6 кніг ад літаратара Змітра Вішнёва
Літаратар, адзін з заснавальнікаў выдавецтва «Галіяфы» Зміцер Вішнёў раіць кнігі пра Александрпляц, беларускую паэтычную рэвалюцыю і даследаванне савецкай спадчыны.
1. «Бум-Бам-Літ: анталогія беларускай паэтычнай рэвалюцыі»
Кніга выйшла па-беларуску і па-ўкраінску ў 2021 годзе ў кіеўскім выдавецтве «Люта Справа». Для мяне відавочна, што ўкладальнік кнігі Вячаслаў Лявіцкі зрабіў тытанічную працу. Каштоўнасць гэтай анталогіі, акрамя іншага, у тым, што падобнага выдання ў бумбамлітаўцаў не было раней.
У кнігу ўвайшлі творы васямнаццаці беларускіх аўтараў (сярод іх — Валянцін Акудовіч, Юрась Барысевіч, Альгерд Бахарэвіч, Міхась Башура, Лявон Вольскі, Віктар Жыбуль, Серж Мінскевіч і іншыя). Над анталогіяй працавалі шаснаццаць перакладчыкаў. Прадмову напісаў Сяргей Жадан.
Укладальнік анталогіі паэт і перакладчык Вячаслаў Лявіцкі яшчэ і напісаў для кнігі грунтоўную паслямову.
2. Аляксей Кручоных «Кукиш прошлякам»
Аляксей Кручоных — любімы паэт Казіміра Малевіча. «Кукиш прошлякам» — гэта рэпрынтнае выданне, якое ўтрымлівае тры зборнікі Кручоных 1922-1923 гг. Як мне думаецца, гэта вельмі важная кніга для маладых паэтаў, каб зразумець, як працуе слова. Выданне змяшчае цудоўную прадмову Генадзя Айгі, які ў вельмі простай і даступнай форме тлумачыць месца тэарэтыка і паэта Аляксея Кручоных у кантэксце сусветнай літаратуры.
3. Нэлі Верамей «Der Alexanderplatz»
Якім быў Аляксандрпляц для Нэлі Верамей, калі яна прыехала ў Берлін у 1990-я гады? Аўтарка апынулася на непрыветнай пустцы, акружанай «каробкавымі» дамамі, стыль якіх ёй быў знаёмы яшчэ з часоў Савецкага Саюза.
Пры прачытанні кнігі згадваецца знакаміты раман Альфрэда Дзёбліна «Берлін, Аляксандрпляц. Аповесць пра Франца Біберкопфа». Гісторыя гэтай плошчы вельмі неадназначная. Аляксандрпляц — сейсмограф сацыяльных змен, каменны фон для чалавечых надзей і расчараванняў.
4. «(Не)расстраляныя»
Кніга з’явілася дзякуючы руплівай працы ўкладальнікаў — менеджэра культуры Сяргея Будкіна і навукоўца і паэта Віктара Жыбуля. У зборніку аналізуецца творчасць расстраляных беларускіх дзеячаў. Гэта вельмі важная кніга для таго, каб зразумець, што мы згубілі і недаатрымалі. У зборніку — шмат твораў, якія паказваюць магутны патэнцыял аўтараў.
5. Малькольм Брэдберы «Профессор Криминале»
Кніга пра літаратурныя тусоўкі і пра вандроўкі 1990-х. Раман спадабаецца асабліва тым, хто любіць перамываць косткі сваім калегам. Шмат гумару і сарказму. Заблытаны сюжэт не дасць часу расслабіцца. Зрэшты, твор прысвечаны вечным тэмам — любові і нянавісці. Прафесар Крымінале сядзіць у кожным з нас.
6. Вікторыя Ламаска «Die letzte sowjetische Künstlerin»
«Die letzte sowjetische Künstlerin» — гэта кніга тэкстаў і рэпартажнай графікі расейскай мастачкі Вікторыі Ламаска. Аўтарка падарожнічала па Арменіі, Грузіі і Кыргызстану, Дагестане і Інгушэціі, у Беларусі і Расеі, дзе займалася даследаваннем савецкай спадчыны. Ёсць і вялікі раздзел, прысвечаны Менску 2020-га года. Вельмі рэкамендую. Для мяне гэта асабістае адкрыццё года.