4 кнігі ад Віталя Рыжкова
Літаратар Віталь Рыжкоў — пра 4 кнігі беларускай літаратуры, якія пакінулі след.
1. Ева Вежнавец «Па што ідзеш, воўча?»
Белліту нярэдка закідваюць фразу-мем — нібы «усё пра вайну ці вёску». Лепшая, на маю думку, кніга апошніх гадоў — магутнае комба і таго, і другога. Кніга пераканаўча даводзіць, што творчая задума важнейшая за ўпадабанні крытыкаў школьнай праграмы. Сто гадоў беларускай адзіноты сам-насам з часам.
2. Андрэй Адамовіч «Дзень паэзіі, смерці дзень»
Непрычасаная, правакатыўная, лірычная і нечаканая паэзія. Кніга, якая з лёгкасцю перажыла паэтычныя трэнды свайго часу, бо адпачатку была метамясарубкай усёй інфармацыі, даступнай аўтару — ад пачуццяў да навінаў, ад паэтыкі і да палітыкі.
3. Ян Баршчэўскі «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях»
Важная класіка, якая дасюль адкрывае беларускі космас і беларусам, і нашым суседзям. Асабліва хочацца параіць у апошнім выданні ад выдавецтва «Папуры» — праз шыкоўныя ілюстрацыі Лізаветы Лянкевіч.
4. Ларыса Геніюш «Споведзь»
Наколькі не разумеў гэтую паэтку і паэтыку ў сваім юнацтве, нагэтулькі ж з радасцю адкрываў яе хараство для сябе ўжо ў дарослым узросце.
«Споведзь» — рэдкі для белліт звер. Непрыдуманая літаратура пра нязломнасць і адказнасць.
Актывістка, даследчыца, феміністка, арганізатарка сацыяльных мерапрыемстваў і праектаў Ксюша Малюкова — пра 7 важных для яе кніг.