6 кніг ад Ягора Хаванскага
Журналіст, стваральнік інтэрнэт-праектаў Ягор Хаванскі дзеліцца кнігамі пра Горад Сонца, падзенне Берлінскай сцяны і палескую вёску.
1. Сергій Жадан «Депеш Мод»
Зрэз некалькіх дзён страчанага пакалення ў віры 90-х з мутнымі амерыканскімі прапаведнікамі, крымінальнымі схемамі і алкагольна-наркатычным туманам. Я і маё дзяцінства з юнацтвам зусім не падобныя да прыгод герояў кнігі, але мне здаецца, я іх разумею. І недзе нават суперажываю. У той жа час, нягледзячы на ўвесь абсурд падзей, канец у кнігі вельмі глыбокі і філасофскі. І так, пра англійскі гурт у кнізе амаль нічога няма.
2. Андрэй Горват «Радыё Прудок»
Я не памятаю, гэта быў першы раз, калі я чытаў «Прудок», другі ці трэці, але справа была ў вёсцы. На дварэ ляжала гара дроваў, якія я штодня біў. І віртуальная сувязь з кніжным Горватам была настолькі, на мой погляд, блізкай, што я раптам вырашыў, што я таксама хачу жыць у дзядоўскім доме і штодня біць дровы, збіраць маліны і вырошчваць пахучую зеляніну. Але, дзякуй богу, такімі аказаліся летуценныя мары. Я б у вёсцы памёр ад суму. Але Горвата менш за гэта любіць не стану.
3. Саша Филипенко «Красный Крест»
Я не з тых людзей, хто шануе Філіпенку за «Бывшего сына». Пасля падзей 2020-га я перачытаў дэбютны раман пісьменніка, бо ў першы раз мне не зайшло. На другі раз не зайшло яшчэ мацней, хаця пра густы звычайна не спрачаюцца. Мне падабаецца філіпенкава позняя творчасць — мне здаецца, што ён знайшоў свой стыль. Сюжэтам і развязкай «Красного креста» я быў проста прыбіты – кніга невялікая, я чытаў яе хутка і жадаў яе прачытаць да канца літаральна за дзень. Але нібыта праглынуў вялікі кавалак марожанага і замёрз знутры. Ад літаратуры ў мяне такое здараецца рэдка.
4. Мэри Элиз Саротт «Коллапс. Случайное падение Берлинской стены»
Мяне курчыць у кантэксце беларускіх падзей і вайны ва Украіне фраза «Як такое магчыма ў 21 стагоддзі». Я адразу згадваю, што яшчэ 35 гадоў таму палова еўрапейскага мегаполіса, які нікога не пакідае абыякавым і дзе ўсім падабаецца, была агароджаная сцяной, а перабежчыкаў расстрэльвалі. У маёй галаве дагэтуль гэта не ўклалася.
Амерыканская пісьменніца-гісторык расказвае перадгісторыю і развіццё падзей, якія прывялі да падзення Берлінскай сцяны. І якая роля ў гэтых падзеях нечаканых выпадковасцей. Спойлер: даволі вялікая, што мяне як беларуса вельмі цешыць.
5. Курт Вонэгут «Бойня нумар пяць, або Крыжовы паход дзетак»
Мы амаль два гады жывем ва ўмовах вайны, і я часам задумваюся, ці ёсць хоць адзін ваенны некралог, у якім чалавек загінуў не гераічна, не робячы подзвігаў, не абараняючы сваім целам пабрацімаў, ну і таму падобнае.
Курт Вонэгут — адзін з нешатлікіх выжылых пасля бамбардзіроўкі Дрэздэна. Амерыканцы і брытанцы бамбілі горад, забіваючы ўсё жывое, у тым ліку тысячы палонных суайчыннікаў. Якія напэўна таксама загінулі гераічна, хоць і абсалютна недарэчна.
Можна сказаць, што раман Вонэгута трэба чытаць усім. Але ці здолеюць людзі яго зразумець. Каб нарэшце перастаць ваяваць. У мяне ёсць сумневы. So it goes.
6. Артур Клінаў «Малая падарожная кніжка па Горадзе СОНца»
У 2019 годзе я трапіў на экскурсію па Мінску, якую ладзіў Артур Клінаў, амаль нічога не ведаючы пра існаванне кнігі і ідэй аўтара. Я люблю канцэптуальныя рэчы, у выніку Мінск — Горад Сонца мяне пазбавіў на некаторы час спакою.
Доўгі час клінаўскі канцэпт жыў у маёй памяці хутчэй як архітэктурна-мастацкая задума, пакуль амаль праз пяць год мне пашчасціла знайсці ягоную кнігу. Якая адгукнулася ўва мне падабенствам адчуванняў аўтара і маіх асабістых.
Я не мінчук, у адрозненне ад Клінава. Але тая мінская візітовачная этыкетка: праспекты, ампір і плошчы, — аднолькава далёкія нам абодвум. Аўтар вельмі цёпла расказвае пра раёны свайго дзяцінства і юнацтва, а пра Горад Сонца — з паважлівай дыстанцыяй. Бо гэта не месца для жыцця, а хутчэй музейны экспанат ці недапісаная карціна.