April 6, 2023

5 кніг ад архітэктара Дзмітрыя Задорына

Архітэктар, аўтар кнігі «Architectural Guide Minsk» Дзмітрый Задорын рэкамендуе кнігі пра савецкае жытло, рускі каланіялізм, менскі феномен і шматпавярховікі.

1. Stephen Harris «Communism on Tomorrow Street»

За апошнія 25 гадоў напісана шмат цікавай літаратуры пра савецкае жытло. Кніга Стывена Харыса — мая любімая на гэтую тэму. Харыс займальна распавядае пра жыллёвую палітыку ў СССР як працяг спробы вырашыць «жыллёвае пытанне» у Еўропе ў 19-м стагоддзі. Архітэктуры жылля як такой прысвечаная толькі адна частка. Дзве траціны кнігі — пра размеркаванне кватэр і пра тое, як савецкія людзі прызвычайваліся да жыцця ў ёй. І прызвычаіліся.

2. Alexander Etkind «Internal Colonization: Russia's Imperial Experience»

Гэтая кніга пра адмысловы від каланіялізму — рускі, пабудаваны на пераварванні прылеглых, а не заморскіх тэрыторый. Часам руская культура сутыкалася з культурамі больш высокаразвітымі, як пры раздзелах Польшчы. Запомніўся фрагмент, як пасля захопу Кёнігсберга ў 1762 годзе, жыхары горада — сярод іх і Імануіл Кант — падпарадкоўваліся акупантам, але ганарліва ненавідзелі іх «сваім асаблівым ціхім спосабам». Добра было б і нам засвоіць гэты навык.

3. Владимир Паперный «Культура Два»

З гэтай кнігай я пазнаёміўся гадоў дваццаць таму — менавіта яна стала адпраўной кропкай у маім захапленні савецкай архітэктурай. Метадалагічная мадэль працы простая, калі не прымітыўная — чаргаванне станаў (або «культур») у рускай гісторыі. Адна культура імкнецца наперад, другая цягне назад. Але нягледзячы на гэты недахоп, ці дзякуючы яму, я па-ранейшаму лічу гэтую кнігу найлепшым спосабам пазнаёміцца з савецкай архітэктурай. Яна як бы вучыць «свайпіць»: гэта добра, прагрэсіўна, а вось гэта — кепска.

4. J. G. Ballard «High-Rise: A Novel»

Раман Баларда — адзіны прадстаўнік мастацкай літаратуры ў гэтым кароткім спісе. Гэтая кніга пра тое, як жыццё ў шматпавярховіках, якое забяспечвае зацішак і «усе выгады», паглынаецца разрухай. Усяго за некалькі месяцаў людзі ператвараюцца ў звяроў. Кніга выдатна адлюстроўвае непрыязнасць, калі не нянавісць, распаленую да шматпавярховай забудовы ў сямідзясятыя ў Англіі. Мы гэты этап прапусцілі, і, здавалася б, прызвычаіліся так жыць без здзічэння. Але вось ужо год я так болей не думаю.

5. Томас Бон «Мінскі феномен»

У спісе мае быць хаця б адна кніга пра Мінск. Праца Бона распавядае пра першыя два дзесяцігоддзі пасляваеннай урбанізацыі горада. Кніга ўнікальная ў сваёй скрупулёзнасці. Можна сказаць, што Бон быў першым, каму савецкі Мінск стаў цікавы як вучонаму-гісторыку — з яго пачынаюцца запісы ў бланку замоў мноства спраў у беларускіх архівах. Мінск, які ён апісвае — пакрыты тканінай нелегальных паселішчаў — зусім ужо не падобны на ўзорны савецкі горад, які я памятаю ў дзяцінстве. Але паміж імі існавала пераемнасць. Але апошнія два з паловай гады ўсё парвалі. Цяпер гэта асобныя эпізоды з мінулага, гэтак жа як і сучаснасць.

🧷Instagram «Экслібрыс»