May 12

7 кніг ад Сені Лукашэні

Кантэнт-крэатарка Сеня Лукашэня падзялілася кнігамі пра гучанне самоты, пах зямлі пасля дажджу і дыханне балота.

Фота: Віялета Саўчыц

1. Мариам Петросян «Дом, в котором...»

Мая любімая кніга амаль дзесяць год — чытайце апісанне адным вокам, бо яно не патлумачыць вам прыгажосць гэтага тэксту. Проста ведайце: Дом можа вас пусціць, а можа і не, але яго тысяча старонак таго вартыя.

2. Андрусь Горват «Радзіва Прудок»

Добрая кніжка не толькі для беларусаў з хранічным жаданнем кінуць усё і з’ехаць у вёску. Мне падчас чытання хочацца звяртаць увагу на маленькія паўсядзённыя рэчы: як салодка паветра пахне зямлёй пасля дажджу ці як верабейчыкі б’юцца за булку. Шчырая, лёгкая і вельмі свая кніга.

3. Эрленд Лу «Наивно. Супер»

Кніга, каб падлячыцца ад выгарання ці крызісу 25 гадоў. Малады чалавек месяц жыве адзін у кватэры брата, сябруе з суседскім дзетсадаўцам і стукае дзіцячым малаточкам, каб давесці думкі да ладу, пакуль спрабуе змірыцца з самім канцэптам часу. Салодкая, смешная і наіўная — супер.

4. тоні лашдэн «чорны лес»

Жудасная казка, партрэт Беларусі праз дэкаланіяльную лінзу, дыханне балота. У гэтай кніжцы зямля ажывае, каб заплакаць, заспакоіць ці забіць. Я хачу, каб у Беларусі было больш такіх жа самабытных і ўважлівых кніжак, густых і шчыльных, як вільготная глеба.

5. Мария Гулина «Летела белая птица»

Ты нібы не чытаеш, а п‘еш ваду, настолькі смачную і чыстую, што я праглынула кніжку за адзін дзень, які яна здолела выратаваць сваім светлым, мяккім стаўленнем да наваколля. Марыя Гуліна піша пра свае падарожжы з такой верай у сусвет, што тваё асабістае жыццё раптам пачынае гучаць як музыка.

6. Макс Фрай «Сказки старого Вильнюса»

Мамачкі, ізноў магічны рэалізм. Пасля такіх кніжак мой любімы горад анёлаў пачынае дыхаць па-новаму, сцены абрастаюць дрэвамі, людзі — коткамі, а па вуліцах пускаюць трамваі ў лепшае жыццё.

7. Marina Abramović «Walk through walls»

Цікава забрацца ў галаву чалавека, які абраў фізічны боль і эмацыйныя пакуты сваім галоўным інструментам творчасці. Пры чым тут каханне да мастака, халодныя бацькі-камуністы і Вялікая Кітайская сцяна — усё ў мемуарах неймавернай жанчыны, «бабулі перформансу».

🧷 Instagram «Экслібрыс»