3 кнігі ад калумністкі Вікі Біран
Праектная менеджарка ў НДА, даследчыца, калумністка Віка Біран раіць кнігі, якія ляжаць побач з яе ложкам.
«Я чытаю іх па чарзе ў залежнасці ад мовы, якой цяпер хочацца, і сюжэтаў, да якіх ляжыць душа. Ад усіх іх ёсць адчуванне, што яны нешта павінны ўва мне змяніць. Чытаю я павольна, з перапынкамі. Ад былых хуткасцяў чытання пасля 2020-га і следу не засталося. Але пакрысе, на расе…», — кажа Віка.
1. Olga Tokarczuk «Empuzjon»
Не апошняя, я спадзяюся, але крайняя кнігі польскай пісьменніцы, што мае Нобелеўскую прэмію і знаходзіцца ў кампаніі з Алексіевіч, Мюлер і іншымі. Здаецца, польскую мову можна вучыць толькі дзеля таго, каб атрымліваць асалоду ад чытання яе ў арыгінале. Дзея ў кніжцы адбываецца ў нейкім лясным пансіёне, дзе група людзей спрабуе палепшыць сваё здароўе, а паралельна вымушана разбірацца з загадкавымі забойствамі. Ну і я з імі разбіраюся.
2. Saša Stanišić «Herkunft»
Нашумелая аўтабіяграфічная кніга з нямецкамоўнай прасторы. Яе падарыў мой былы калега, аўстрыец, з каментаром пра тое, што яна напісана адносна простай мовай і што я, верагодна, змагу яе дачытаць. Спадзяюся, што і сапраўды змагу. Саша ў чатырнаццацігадовым узросце прыехаў у Нямеччыну з Югаславіі і на свае вочы пабачыў шмат рознага, чаго не трэба было б бачыць дзіцяці. Ён з цяплом узгадвае сваіх родзічаў, мясціны, знаёмых тых часоў — і троху апісвае сваё цяперашняе. Як гэта адчуваецца — нарадзіцца і жыць у краіне, якой больш не існуе? Што значыць пытанне мовы (моваў!) для мігранта? Саша ведае. Магчыма, і мы хутка будзем.
3. Julia Cameron «The Right to Write: An Invitation and Initiation into the Writing Life (Artist's Way)»
Юлія Кэмеран — гэта тая самая, хто напісала раней «The artist’s way» і прасоўвае ідэю «morning pages» (ранішніх старонак). Ці ўжо ўсе вашыя знаёмыя прайшлі праз гэты этап? Я шукала нейкую падтрымку ў сваім памкненні пісаць калонкі — майго ўлюбёнага на сённяшні момант журналісцкага жанру. Юлія не робіць вакол пісьменніцтва нейкім шаманскіх размахванняў рукамі, але кажа пра задавальненне, патрэбу і працу, якія суправаджаюць гэты працэс. Кожная частка мае адпаведную назву і суправаджаецца варыянтам пісьменніцкага практыкавання. Напісана з клопатам — мне падабаецца, калі так.