Высновы-24: Вячаслаў Кміт
У мяне быў выдатны год. Канцэрты, здымкі, фотасэссіі, бясконцыя сябрыны і бяседы. 24-ы год канчаткова пераканаў мяне, што пацалаванае богам беларускае жыцьцё працягваецца і рыхтуецца да чагосьці вялікага. А разам зь ім — і маё прыватнае, маленькае жыцьцяйка.
У сакавіку я трапіў на канцэрт Swans у Гданьску, пра што марыў з самага юнацтва. Вяснова-летні выступ Sinie Gory у Варшаве непараўнальна моцна уразіў і натхніў мяне. А я раней нават ня ведаў, хто гэта! У кастрычніку Einstürzende Neubauten далі мне лепшы канцэрт з тых, што я слухаў наогул.
На вялікае шчасьце, сам я браў удзел у безлічы цудоўных мерапрыемстваў. Асабліва запомніліся: красавіцкі "Кшталт" у "Залатым асьле", Кракаўскі вечар памяці Расстраляным паэтам, фестываль "Прадмова" ў Варшаве і наш з Данілам Вашкевічам і Ільлём Сіўцовым выступ у Познані. Дзякуй усім баявым паплечнікам і партызанам-меламанам-наведнікам.
Калі казаць пра няўміручую кясыку, то на працягу года маімі вернымі спадарожнікамі былі наступныя творы: King Crimson - Lizard, Swans — Soundtracks for the Blind, Франц Шубэрт - Піянінная саната нумар 19 ў До мажор. Тут без сюрпрызаў.
Айчынная эстрада ў 24-м была вельмі плённая на добрыя песьні. Ня буду нават пералічваць. Але, шаноўныя калегі, ведайце, што калі вы нешта выпусьцілі ў 2024-м, то я гэта праслухаў і ацаніў!
Лепшым жа нашым альбомам я аб'яўляю плытку Віктара Міхайлавіча Лупасіна "Вітамін Ц". Без варыянтаў. З прадуктаў заходняе музычнае прамысловасьці найбольш я спадабаў альбом шатляндкі Клярысы Конэлі "World of Work".
Дзіўна, але ў такім цудоўным MMXXIV я ня выпусьціў аніводнага альбому. Зрэшты, пад уплывам ад "Валадара Пярсцёнкаў" у шыкоўным перакладзе Ігара Кулікова, я напісаў, бадай, самыя лепшыя свае песьні. Чакайце ў Новым!
Напрыканцы хачу дадаць, што мы з рэдакцыяй "Кшталт Слова" зрабілі шмат рознае работы для таго, каб наш часопіс жыў і красаваў. Думаю, што ў нас атрымалася. З гуртом "Вішнёвы Торт" мы зрабілі ня меней! Плён тытанічнае працы над фільмам "Лебядзіная песьня Фёдара Озерава" вы, паспалітае чытацтва, зможаце азнаёміцца ўжо зусім неўзабаве!