7 кніг ад філалагіні Юлі Перапечкі
Філалагіня, былая супрацоўніца кнігарняў «Вілка», «Сон Гогаля» і «Маркс» Юля Перапечка расказвае пра сем важных кніг.
1. Адания Шибли «Незначительная деталь»
Гэтую кнігу я прачытала два гады таму. Памятаю, што яна не вельмі спадабалася мне ў мастацкім плане, але перавярнула мае ўяўленні пра ізраільска-палестынскі канфлікт і прымусіла разбірацца ў яго складанасцях. Таму мне прыкра, што на апошнім Франкфуртскім кніжным кірмашы ў лістападзе Аданію Шыблі пазбавілі ўзнагароды за тое, што яна палестынка, такім чынам быццам адмаўляючы палестынцам у праве таксама быць пачутымі.
2. Ласло Краснахоркаи «Меланхолия сопротивления»
Кніга аб тым, як у звычайнае ўладкаванае жыццё зніадкуль прыходзяць хаос, разбурэнне і вар'яцтва. Не ведаю, чаму Краснахаркаі яшчэ не атрымаў Нобелеўку, ужо некалькі год запар гэта мой галоўны кандыдат. А яшчэ ў гэтай кнігі, на мой погляд, лепшая ў свеце экранізацыя, таму, калі вы яшчэ не глядзелі «Гармоніі Веркмейстэра», горача раю.
3. Герта Мюллер «Сердце-зверь»
«Пытаться выразить словами то, что у тебя на сердце, все равно как втаптывать траву в землю. Но и молчать не легче».
Я вельмі люблю творы Герты Мюлер за жорсткія і нечаканыя вобразы. У яе выдатна атрымліваецца перадаваць пануючы страх як нешта звычайна-паўсядзённае. Моцная кніга аб тым, як жыць у краіне дыктатара Чаўшэску і яго ахоўнікаў, памятаць, што твой бацька — эсэсавец, назіраць, як людзі вакол з'язджаюць з глузду, фатаграфаваць аўтобусы з палітзняволенымі, марыць збегчы — і, нарэшце, спрабаваць вымавіць усё гэта словамі.
4. Юрга Виле, Лина Итагаки «Сибирские хайку»
Пранізлівы графічны раман пра літоўскія сем'і, дэпартаваныя савецкай уладай на пасяленне ў Сібір. Гэта вельмі сумная, але наскрозь светлая і прасякнутая надзеяй кніга. Цяжкая дарога, невыносныя ўмовы жыцця, голад, вошы, страх і смерць — у вачах хлопчыка Альгіса ўсё ператвараецца ў падарожжа і прыгоды. І нават памерлыя застаюцца на старонках напаўпразрыстымі і працягваюць дапамагаць жывым.
«Папа учил нас замечать чудеса мира, поддерживать друг друга. И мы стараемся: организуем хор «Яблоки», учимся играть на музыкальных инструментах и даже влюбляемся. И не перестаём надеяться на возвращение домой».
5. Ágota Kristóf «L'analphabète»
Пра гэтую маленькую кніжку, якая мяне моцна ўразіла, я ўжо падрабязней распавядала для @figury.zine, але не магу выключыць яе з гэтага спіса. Калі Агоце было 20 год, у Вугоршчыну прыйшло савецкае войска, каб «вызваліць» вугорскі народ ад «фашистского мятежа» (ад думак пра нацыянальную годнасць, канешне). Многія вугорцы, рызыкуючы жыццём, спрабавалі збегчы за мяжу. Так аўтарка апынулася ў Швейцарыі. Крыху больш за 50 старонак, на якіх Агота Крыштаф змясціла амаль усё сваё жыццё і сваю вялікую страту — Радзімы і мовы.
6. Оксана Васякина «Роза»
Гэта апошні раман, але насамрэч я раю ўсе яе творы. Я не ведаю, у чым магія. Можа, у тым, што Аксана піша свае тэксты як дыхае, і таму я іх чытаю як дыхаю. Хаця я няшмат ведаю людзей, якія дачыталі яе першы раман «Рана», напрыклад. Кажуць, што цяжка і балюча. Ці, як тлумачыў нам у кнігарні адзін чытач: «Гэта быццам жанчына ў электрычцы села побач і расказвае сваё жыццё, хаця ты і не прасіў». Ну мабыць, але як расказвае!
7. Анна Болава «Во тьму»
Дзяўчына жыве ў чэшскім мястэчку, ездзіць на ровары, збірае зёлкі, сушыць іх і здае ў нарыхтовачны пункт. Усё яе жыццё падпарадкоўваецца часу квітнення і збору, гэта такі бясконцы рытуал з года ў год. Крыху адзіноцтва, крыху прыгажосці, крыху болю, крыху чэшскай містыкі. Простая кніга, але так зацягвае ў свой вір, што пачынаеш фізічна адчуваць і пахі зёлак, і парэз на руцэ, і невыносны цяжар валасоў.