October 24, 2023

8 кніг ад Веры Бакстэр

Філалаг:іня, перакладчы:ца, даследчы:ца французскай літаратуры, экс-супрацоўні:ца кніжнага праекта MARKS Вера Бакстэр дзеліцца найважнейшымі тэкстамі французскай літаратуры.

1. Michel de Montaigne «Les Essais»

Знаёмства з Мантэнем для кожна:й, як мне здаецца, — свой асабісты, надта асабісты, інтымны досвед, таму не буду шмат казаць. Скажу адно: «Вопыты» — найактуальнейшая кніга, адна з тых, якія яшчэ здольныя суцешыць у бязглуздай, нягоднай для жыцця рэальнасці апошніх гадоў.

2. Jean Racine «Phèdre»

Тая самая Федра, з якой асацыяваў сябе Пруст і якую, здаецца, так і не пабачыў Мандэльштам. Тэатр Расіна — «тэатр гвалту», як назваў яго Барт, але гвалту ніяк не фізічнага: тэатр, у якім на авансцэну выходзіць Мова ва ўсёй сваёй няшчаднай прыгажосці і вытанчаным вар’яцтве. Я не ведаю драматурга лепшага за Расіна.

3. Edmond et Jules de Goncourt «Germinie Lacerteux»

Прызабыты раман братоў Ганкураў пра тое, як дзяўчына з правінцыі прыехала ў Парыж, закахалася, запіла і памерла. За прымітыўнай фабулай, за масай крытычных прамоў пра сапраўдны дэмакратычны раман мы (то-бок мы ўсе як чытацкая супольнасць) нібыта адмаўляемся бачыць адзін з найцікавейшых эксперыментальных твораў еўрапейскай літаратуры, які шакуе сваёй бязлітаснасцю, і тут я не маю на ўвазе яго «чарнушнасць». Раман, прасякнуты смерцю, болем, экзістэнцыйным страхам і безнадзейнасцю. «Жэрміні Ласэртэ» заваражыла мяне; гэта самая эмацыйна напружаная кніга з майго чытацкага досведу, якую я раю ўсім, хто даўно не перажываў катарсіс ад літаратурнага твору.

4. Joris-Karl Huysmans, «À rebours»

Найважнейшая кніга ў маім жыцці.

5. Stéphane Mallarmé, «Divagations»

Чытаць Малармэ, сачыць за няўлоўным хараством яго паэтычных divagations — чыстая «асалода ад тэксту». Рызыкну дапусціць: Малармэ — найзначнейшая постаць французскай паэзіі, нават больш значная за Бадлера (спрэчна) і Апалінэра (бясспрэчна). Я ўпэўнен:ая, што без абвешчанага ім «крызіса верша» было б немагчымае ХХ стагоддзе ані ў літаратуры, ані ў мастацтве наогул.

6. Anatole France, «L'île des pingouins»

Франс у маёй свядомасці звязваецца з усім тым, што звычайна асацыюецца з, як ні іранічна, Францыяй, з тым, што завуць «esprit gaulois» — вальнадумная дасціпнасць, змяшаная са здольнасцю пранікліва бачыць свет як ён ёсць. «Востраў пінгвінаў» — гэта гісторыя чалавецтва, і ў яе напісанні, калі не перапісванні, Франс пераходзіць ад скептычнай, але ўсё ж дабрадушнай усмешкі да крыку роспачы. Цяжкая, страшная, макабрычна смешная, неабходная для прачытання кніга.

7. Marcel Proust «Contre Sainte-Beuve»

З усёй спадчыны Пруста мне хацелася б звярнуць увагу на невялікае эсэ, апублікаванае толькі 32 гады пасля яго смерці. Здаецца, менавіта ў «Супраць Сэнт-Бёва» Пруст навучыў мяне, што «літаратура — гэта не размова»; менавіта Пруст адкрыў для мяне, што такое літаратура, што значыць пісаць і — за гэта я шаную яго больш за ўсё — што значыць чытаць.

8. Marguerite Duras «Les petits chevaux de Tarquinia»

Дзюрас зачаравала мяне яшчэ на першым курсе, калі настаўніца французскай паказала відэа «France Culture» з яе ўдзелам. Там пісьменніца скардзілася, што яблыкі, прывезеныя ейнай маці ў Індакітай з Францыі, нельга было праглынуць. Прайшло чатыры гады, але ўвесь гэты час Дзюрас для мяне — не толькі непасціжны аб’ект акадэмічнай дзейнасці, але і натхняльны прыклад творчай незалежнасці, нават дзёрзкасці, парадаксальнага імкнення да пісьма і адначасовага жадання яго спыніць, знішчыць. Яе «Конікі Тарквініі» — кніга, якая метадычна пазбаўляе сама сябе сюжэту, персанажаў, прасторы, часу. Адзінае, што застаецца — проразь, праз якую ў тэкст (і ва ўвесь свет, бо нехта, здаецца, казаў, што il n’y a pas de hors-texte) прасочваецца Нішто. Прачытаўшы «Конікаў» некалькі разоў запар, я больш не ведаю, як можна пісаць інакш; калі сёння і ёсць сэнс нешта пісаць, то мне хацелася б пісаць, як Дзюрас.

🧷Instagram «Экслібрыс»