Паходы па гарах з дзецьмі 👶
Парады ад Аляксандры Канафальскай, маці двух хлопчыкаў
Свет хутка змяняецца, і падарожнічаць з дзецьмі ў ім становіцца ўсё зручней. Як мне падаецца, галоўнае, калі вы падарожнічалі да з’яўлення дзяцей і не збіраецеся спыняцца пасля таго як сталі бацькамі, — працягваць адкрываць новыя месцы на планеце, не спыняцца і цягаць дзяцей з сабой амаль ад нараджэння, каб тыя прывыкалі да аўтакалыскі, слінга, намёта, ровара, трэкінгаў, нібыта гэта норма. Можна колькі заўгодна вадзіць дзяцей на розныя развіццёвыя заняткі, але лепш, чым лес, поле, рэчка, лужыны, пясок, палачкі і камяні, справаў для дзіцяці няма. Нічога так не збліжае бацькоў і дзяцей, як паход, ноч у намёце, гатаванне ежы на вогнішчы ці сумеснае адкрыццё прыгожых месцаў, горных вяршыняў, музеяў, славутасцяў, гарадоў і мястэчак.
Пакуль дзіця малое, з ім лягчэй вандраваць, бо дастаткова толькі прыдбаць зручны слінг. Тут я шчыра магу параіць слінг ergo baby, які з намі прайшоў праз усе выпрабаванні. Я насіла ў ім па гарах і далах двух сваіх сыноў, а дастаўся гэты слінг мне ад мамы трох дзяўчынак і, мяркую, праслужыць яшчэ шмат.
Вядома, калі з вамі ў падарожжы дзеці, трэба памятаць пра аптэчку і ахоўныя сродкі ад сонца і жамяры. Трэба мець з сабой для дзіцяці дажджавік, запасны камплект адзення і абутку. Абутак павінен быць зручны, усё як для дарослага. Ясна, што 25 км у дзень дзіцё не пройдзе, таму так ці інакш давядзецца несці на плячах. Тут трэба вызначыцца і абіраць маршрут па сваіх магчымасцях. У нас хлопчыкам 3 і 5 гадоў. Звычайна нашыя вылазкі ў горы — гэта 10-20 км. Палову яны ідуць самі, палову нясём — каго ў слінгу, каго на плячах. Калі дарога цікавая, дзе трэба хоць трохі караскацца па камянях, то могуць і больш прайсці.
Забаўляем іх увесь час: спевы, вершы, гульні. Птушак ведаем шмат і шукаем іх на шляху, жукоў, матылькоў, жабак. Касуля, вожык, зайчык, сава — гэта ўвогуле бінга. Да месца старту па абраным маршруце дабіраемся звычайна ці на машыне, ці на роварах, ці на цягніку. Цягнік — асобная любоў для ўсіх. Дарога — гэта таксама частка падарожжа. Можам узяць кніжку, налепкі, паперу і алоўкі, маленькія цацкі, перакус у дарогу. Каб яшчэ больш матываваць і зацікавіць дзяцей на падарожжа — у якасці падарунка яны атрымліваюць ад нас то біноклі, то ліхтарыкі, то шкло павелічальнае, то компас, то кніжку пра птушак ці пра тыя мясціны, куды збіраемся. Яшчэ збіраем значкі, якія звычайна можна набыць недзе на касе пры ўваходзе ў нацыянальныя паркі і якія потым упрыгожваюць заплечнікі нашых хлопцаў.
У кожнага яшчэ ёсць кніжачка, куды збіраем пячаткі, якія таксама (у Польшчы дык дакладна) можна знайсці на вяршынях гор, у горных прытулках, замках, музеях.
Вельмі шмат з намі дзяцей і ў паходах #ідземыўгоры , каля 10-15 на раз. Часта перад чарговым паходам бацькі пытаюцца, ці пойдуць іншыя дзеці. Гэта сапраўды працуе! Калі дзеці ідуць у кампаніі аднагодкаў, кіламетры шляху пралятаюць лёгка і незаўважна.
Ну і абавязкова не забудзьцеся на ежу і асабліва ваду. Пачынайце з невялікіх маршрутаў і паступова павялічвайце адлегласць. Рабіце фота і відэа! Гэта будуць тыя моманты, які вы будзеце ўзгадваць усё жыццё.