August 5

12 кніг ад Сяргея Шупы

Фота: Віялета Саўчыц

Пісьменьнік, перакладчык Сяргей Шупа пра кнігі, пад уплывам якіх быў даўжэйшы час, а пасля некаторых проста доўга не мог нічога іншага чытаць.

1. Атлас мира для средней школы (1961)

Мая першая кніга, па якой я вучыўся чытаць, пісаць, маляваць і якая дагэтуль са мной — перадам яе як самую дарагую спадчыну ўнукам.

2. Эдгар По «Рассказы»

Захапіла ўсё — дух, стыль, напружанасць. Некалі браўся перакладаць, хацеў усё — але неяк жыццё склалася ў іншы бок.

3. «Библия. Старый завет»

Нейкае амерыканскае місіянерскае выданне Бібліі прывёз яшчэ ў 1930-х гадох дзядзькаў дзядзька, які працаваў краўцом у Нью-Ёрку. Кніга валялася ў вёсцы ў бабулі на шафе, і там я яе пачытваў. Калі ў старонкі пачалі загортваць яйкі — я яе рэквізаваў. Дагэтуль са мною. Новы запавет крыху зашкальвае па часці дэмагогіі, а стары ў самы раз. Сёе-тое перакладаў.

4. Уладзімер Караткевіч «Дзікае паляваньне караля Стаха»

Прачытаў позна — у малдоўскім будатрадзе пасля 1-га курсу, паміж зборам памідораў і піццём віна з брынзай. Вярнуўся адтуль кончаным нацыяналістам.

5. Boris Vian «L’écume des jours»

Ну мы самі моцна сэнтыментальныя будзем. Спрабаваў перакладаць — не пайшло! (Недзе ў рукапісе старонак 20...)

6. Friedebert Tuglas «Novellid»

Гэта было ў маёй эстонскай фазе. 14 навелаў, дэкаданс, ар нуво. Неяк рванула і доўга трымала. Дзве штукі з іх пераклаў, а хацелася б усе.

7. Lawrence Durrell «Alexandria Quartet»

Я ў гэтай кнізе жыву. Пераклад пачатку Юстыны — у НН 91-95. Першы асобнік камплекту прывёз Алік Максімюк з Рыму, дзе працаваў на адным клерыкальным радыё, а яму прывёз на замову з Амерыкі падрэ Робэрто (спецыфічны быў тып, я раз з ім па тэлефоне гаварыў...). Я забраў іх у Яна Максімюка з умовай, што перакладу. У мяне забрала дачка, сказала, што гэта яе.

8. Jorge Luis Borges «Ficciones»

Ах. Трохтомнік Борхеса барсэлонскага выдання — падарунак Язэпа Барэйкі, што толькі ўсугубляе.

9. Bohumil Hrabal «Obsluhoval jsem anglického krále»

Што тут скажаш…

10. Douglas Adams «The Hitchhiker’s Guide to the Galaxy»

А тут што...

11. Roberto Bolaño «2666»

Я я яго прачытаў усё, што ўдалося здабыць, але гэта было самае-самае.

12. Jonathan Littell «Les bienveilantes»

Мабыць самая моцная кніга, якую я за апошнія гады прачытаў. Дагэтуль сядзіць стрэмкай у сэрцы.

🧷 Instagram «Экслібрыс»