5 кніг ад Юліі Цвятковай
Мастачка Юлія Цвяткова дзеліцца кнігам пра (не)вяртанне, любоў і кіно.
1. Jonas Mekas «I had nowhere to go»
Дзённік аднаго з маіх улюбёных рэжысёраў. Ахоплівае перыяд ад часоў Другой сусветнай вайны: прымусовая праца ў лагеры, вандроўкі па пасляваеннай Германіі і паступовае разуменне, што вяртанне на радзіму — у Літву — ужо немагчыма. Потым — пераезд у ЗША, набыццё сваёй першай камеры і поўнае пагружэнне ў свет авангарднага кіно.
2. Wisława Szymborska «Poems new and collected»
Маё нядаўняе адкрыццё — польская паэтка і лаўрэатка Нобелеўскай прэміі. Яе творы — гэта тонкі гумар і словы, якія надоўга застаюцца з табой. Часта лаўлю сябе на думцы: як жа хацелася б сябраваць з ёй.
3. Chantal Akerman «My Mother Laughs»
Кніга бельгійскай рэжысёркі Шанталь Акерман. У ёй апісваецца апошні год жыцця яе маці і паралельна — перыяд працы над апошнімі фільмамі. Гэта шчырая, эмацыйная, балючая гісторыя, напоўненая любоўю. Пастаянны пошук, напружанасць і глыбока асабістая сямейная гісторыя.
4. Ursula K. Le Guin «The Carrier Bag Theory of Fiction»
Эсэ для тых, хто распавядае — або хоча распавядаць — гісторыі. Для тых, хто шукае новы спосаб аповеду і новыя шляхі збору гісторыяў.
5. Virginia Woolf «Mrs Dalloway»
Любоў, што пачалася яшчэ ў падлеткавым узросце. Калі я ўпершыню трапіла ў плынь свядомасці Вірджыніі Вулф — гэта было як выбух. Такі тэкст захапляе, пранікае ўнутр, не адпускае. Гэта — прыгажосць. Гэта хочацца чытаць зноў, і зноў, і зноў.