5 кніг ад Рамана Цынгеля
Аўтар праекта «Что читаешь?», экс-кнігапрадавец кнігарняў «Сон Гоголя» і «Marks» Рома Цынгель дзеліцца 5 кнігамі пра падарожжы, шлях, камунікацыю, няіснае і прывіднае.
1. Эрве Гибер «Призрачный снимок»
Эрве Гібэр — мой улюбёны французскі пісьменнік, а таксама фатограф, журналіст і рэжысёр. «Прывідны здымак» — некалькі дзясяткаў кароткіх гісторый, у якіх Гібер успамінае фотаздымкі, якія ён калісьці рабіў ці якімі валодаў. Усё гэта напісана ў дзіўнай, паэтычна-драматычнай і крыху наіўнай манеры: «Вечером, когда я ложусь, я отодвигаюсь от края кровати, чтобы оставить место персонажам со снимков, и разговариваю с ними под одеялом…»
Так здарылася, што першую частку 20-га года я правёў у падарожжы, у тым ліку па Італіі, недалёка ад выспы Эльба, куды Гібер часта прыязджаў і дзе ён зараз пахаваны. Роўна ў гэты час я і прачытаў «здымак», а потым наведаў Эльбу. Кніга і яе аўтар самі зрабіліся для мяне «прывідным здымкам» таго бесклапотнага часу.
2. Lauren Elkin «No. 91/92: A Diary of a Year on the Bus»
Выгляд Парыжу і людзей вакол, запісаныя ў смартфон падчас паездак на двух аўтобусах на працягу аднаго года. Дзіўная праца, невыпадкова падобная да перэкаўскай «Спробы вычарпаць месца ў Парыжу». Элкін фіксуе не толькі складаную камунікацыю пасажыраў (аўтобусы цесныя ўсюды), але і раптоўнае сутыкненне з уласнай стратай, а таксама, разам з другімі парыжанамі, з трагічнымі падзеямі ў рэдакцыі Charlie Hebdo.
3. Derek Jarman «Smiling in Slow Motion»
Дзённікі брытанскага рэжысёра фіксуюць астатнія тры гады яго жыцця, творчасці і барацьбы са СНІДам. Падарожжа ў СССР, цяжкасці з фінансаваннем праектаў, новыя ідэі і спроба кіраваць імі ў нявызначанасці, сустрэчы з сябрамі і візіты да лекараў, і легендарны сад каля Хіжыны Перспектывы ў Данджэнэсе, знаёмы многім па «Сучаснай прыродзе». Гэтае чытанне цяжкае, яно не пра надзею, але ж апошнія словы ў дзённіку: «HB true love» (HB ці Hinney Beast — мянушка партнёра Дэрэка, Кіта Колінза).
4. Vesna Maric «The President Shop»
Калі я апынуўся на Балканах, то ведаў, што ёсць Андрыч, Павіч, Петравіч, Кіш, Ергавіч ды Угрэшыч, але хацелася знайсці новыя імёны. І вось Весна з яе The President Shop стала першым адкрыццём. Напісаная наўмысна без назваў краіны і гораду, без імя прэзідэнта, кніга распавядае гісторыю сям'і, якая апынулася на мяжы гістарычных зменаў. Гэтая кніга пра ўсё адразу: барацьбу пакаленняў, іронію (бацька здзімае пыл з залатога бюсту прэзідэнта), сталенне асобы і сталенне нацыі, фемінізм, магічны рэалізм і сучасную адысею, у якой героі, нарэшце абʼяднаўшыся праз усе супярэчнасці, разумеюць, што шлях да зменаў толькі пачынаецца.
5. «Airmail: The Letters of Robert Bly and Tomas Transtromer»
Калі мае сябры з'язджалі, я ведаў, што інтэрнэт-камунікацыя – не самая моцная мая здольнасць, а калі зʼехаў сам, даведаўся аб гэтым яшчэ раз. Таму я чытаю гэтую карэспандэнцыю як размовы, якія не адбыліся. Калі адкінуць маю субʼектыўнасць, то кніга не столькі пра лісты, колькі пра назіранне за думкамі аўтараў, якія перакладаюць вершы адзін аднаго, прыадчыняючы крыніцы сваіх твораў.