January 7

Высновы-24: Syndrom Samazvanca

Раман агучыў сваю тройку альбомаў году:

Slift - "Ilion"

Einstürzende Neubauten - "Rampen"

Mdou Moctar - "Funeral for Justice"

Уладзь звяртае ўвагу на навінку ад The Smile - альбом "Cutouts", таксама на новы LP ад аднаго з праектаў Бэртрана Канта (ex-Noir Desir): Detroit - "L'Angle". Дзякуючы беларусам Літвы, хай і са спазненнем, але да нас дабраўся альбом гурта Garbanotas - "Kūnas dangaus" (2023). У дажджыстае цёмнае каляднае надвор'е - сама то.

Многае з цікавага, што выпускалі беларусы ў 2024 годзе, ужо трапіла ў рэйтынгі і топы на некалькіх пляцоўках і, відаць, не варта паўтараць імёны і назвы "Петля Прістрастія", KOOB і Sw@da, Сяргей Пукст, Zui і г.д.

Хацелася б успомніць пра гурт Ralla, які парадаваў трыма сінгламі, якія зачароўваюць, зацягваюць і прымушаюць ціснуць на рэпіт. Адкідайце ўсе стэрэатыпы пра фольк і проста паслухайце песню "Хадзіў-пахадзіў".

Новымі андэрграўнднымі сюррэалістычнымі і мінімалістычнымі падарожжамі радуюць Yellow Power і Sinie Gory (справаздачы з заплываў можна бачыць у інсце і ютубе праектаў).

Цікава сачыць за "Т.С.Канструктар", які выпусціў новую EP "Узгадаць і зразумець І". У даробку праекта ёсць мінулагодніі двайны сінгл "Вартыя дні" з файным трэкам "Ваўчок".

Альбом .K "1ok", які выйшаў у самым канцы мінулага году, быў расслуханы толькі ў 2024-м.

Дзякуй таксама Яўгену Кучмейну за выступы ў Варшаве, адзін з якіх ўдалося наведаць.

Выступ гурта Syndrom Samazvanca, год 2024

Наогул, што тычыцца канцэртаў, то Польшча часам дорыць прыемныя магчымасці. Так у тройцы найлепшых выступаў году, якія Раману атрымалася пабачыць і пачуць на ўласныя вочы і вушы: пустэльны блюз ад туарэгаў з гурта Tinariwen, псіхадэлія найвышэйшага гатунку ад Gong і класіка эксперыментальнага року і індастрыялу Einstürzende Neubauten.

Для Уладзя самымі запамінальнымі ў 2024 годзе сталі канцэрты, на якія ён так і не трапіў, хаця квіткі былі купленыя. Так адмяніўся доўгачаканы выступ эксперыментальнага гурта DEERHOOF у Варшаве. А потым, калі Уладзь ужо ехаў у аўтобусе ў Вільню, прыйшло паведамленне, што Dry Cleaning, дзеля якіх паездка і задумлялася, таксама не выдуць на сцэну.

А нашыя ўсе стараліся і радавалі канцэртамі ў Польшчы, ад акустычных амаль-кватэрнікаў да фэстаў тыпу "Гучна" і "Тутакі". Запомніўся выступ Вольгі Падгайскай і Five-Storey Ensemble з праграмай на вершы беларускіх паэтаў у межах фестывалю "Прадмова".

Ну і вядома, імпрэзы ад "Кшталт" - уан лав.

У рубрыцы "не забывайма, што такое ёсць цяпер і настрымінгах" па версіі Уладзя перамагаюць гурт Drwiwy і Голая Манашка. Не забывайма, што "дзікі жаруць жалуды" і кожны можа пасадзіць дубочак ці яблыньку.

У выпадку Голай Манашкі на стрымінгах можна знайсці розныя рэлізы пад трыма рознымі напісаннямі назвы гурта: "Голая Манашка", "Nakdnun", "NAKDNUN".

Выступ "Syndrom Samazvanca" па мостам на паэтычным вечары "Кшталт", год 2024-ы

У нас, гурта Syndrom samazvanca, быў даволі плённы год з улікам акалічнасцяў, сабралі новы склад і шмат канцэртавалі. Самы запамінальны выступ - на Кшталтаўскім канцэрце ў лютым, бо гэта быў наш польскі дэбют, прыйшло багата людзей і панавала файная атмасфера. Пасля - Czarna Owca fest ад Падполля 375, сумесны канцэрт з Relikt, іншыя фэсты і выступы ў клубах і сквотах. Нарэшце ў нас з'явіўся мерч ў выглядзе маек ды касетаў з альбомам Radyjo Niamiha. Не паспелі дарабіць новы поўнафарматнік, але ў 2025-м плануем абавязкова давесці да ладу і выпусціць.