September 10, 2023

5 кніг ад блогеркі Лізы Ветравай

Інфлюенсерка, блогерка, праектная мэнаджэрка грамадскай ініцыятывы «Годна» Лізавета Ветрава рэкамендуе кнігі пра боль, калектыўную траўму, савецкае і рэпрэсіўнае.

1. Вацлаў Ластоўскі «Лабірынты»

Першая гістарычна-фантастычная аповесць у беларускай літаратуры заслугоўвае ўвагі. Файны сюжэт, нечаканы фінал, родная зямля. Мне складана не спойлерыць, бо падаецца, калі акрэслю сюжэт, сапсую першае ўражанне. Таму проста адзначу, што мяне вельмі ўразіла гэтая аповесць.

2. Францішак Аляхновіч «У капцюрох ГПУ»

Вельмі пужаюць і ўражваюць перасячэнні з сучаснасцю ў Беларусі, а таксама адчуваецца любоў аўтара да радзімы. Я б унесла гэтую кнігу ў школьную праграму, каб памылкі гісторыі не паўтараліся па колу.

3. Ларыса Геніюш «Споведзь»

Балючы расповед, псіхалагічна складаны, але варты таго. Шчырая гісторы пра тое, як паэтка перажывала сталінскія рэпрэсіі і лагер. Шмат у якіх думках я пазнавала сябе. Таксама вельмі балюча разумець, што ў Беларусі ізноў усё тая ж гісторыя з рэпрэсіямі.

4. Уладзімір Караткевіч «Хрыстос прызямліўся ў Гародні»

Адзін з любімых раманаў Уладзіміра Сямёнавіча, гісторыя пра станаўленне чалавека. Мне зноўку хочацца праспойлерыць сюжэт і напісаць чым скончыцца, таму напішу так: гэта гісторыя пра простага чалавека Юрася, які ў 16-м стагоддзі ў Гародні выдае сябе за Хрыста, але ўсё не так проста, бо з цягам часу ён і сам пачынае ў гэта верыць.

5. Святлана Алексіевіч «Час сэканд-хэнд»

Я не жыла ў савецкі час, не памятаю 90-я, бо нарадзілася ўжо ў незалежнай Беларусі. Але ад гісторый людзей у мяне валасы падымаліся дыбам, асабліва разумеючы, што гэты час даўно прайшоў, а яго адгалоскі ўсё яшчэ псуюць нам жыццё. Верагодна, гэта не тая кніга пра якую я магу сказаць: «Вельмі спадабалася». Гэта тая кніга пра якую я магу сказаць: «Уразіла, капец».

🧷Instagram «Экслібрыс»