April 22

Кшталт Слова. Паэтычны выезд #1. Познань. Выступоўцы. Частка 1.

Каб азнаёміць вас з выступоўцамі Паэтычнага Выезду #1, мы запыталіся ў іх наконт жыцьцёва важных пытаньняў, а таксама папрасілі пагадаць на Сымпазыёне Плятона, каб даведацца ня толькі сьвядомыя адказы, але й надсьвядомыя.

Ільля Сініца

Ільля Сініца

Здаецца нішто не змянілася Ўсё так жа дарма лямантуе будзільнік А шэрае неба цэдзіць святло Кропля за кропляй Гарбата шукае цяпла Маёй рукі а вусны тым часам Звяжуць пару няздарных радкоў Перад усясветным патопам Стол рыпне лампа засвеціць і стухне Хтосьці пазвоніць То з цьмянай пагрозай То з немачнай просьбай Сонца паціху самлее Дзень распадзецца на цені І я разам з ім Спакойны Нібы сплаціўшы Пазыку.

1. Чаму будзе прысьвечаны твой выступ?

— Іншаму жыццю, нават нейкаму іншаму чалавеку, пра якога я ўсё жыццё пішу.

2. Познань гэта сталіца чаго?

— Познань — сталіца пазнання і ведаў. (Γνώπολις — Гнопаліс.) Таксама тут смачныя рагалікі і таннае піва.

3. Гаданьне па Сымпазыёну й Іёну Плятона. Мы папрасілі Ільлю задаць пытаньне сусьвету, а потым напісаць радок і старонку. Вось што атрымалася:

Пытаньне: "Што здарылася ў аляхновічах у 2012-ым?"

Адказ: "Міхасю Кавылю выражаецца гэтым падзяка за ягоны ветлівы і рачовы ўгляд у пераклад вершаванага тэксту".

Андрэй Марскі-Коцейка

Андрэй Марскі-Коцейка

Кастрычніцкая плошча

Гергеталі курыцы, Немцы йшлі па вуліцы. Групай ціснуліся ў "Мак", Гаварылі "ґутэнтаґ!"

А на ґанку біч аскаў На бутэльку Liebe Frau. Ехала міліцыя. Добры дзень, сталіца, бля...

11.11.2024

1. Чаму будзе прысьвечаны твой выступ?

— Бязбацькаўшчыне, хрысьціянскаму артадаксальнаму гомаэратызму і сьвятому духу рок-н-рола.

2. Познань гэта сталіца чаго?

— Познань — гэта сталіца райцэнтраў.

3. Гаданьне па Сымпазыёну й Іёну Плятона. Мы папрасілі Андрэя задаць пытаньне сусьвету, а потым напісаць радок і старонку. Вось што атрымалася:

Пытаньне: "Чаму вам у вашай Варшаве не сядзелася?"

Адказ: "Я паспрабую пераказаць вам усё па парадку, гэтак, як той мне расказваў".

Сац.Сеткі музыкі й паэта: https://t.me/upskup

Аляксадр Клюеў

Аляксадр Клюеў

Не задрэмле ціхі месяц, ліхі, Ён лічыць старыя грахі. Яго рэбры ныраюць шчарбатай касой У нялёгкія воблакі бруднай вясной.

Дрэвы гнуцца і нялёгка скрыпяць, Пад крываваю поўняй нялёгка ім спаць. Іх словы ўзнясліся увысь Каб доўгаю думкай часінкам сысцісь.

Дзесь квёлае цела ляжыць, Пад сіверам з жалем дрыжыць. За спінаю толькі сырая зямля, А уверсе апошняя квадра пайшла.

Ты ўстрапяніся і коўдру сваю адагні. Старык нахіліўся, каб потым ўзыйшоў маладзік.

1. Чаму будзе прысьвечаны твой выступ?

— Пакажу тое сёе з таго, што начырыкаў, пераважна рыхтуючыся да гэтага выступу. Недзе будзе міла, недзе будзе брыдка. Недзе буду крыху спяваць, недзе — дэкламаваць. Недзе будзе плынна, недзе — ірванае графаманства. Усё як мы любім.

2. Познань гэта сталіца чаго?

— базоўных людзей

3. Гаданьне па Сымпазыёну й Іёну Плятона. Мы папрасілі Аляксандра задаць пытаньне сусьвету, а потым напісаць радок і старонку. Вось што атрымалася:

Пытаньне: "у чым сутнасць бібак?"

Адказ: "I няхай Эрыксімахос ня думае рабіць жарт з мае мовы, мяркуючы, быццам я маю на ўвазе Паўзняліса і Агатона".