September 23

7 кніг ад Вікты Трыфанавай

Літаратарка, аматарка лёгкага чытання і прыгожых кніжак Вікторыя Трыфанава пра 7 важных кніжак.

1. Мария Гулина «Летела белая птица»

Чуллівы аповед пра вандроўкі і маладосць — кніжка, ідэальная для чытання ў любы сезон. Акрамя гарадскіх і турыстычных ландшафтаў яна прапануе чытачу паглыбіцца ў свядомую экалогію, і дае шмат месца роздумам пра ўзаемадзеянне чалавека і прыроды.

2 і 3. Selva Almada «Dead Girls», «Not a River»

Сэльва Альмада — журналістка і пісьменніца з Аргентыны. Яе творчасць стала для мяне сапраўдным адкрыццём сёлета.

У кнізе Dead Girls яна робіць уласнае даследаванне трох учынкаў феміцыду ў Аргентыне 80-х, надаючы голас ахвярам, за чыі смерці ніхто не быў пакараны.

Not a River — мастацкая кніга, прасякнутая недаверам да чалавечай памяці, шматгалоссем і жалем.

4. Дмитрий Строцев «Туда и обратно»

Кніжка змяшчае крытычныя артыкулы, інтэрв’ю пра творчасць і эсэ Строцава пра сучаснікаў і супольнасць ў 80-х і нулявых. Эсэ знаёмяць чытача з Кімам Хадзеевым, Міхалам Анемпадыставым, Аляксеем Жданавым, Веніамінам Блажэнным, з часам смешнымі, часам сумнымі дробязямі з жыцця людзей. Важнай для мяне з’яўляецца пяшчотная оптыка, праз якую аўтар распавядае пра сваіх знаёмых і сяброў — паказчык чалавечнасці і непрадузятасці.

5. Ольга Маркитантова «Свистящий алфавит»

За творчасцю Вольгі Маркітантавай я пачала сачыць у Фэйсбуку, калі адрыла для сябе паэзію «Менскай школы». Мне падаецца, гэтая кніжка заслугоўвае ўважлівага чытача, які адгукнецца і напіша нешта пра «контролируемое поэтическое безумие в образах теневой стороны городской повседневности». Гэта алфавіт пра досвед чытання, які нельга прыспешваць — абмінуўшы слова ці вобраз, можна трапіць у пастку, а з паэзіяй так і трэба!

6. Сяргій Жадан «Вершы»

Адна з маіх першых кніжак серыі «Паэты планеты», і закладка ў ёй — аўтобусны квіток, прабіты ў 2019. Зборнік змяшчае вершы Жадана 2001-2018 гадоў, перакладзеныя на беларускую мову Андрэем Хадановічам. Калі мне робіцца зусім ніякавата, я перачытваю Жадана і ўяўляю, што гуляю па Вяснянцы, за вакном — 2019, і я яшчэ ніколі не пісала вершаў па-беларуску.

7. «Карані/Лісце»

Зборнік дэкаланіяльных тэкстаў, якія былі зробленыя падчас фемінісцкай лабараторыі пісьма архіву «Расцяжэнне» і зіна «Фігуры». Тэкст, засяроджаныя на тэмах мовы, сямейнай памяці і дэкаланіяльнасці, робяць унёсак у дыскусіі пра мінулае, сучаснае і будучыню Беларусі. Кажуць, у зборніку можна знайсці і мой тэкст.

🧷Instagram «Экслібрыс»