April 9

Як быць літвінам?

Тэма "ліцвінства" вельмі востра у беларускай гістарычнай свядомасці. Можна сказаць, што кожная ідэйная плыня надае гэтаму панятку нейкі свой сэнс. Гэта фактычна пазбаўляе "ліцвінства" хоць якога сэнсу, бо калі нешта не мае канкрэтных крытэрыяў, то такога не існуе. Але ў чым насамрэч першапачаткова выражалася ліцвінства? Пад першапачатковым перыяд мы маем на ўвазе 13-14 стст. — час існавання незалежнай Літвы пад уладай паганскіх кіраўнікоў. Вяртаючыся да гістарычных крыніц робіцца зразумелым, што з кропкі гледжання суседзяў асноўным фактарам ліцвінства было падданасць Літоўскай дзяржаве, але ў дадзеным аглядзе мы будзем абмінаць гэты фактар як другасны.

Паходжанне. Самым першым і асноўным крытэрыям ліцвінства ў раннія часы было паходжанне з земляў гістарычнай балцкай Літвы. Але трэба зазначыць, што межы этнічнай Літвы мелі рухомы характар. Пад Літвой Міндоўга мелася на ўвазе зямля паміж рэкамі Нёман і Нярыс. З далучэннем да палітычнай Літвы Нальшчы, Дзевалтвы, Ётвы, Жамойці, літоўскіх землях на тэрыторыі рускіх княстваў гэты назоў распаўсюдзіўся і на гэтыя тэрыторыі. Але трэба адзначыць, што ўсе гэтыя тэрыторыі былі часткай адзінага балцкага абшару. Можна сказаць што "прыроднымі літвінамі" сталі балцкія народы, найперш нашчадкі культуры ўсходнелітоўскіх курганаў, што ўвайшлі ў Старалітоўскую дзяржаву. У дадзеным выпадку паказальна, што прыроднымі літвінамі стала лічыцца і балтамоўнае насельніцтва Лагожскага княства, насельніцтва Аболецкай воласці, Браслаўшчыны, якое ўзыходзіць да банцараўскай культуры ці КСПДК (балцкая Kreiva) Гэта паказвае што літвінамі за паходжаннем могуць быць людзі, што маюць балцкае паходжанне, звязанае з Літоўскай дзяржаўнасцю, але найперш жыхары тэрыторый, якая звязваецца з этнічнай Літвой ва ўсіх сэнсах.

Мова. Найбольш важным фактарам вызначэння "Літвы" ў познія часы ў сялянскім асяроддзі была моўная прыналежнасць. У выпадку знікнення літоўскай мовы ў пэўнай тэрыторыі казалі "зышла Літва". Вялікай праблемай стала тое, што ў познія часы значная частка насельніцтва нават першапачатковай Літвы Міндоўга перайшло на чужынскія мовы. У нашыя часы мы можам далучыць да моў літвінаў "простую" мову (беларускую, літоўска-рускую), але выключна пры асэнсаванні яе другаснага статусу. Простая мова можа мець нейкую каштоўнасць выключна па той прычыне, што яна захавала пэўную частку старалітоўскай моўнай спадчыны (у шырокім сэнсе) як субстратны элемент, і праз гэта найбольш набліжана да яе з моў, распаўсюджаных у нашым краі.

Рэлігія. Відавочна, што найбольш важнай і цэнтральнай часткай сутнасці "літоўскасці" як такой зʼяўляецца паганская старалітоўская рэлігія. Гэта менавіта тая аснова, на якой была пабудаваная Літоўская дзяржава ў свае лепшыя часы. Гэта тое, з чым найперш асацыявалася ўсё, звязанае з Літвой. Нашых продкаў называлі "літва і вогнепаклоннікі", "паганая літва", у познія часы тых, хто пільнаваўся паганскай рэлігіі называлі "старалітва". У дадзеным плане відавочна неад'емная сувязь літоўскасці і паганскай рэлігіі. Па-за паганскай рэлігіяй нейкая літоўскасць не мае ніякага сэнсу. Але на чым засноўвалася паганская рэлігія Літвы? З дапамогай матэрыялаў В. Вайткявічуса мы можам вызначыць асноўныя рысы паганскай рэлігіі, на падставе якіх сфармавалася Літоўская дзяржава (то бок разам з пашырэннем літоўскай дзяржавы пашыраўся і пэўны варыянт старабалцкай веры): 1) Шанаванне асноўных бостваў ваяроў, дзяржавы і ўсяго сусвету — Dievas — Бог-над-Багамі, што зʼяўляецца нябёсным бацькам усяго сутнага, Perkūnas — вялікі бог ваяроў, пагоркаў, дубоў, расліннасці, вільгаці і маланкі, Teliavelis — нябёсны каваль, што выказваў Сонца-Саўле, Medeina — багіня лясоў і звяроў. Акрамя іх ушаноўваліся і іншыя боствы, аб важнасці якіх сведчаць назвы пагоркаў і іншых святых месцаў у іх гонар — Žemyna, Saulė, Aušrinė, Velinas, Mėnuo і іншыя шматлікія боствы, імёнамі якіх поўныя зборы Я. Ласіцкага і М. Прэторыуса; 2) Адной з асноў рэлігіі Літоўскай дзяржавы стаў абрад трупаспалення.У дадзеным плане, паўстанне літоўскай дзяржавы было моцна звязанае з амаль традыцвяналісцкай рэактуалізацыяй міта пра Совія, а таксама распаўсюдам міта пра князя Швінтарога, з якім быў звязаны княскі абрад пахавання. Дзякуючы Літоўскай дзяржаве па ўсім краі пашырыліся грунтовыя і вадзяныя крэмацыі; 3) Ушанаванне святых месцаў. У старой Літве цэнтральнымі месцамі, вакол якіх разгортвалася старая вера былі alkai, месцы для малітваў і ахвяраванняў. Вядома аграмадная колькасць такіх святых месцаў па тэрыторыі сучаснай Літвы і Беларусі: гэта рэкі, астравы, пагоркі, камяні, пячоры, балоты, азёры, дрэвы і гэтай далей. Вельмі важнымі сведчаннямі гэтай веры былі і ахвярныя камяні - aukuriai, якія распаўсюджаны па ўсім старалітоўскім абшары - ад Аўкштоты да Полацка і Абольцаў. Акрамя гэтага былі і канкрэтныя святыя мясціны: храм Пяркуна ў Вільні, святая вёска Рамайняй, гара Шатрыя і шматлікія іншыя. Адзінства гэтых трох фактараў вызначаюць рэлігійную традыцыю Старой Літвы. Безумоўна, гэтымі пунктамі нельга падсумаваць усю старабалцкую веру.

У канцы я б сказаў, што літоўскасць вызначае прыналежнасць да супольнасці людзей, што найперш, маючы тутэйшае паходжанне, падзяляюць агульныя міталагічныя прынцапы, што рэгулююць тутэйшае жыццё.