June 6, 2022

МАНІФЕСТ ФЕМІНІСЦКАГА АНТЫВАЕННАГА СУПРАЦІВУ

24 лютага каля 5:30 раніцы па маскоўскім часе прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін паведаміў аб правядзенні "спецыяльнай аперацыі" на тэрыторыі Украіны ў мэтах "дэнацыфікацыі" і "дэмілітарызацыі". Гэтая аперацыя рыхтавалася шмат месяцаў - шмат месяцаў расейскія войскі перамяшчаліся на мяжу з Украінай. Пры гэтым кіраўніцтва нашай краіны адмаўляла любую магчымасць нападзення. Як мы цяпер бачым, гэта была хлусня.

Расея абвясціла новую вайну суседняй краіне, якой не пакінула права на самавызначэнне і надзею на мірнае жыццё. Абвясціла не ўпершыню: мы ўсведамляем, што вайна трывае ўсе гэтыя 8 гадоў па ініцыятыве Расейскай Федэрацыі і што вайна на Данбасе - следства неправамернай анэксіі Крыма. Мы лічым, што Расею і яе прэзідэнта не хвалюе і ніколі не хваляваў лёс людзей у Луганску і Данецку, а прызнанне рэспублік праз 8 гадоў было патрэбна толькі для ўварвання ва Украіну пад прыкрыццём вызваленчых мэтаў.

Фемінізм як палітычная сіла не можа быць на баку вайны, а асабліва вайны акупацыйнай. Фемінізм выступае за развіццё грамадства, дапамогу тым, хто знаходзіцца ва ўразлівасці, памнажэнне магчымасцей і перспектыў, а таксама за тое, каб вакол было менш гвалту і людзі мірна суіснавалі адно з адным.

Вайна - гэта гвалт, галеча, змушаная міграцыя, паламаныя жыцці, адсутнасць бяспекі і знікненне перспектывы будучыні. Яна супрацьстаіць усёй сутнасці фемінісцкага руху. Вайна ўзмацняе гендэрную няроўнасць і можа адкідваць усе дасягненні ў галіне правоў чалавека на шмат гадоў таму. Вайна нясе не толькі фізічны гвалт, але і гвалт сэксуалізаваны: як паказвае гісторыя, падчас вайны для любой жанчыны ў некалькі разоў узрастае рызыка быць згвалтаванай. Па гэтых і многіх іншых прычынах феміністкам Расеі і тым, хто падзяляе фемінісцкія каштоўнасці, трэба рашуча выступіць супраць гэтай вайны, развязанай кіраўніцтвам нашай краіны.

Цяперашняя вайна, як паказвае зварот Пуціна, яшчэ і ідзе пад сцягам паліттэхналагічных "традыцыйных каштоўнасцяў", якія Расея нібыта вырашыла па-місіянерску несці свету, выкарыстоўваючы гвалт супраць тых, хто з імі не згодны ці прытрымліваецца іншых поглядаў. Што значаць гэтыя "традыцыйныя каштоўнасці", добра зразумела ўсім, хто здольны крытычна думаць: у іх аснове ляжыць у тым ліку эксплуатацыя жанчын і барацьба супраць тых, чый лад жыцця, самавызначэнне і дзейнасць выходзіць за межы вузкай патрыярхальнай нормы. Апраўданне акупацыі суседняй дзяржавы жаданнем несці яму сваю скажоную норму і дэмагагічнае "вызваленне" - яшчэ адна прычына, чаму феміністкі ўсёй Расеі павінны ўсімі сіламі супраціўляцца гэтай вайне.

Феміністкі сёння - адна з нямногіх актыўных палітычных сіл у Расеі. Улады доўга не ўспрымалі нас як палітычны рух, і таму мы часова аказаліся ў меншай ступені закранутыя рэпрэсіямі, чым іншыя. Больш за 45 фемінісцкіх груп дзейнічаюць па ўсёй краіне, ад Калінінграда да Уладзівастока. Мы заклікаем фемінісцкія групы і асобных феміністак далучыцца да Фемінісцкага Антываеннага Супраціву і аб'яднаць сілы па барацьбе з вайной і ўрадам, які развазаў яе. Нас шмат, і разам мы зможам шмат: апошнія 10 гадоў фемінісцкі рух набіраў вялізную медыйную і культурную моц, прыйшоў час ператварыць яе ў моц палітычную. Мы - апазіцыя вайне, патрыярхату, аўтарытарызму і мілітарызму. Мы – будучыня, і мы пераможам.

25 лютага 2022 года

Фемінісцкі Антываенны Супраціў

Адказная каардынатарка: Эла Росман. Астатнія каардынатаркі на тэрыторыі Расеі будуць працаваць ананімна.

Уся неабходная інфармацыя аб працы Фемінісцкага Антываеннага Супраціву, а таксама прапановы аб дзеяннях будуць публікавацца ў нашым тэлеграм канале. Ужо цяпер у ім можна прачытаць два ключавыя допісы: нашыя прапановы аб тым, што можна зрабіць цяпер, і рэкамендацыі па бяспецы для актывістак.


All translations