November 7, 2023

5 кніг ад журналіста Змітра Панкаўца

Журналіст Зміцер Панкавец дзеліцца кнігамі пра Барысаў, балканскі свет і ўкраінскасць.

1. Горан Петравіч «Асада царквы святога Спаса»

Так як пішуць балканцы, пісаць не ўмее ніхто. Ім, як нікому, атрымліваецца адчуваць усе стагоддзі болю, любові, здрады і прыгажосці, праз якія прайшлі іх народы і продкі. Балканы настолькі таямнічыя, што часам не разумееш, ці гэта той самы славуты магічны рэалізм, ці для іх гэта проста рэалізм.

Свет Горана Петравіча дзівосны, у ім сукенкі з Парыжа прыязджаюць у трох сундуках, бо ў першым самі сукенкі, у другім — іх шолах, а ў трэцім — уздыхі маладых людзей, якія бачаць паненак у гэтых сукенках. У свеце Петравіча слова «неба» пішацца пярынкай летняга дарослага ястраба, слова «трава» — пёркам з брушка шпака, а слова «мора» — пяром альбатроса.

Балканы — вялікая загадка для ўсяго свету. І калі чытаць Петравіча, Павіча, Селімавіча, Ергавіча, Ольбрэхт, то яны становяцца крыху больш блізкімі і зразумелымі.

2. Алена Брава «Рай даўно перанаселены»

Што за цуд гэты Барысаў! Гэты горад даў свету Юрыя Станкевіча, аўтара культавага «Любіць ноч — права пацукоў». З маладзейшых — Таццяну Заміроўскую і Аляксандра Чарнуху. Нейкі энергетычны выбух адбываецца ў гэтым райцэнтры на паўночны ўсход ад Менску.

Алена Брава таксама барысаўская. Кнігі Брава не для Галівуду, тут не знойдзеш сюжэтаў у стылі «жылі яны доўга і шчасліва і памерлі ў адзін дзень». Затое ёсць жорсткі свет беларускай правінцыі, дзе «кожны дзень і нават год настолькі падобныя адзін да аднаго, што ў абарыгенаў узнікае адчуванне вязкага сну, выкараскацца з якога можна, толькі праскочыўшы ў іншы сон, — пры дапамозе алкаголю, тэлебачання альбо рамантычнага кахання». Браву цяжка чытаць нагбом, трэба маленькімі глыткамі, каб мець час усё перадумаць і адысці.

3. Меір Шалеў «Рускі раман»

Слову «рускі» у назве палохацца не трэба. Яна зусім не пра рускіх, і тым больш не пра Расію. Гэта гісторыя першых перасяленцаў з Расійскай імперыі ў Палесціну. Пра іх быт, каханне, інтрыгі, жыццё і смерць.

У кнігах ізраільскіх аўтараў амаль заўсёды ёсць згадкі Беларусі. Амас Оз у «Чорнай скрыні» пісаў, што «Бог так і не з’явіўся ў Атаманскай Азіі, а застаўся ляжаць на гарышчы старой сінагогі ў Шырках, Менскай губерніі, а на Зямлі ізраільскай не было ні Бога, ні жаночай любові». У Меіра Шалева сярод герояў «Рускага раману» ёсць Тоня з Менску, якая выйшла замуж за некаханага чалавека, а калі той памёр, то штодня правярала, ці не вылез ён з магілы. Ёсць грамада магілёўскіх хасідаў, у якой быў звышразумны мул Зайцар, у якога нават узнікалі «ідэалагічныя сумневы». Гэтая кніга пра людзей, якія будавалі сённяшнюю дзяржаву Ізраіль.

Я не плачу над кнігамі, калі там апісваюцца жорсткасці ці пакуты, але магу заплакаць ад прыгажосці. «Рускі раман» быў апошняй для мяне кнігай, якая прымусіла пусціць слязу. У красавіку 2023 года аўтар кнігі Меір Шалеў памёр.

4. Сафія Андруховіч «Фелікс. Аўстрыя»

Сафія — дачка культавага ўкраінскага пісьменніка Юрыя Андруховіча, аўтара «Маскавіяды». Дачка шмат у чым пераўзышла бацьку. Падзеі кнігі разгортваюцца ў 1900 годзе ў Станіславе (сённяшні Івана-Франкоўск), на ўскраіне шчаслівай (у перакладзе з латыні felix – шчаслівы) Аўстра-Венгерскай імперыі. Блаславёныя часы, да Першай сусветнай застаецца яшчэ 14 гадоў, цывілізацыя ідзе наперад шалёнымі тэмпамі — на вуліцах з’яўляюцца аўто, даступнымі становяцца тэлефоны, прамяні Рэнтгену, фотаапараты.

«Калі ўсё пойдзе так далей, то і Бога фізіка растлумачыць», — кажа гераіня кнігі Сафія Чарненька, у цэнтры раману іх заблытаныя адносіны ці сябровак, ці сясцёр, ці то гаспадыні і служанкі з шляхцянкай Адэляй Ангер. «Фелікс Аўстрыя» — кніга незвычайна паэтычная («малітвы — гэта пара ад слёз, якая падымаецца да неба»); містычная (анёлы ў ёй такія ж рэальныя, як людзі); а яшчэ яна можа выклікаць сапраўдны гастранамічны аргазм, калі аўтарка з любоўю апісвае стравы, што елі ў той час у найлепшых станіслаўскіх дамах (неапалітанскі суп з пармезанам, зразы англійскія а-ля Нэльсан, вяндліна, печаная ў цесце, паштэт з ракаў, торт Захера). На першы погляд украінскасці ў «Фелікс. Аўстрыя» зусім мала, але пры гэтым кніга наскрозь украінская.

5. Мо Янь «Стаміўся нараджацца і паміраць»

Як на мой густ, то ці не наймацнейшая Нобелеўская прэмія па літаратуры за апошні дзесяцігоддзі. Кітаец Мо Янь зусім не дысідэнт. Ён шмат гадоў быў ідэолагам у Народна-вызвольнай арміі Кітая, а потым стаў намеснікам старшыні афіцыйнага Саюзу пісьменнікаў. І калі чытаеш Мо Яня, то разумееш, што нават у Кітаі творчай свабоды больш, чым у сённяшняй Беларусі.

Перакананы, што нейкі Чаргінец абвінаваціў бы Мо Яня ў антыдзяржаўнай пазіцыі і ачарненні мінулага. Кніга пачынаецца з расстрэлу памешчыка Сімэнь Нао, камуністы расстрэльваюць яго без суду і следства, проста ў рамках чысткі непажаданых элементаў. Памешчык віны сваёй не прызнае і ўладар пекла Янь-Ло адпраўляе яго назад на зямлю толькі ў выглядзе, то быка, то парсюка, то сабакі, то малпы.

У той фантастычнай форме Мо Янь тчэ грандыёзнае палатно гісторыі Кітая ХХ стагоддзя. Проза Мо Яня — гэта знішчальная крытыка камуністычнага Кітая дарвынкавай эпохі. Мо Янь піша з непрыхаванай любоўю да тых, каго прынята было называць «ворагамі народа». Былых гаміньданаўцаў, паноў, сялян-аднаасобнікаў. Паказвае іх людскасць, але перадусім бясконцую працавітасць. І адначасова паказвае пустату, маральную дэградацыю і бесталковасць тых людзей, што прыйшлі да ўлады пры «вялікім кормчым» Мао.

🧷Instagram «Экслібрыс»