паселішча, але і пра тое, што адбывалася па-за ягонымі межамі. Як людзі з воўчымі квіткамі нібыта выходзілі на волю, а заставаліся ў той жа сістэме ціску і кантролю. Не адным Аляхновічам адзіным, так бы мовіць.

📕 Instagram «Экслібрыс»