7 кніг ад Вольгі Палевіковай
Рэдактарка, сцэнарыстка, аўтарка і менеджерка Вольга Палевікова рэкамендуе кнігі, дзеянне якіх адбываецца ў Інданэзіі, на Палессі, у СССР, Індыі і Ракаве.
1. Рышард Капусцінскі «Імперыя»
Зборнік эсэ пра СССР, напісаны за дзесяцігоддзі паездак па ўсёй імперыі «хросным бацькам» польскага рэпартажу родам з Пінску. Дзякуючы яму, я ўпершыню задумалася аб гэтым перыядзе гісторыі як аб каланіяльным. З гэтай кнігі пачалося маё захапленне рэпартажнай літаратурай, за што я ўдзячная і Рышарду, і сябру, які даў кнігу пачытаць са словамі «табе спадабаецца».
2. Сяргей Жадан «Варашылаўград»
Гэта вельмі харызматычная кніга. За год я прачытала яе і па-руску, і па-ўкраінску, і па-беларуску. Гісторыя пра Германа, які едзе ў Луганск разбірацца з бензакалонкай, якая раптам дасталася яму ад брата. А па сутнасці, ён адпраўляецца разбірацца са сваім мінулым — ну і з сучаснасцю ў выглядзе рэйдэраў. Такі славянскі магічны рэалізм, весела і горка адначасова.
3. Сяргей Пясецкі «Каханак Вялікай Мядзведзіцы»
Я вырасла на гісторыях пра прыгоды ў далёкіх краінах, і для мяне гэтая кніга знакавая таму, што гэта непрыдуманыя гісторыі прыгод на роднай зямлі. Дзённік жыцця кантрабандыста на польска-савецкай мяжы, калі Ракаў быў эгегей.
4. Арундаці Рой «Бог дробязяў»
Дэбютны раман індыйскай пісьменніцы, які я прачытала выпадкова і палюбіла безумоўна. За стыль, за атмасферу, за цудоўны і ясны жаночы голас, якім я не пераставала любавацца. Сямейная сага і гісторыя немагчымага кахання на фоне складанага палітычнага кантэксту штата Керала.
5. Charles Bukowski «War all the time»
Першую кнігу яго вершаў мне падарыла прыяцелька, і я нарэшце зразумела, чаму ён такі папулярны. Пераклады прозы на рускую да гэтага мяне пакідалі ў здзіўленні. А тут я ўсё зразумела з першай старонкі: надзвычай прамалінейная англійская, пры гэтым паэтычная і кінематаграфічная. Прыклад таго, як глыбіню можна перадаць простымі словамі.
6. Lawrence Blair «Ring of Fire: an Indonesian odyssey»
Фантастычная кніга, якую я выпадкова ўбачыла ў кніжным на Балі. Падчас падарожжаў люблю знаходзіць кнігі-праваднікі, і гэта адна з іх. Напачатку 70-х два браты-авантурысты адправіліся здымаць Інданезію на стыку часоў. «Краіну жывых каралёў і каралеў, драконаў і піратаў, канібалаў і паляўнічых за галовамі, містыкаў і чараўнікоў». Без плана, грошай, ведання інданезійскай і з цяжкімі стужкавымі камерамі. Глыбока, з вялікай любоўю да краіны ды з іранічным брытанскім гумарам.
7. Малгажата Шэйнэрт «Насыпаць горы»
Падрабязнае апісанне Палесся, гістарычнага і сучаснага, ад польскай журналісткі, якая шмат гадоў цікавілася гэтым рэгіёнам. Мікс рэпартажаў і гістарычных даведак, дзякуючы каторым смутна знаёмыя персанажы ператвараюцца ў герояў серыяла на «Нэтфлікс». Часамі чытаю нібы як пра Інданезію і натхняюся тым, што надзвычай цікавае знаходзіцца проста тут, пад носам. Трэба толькі ўмець глядзець.