November 5, 2023

4 кнігі ад Ціхана Чарнякевіча

Ціхан Чарнякевіч, літаратар, галоўны рэдактар сайта bellit.info дзеліцца тэкстамі эстонскіх аўтараў.

«Беларускай літаратуры мне хапае з каптуром і па працы, у цэлым я недзе ў 15-30 кніг штомесяц угрызаюся — гэта паэзія і проза, гісторыя, нонфікшн, больш за сотню на год дакладна. Але ўсё часцей хочацца адпачыць ад беларускага парадку дня і чытаць тое, што пішуць у краінах Балтыі. Мяне заўсёды выбешвала сітуацыя з перакладамі эстонцаў, латышоў, літоўцаў. Абсалютна невядомая планета, якую спрабую цяпер зразумець, ці хаця б намаляваць нейкія кропкі, праз якія некалі буду праводзіць лініі. Як мінімум, усе гэтыя кнігі не сумныя, а некаторыя проста файныя. Літоўцаў стараюся чытаць па-літоўску, эстонцаў — пакуль што праз рускія пераклады, але паглядзім, можа, вывучу яшчэ і эстонскую».

1. Вяйна Ілус

Купіў у «Вянку» за два рублі, і там жа на лаўцы каля катамаранаў прачытаў добрую траціну кніжкі. Неяк так пачалася для мяне эстонская літаратура. Вось падлеткі з дзіцячага дома мусяць адбудоўваць разбураны сталінградскі дом. Да іх нікому няма справы, у тым ліку дырэктару. Інструментаў няма, ежы таксама. Руіны, валацужніцтва, каханне, голад, пры гэтым няма ніякіх немцаў побач, дый саветаў нягуста. А вось на эстонскай правінцыі ў дамок грукаецца бандзюган з завода, хоча купіць малака. А ў доме расце юначка-дачка, і сніць незабыўныя сны пра сваю талінскую гарадскую маладосць 1920-х яшчэ не старая маці, развязваюцца старыя вузлы і рассякаюцца новыя.

2. Юры Туулік

Бухі мужык чакае адпраўлення рэйсу, бо з вялікай зямлі на ягоны востраў нават ад Саарэмаа можна дабрацца толькі паромам. У каюце чамусьці стаіць дамавіна, і мужык чамусьці залазіць туды, каб адпачыць і заадно паслухаць, хто ж там памёр на востраве, дзе ён ведае ўсіх і ўсе ведаюць яго. Вальтанутая трагікамічная мрыеўшчына з эстонскіх архіпелагаў.

3. Эн Ветэмаа

«Палявы вызначальнік эстонскіх русалак» Ветэмаа даволі забаўна чытаецца і цяпер. Можа быць, злёгку старамодная іронія, якая часам ператвараецца ў мізагінічную, але падрабязная класіфікацыя тыпаў і падтыпаў русалак настолькі прадуманая і аўтар з такім захапленнем яе распрацоўвае, падаючы спісы літаратуры, навуковыя цытаты, сведчанні экспертаў і аматараў русалказнаўства, што свет эстонскіх русалак сапраўды пачынае жыць сваім жыццём у тваёй галаве. Зрэшты, апавяданне Мары Саат «Пячора» з гэтай жа анталогіі «Волшебнику абсолютная гарантия. Фантастика писателей Эстонии» мне падабаецца значна больш: фрэйдысцкая метафара, абсалютна неверагодна рэалізаваная ў самы адстойны і застойны савецкі час. Для тых, хто хоча пісаць кароткія навэлкі, абавязкова да прачытання.

4. Эрві Крустэн

Проста ідзе навальніца, змрочна, сумна, і мясцовы enfant terrible ў гарадскім паўзмроку спакушае жанчыну, якой страшна быць адной. Назаўтра яго забіраюць па даносе ў турму, але алібі ён вырашае не пацвярджаць, усё ж тую ноч ён правёў з жонкаю бургамістра. І гэта нямецкая акупацыя, Эстонія, безнадзейная вясёласць, непрытульнасць, і самыя розныя людзі — якія ва ўсім гэтым жывуць. Некаторыя паміраюць. Так нікога і не падставіўшы.

🧷Instagram «Экслібрыс»