7 кніг ад журналіста Аляксея Знаткевіча
Журналіст, перакладчык Аляксей Знаткевіч дзеліцца кнігамі, якія пакінулі след.
1. George Orwell «Essays»
Самым каштоўным і цікавым у Оруэла для мяне заўсёды была ягоная эсэістыка. Нават пра свае мастацкія творы ён пісаў так: «Мой пункт адліку — заўсёды небесстароннасць, адчуванне несправядлівасці. Калі я сядаю, каб напісаць кнігу, я не кажу сабе: “Я ствару мастацкі Твор”. Я пішу яе таму, што ёсць нейкая хлусня, якую я хачу выкрыць; нейкі факт, да якога я хачу прыцягнуць увагу; і мой галоўны клопат — каб мяне пачулі».
Калі бярэш любы зборнік ягоных эсэ, можна атрымліваць асалоду ад іх энергіі і яснасці — незалежна ад таго, пра што ён піша: нацыяналізм, забойства слана, удзел у смяротным пакаранні чалавека ці сваю версію нелюбові Талстога да Шэкспіра.
2. Чэслаў Мілаш «Скуты розум»
Яшчэ адна эсэістычная кніга — напісаная ў год пасля смерці Оруэла, 1951. Мілаш пасля Другой сусветнай вайны нейкі час быў дыпламатам камуністычнай Польшчы. Але ў 1951 годзе ён стаў палітычным эмігрантам і супрацоўнікам часопісу «Культура», які выдаваў у Парыжы Ежы Гедройць.
У «Скутым розуме» Мілаш апісвае як сталінізм «каланізуе» польскую інтэлігенцыю. Ён тлумачыць матывы людзей, якія пачынаюць служыць новай уладзе ці адмаўляюцца ад гэтага. Хоць наўпроставыя паралелі з цяперашнім «рускім мірам» і недарэчныя, але кніга падалася дагэтуль сучаснай, калі нядаўна яе перачытваў у добрым перакладзе на беларускую.
3. Віслава Шымборска «Канец і пачатак: выбраныя вершы»
Адзіная кніга паэзіі ў гэтым спісе. Збор вершаў у беларускіх перакладах, зробленых у розныя часы выдатнымі паэтамі і перакладчыкамі, — ад Ніны Мацяш і Максіма Танка да Марыны Казлоўскай, Сяргея Прылуцкага і Андрэя Хадановіча.
«Жыццё, якім бы доўгім яно ні было, заўсёды будзе кароткім. Занадта кароткім, каб штось тут яшчэ дадаць».
4. Альгерд Бахарэвіч «Натуральная афарбоўка»
У другой кнізе Бахарэвіча разам жывуць людзі Прадпрыемства, беларусы на крыштальных шарах, ансамбль «Яромка» і Кашкін, які існуе, каб пакутаваць. Здаецца, што гэты свет зрабіўся падмуркам і для пазнейшых кніг Альгерда, і для тых навінаў, якія шмат для каго сталі шокам у 2020-м.
5. Андрей Платонов «Чевенгур»
Страшная кніга, поўная тугі, людзкасці, нялюдзкасці і забойстваў у імя любові і вялікіх ідэяў. Сваёй уласнай расейскай мовай Платонаў стварае міт, утопію і дыстопію адначасова.
6. Богуміл Грабал «Я абслугоўваў ангельскага караля»
Гісторыя жыцця «маленькага чалавека» праз гістарычныя пераломы — часы першай Чэхаславацкай рэспублікі, нямецкага пратэктарату, камуністычнай Чэхаславаччыны. Грабал — майстар жывой чэшскай мовы, і ў беларускім перакладзе Марыя Мартысевіч здолела гэтую жывасць захаваць.
7. Салман Рушдзі «Сатанінскія вершы»
Шматслаёвы раман, пра які даводзілася спрачацца з людзьмі, якія яго не чыталі. Для беларуса смяротны прысуд Рушдзі за гэтую кнігу можна было б параўнаць з заклікам ад нейкага радыкальнага хрысціянскага багаслова забіць Караткевіча за «Хрыстос прызямліўся ў Гародні». Але здаецца, што галоўная прычына таго прысуду, якую вынес цяпер ужо мёртвы іранскі аятала Хамэйні і ад якой столькі пакутуе Рушдзі, — адзін з персанажаў кнігі, лідар у выгнанні, у якім Хамэйні сябе відавочна пазнаў і не ўпадабаў.