September 18, 2024

Кшталт. Слова. Паэтычны вечар #1. Выступоўцы. Частка 1.  

Каб азнаёміць вас з выступоўцамі, мы запыталіся ў іх наконт жыцьцёва важных пытаньняў, а таксама папрасілі пагадаць на Песьні Песьняў, каб даведацца ня толькі сьвядомыя адказы, але й надсьвядомыя.

Паэты й Паэткі


Сэрбскі Нож  (Стас)

Сэрбскі Нож  (Стас)

Я ішоў дадому з працы і раптам памёр.

А потым я стаў нібы галінка.

Хвілінку паляжаў, тым часам краем нажа

Мяне завастрылі, забілі сабаку бяздомнага.

Я зноў ляжаў беспрытомна. Далей было тры прыгоды:

Выкінулі ў сьметнік, дзе змешаныя адходы.

Закрылі крышку, каб не ваняў тут.

Дворнік гадзіну са мной гуляў,

а потым я зьнік назаўсёды.

1. Якая заўвага наконт тваёй творчасьці табе запомнілася больш за ўсё?

— Сябар сказаў, што вывучыць верш.

2. Калі б ты быў Варшаўскім мастом, то якім?

— Сікероўскі, бо ён вядзе прыблізна з неадкуль у прыблізнае ўнікуды, але гэтае ўнікуды трошкі нагадвае дом.

3. Гаданьне па песьні песьняў. Мы папрасілі Стаса напісаць пытаньне, радок і старонку. Вось што атрымалася:

Пытаньне: "Як стаць шчасьлівым?"

Адказ: "Ня ведала я, як душа мая

ўзьвяла мяне на калясьніцы

выскароднага з народу майго"


Аліса Грынман

Аліса Грынман

Всё вокруг кричит в лицо:

"Прочитать и понять невозможно"

Эта знаковая система чужда,

Опасна и должна быть исключена.

1. Якая заўвага наконт тваёй творчасьці табе запомнілася больш за ўсё?

—  Што ў апошнія некалькі гадоў, якімі б сумнымі і балючымі не былі мае тэксты, у іх заўсёды ёсць надзея.

2. Калі б ты была Варшаўскім мастом, то якім?

—  Most Poniatowskiego. Бо ён быццам быў ўзяты з казкі ці D&D каткі і вядзе ў новыя прыгоды.

3. Гаданьне па песьні песьняў. Мы папрасілі Алісу напісаць пытаньне, радок і старонку. Вось што атрымалася:

Пытаньне: "Калі ўсё гэта скончыцца?"

Адказ: "Зьняла я хітон мой —

ці зноў мне яго надзяваць?

Я вымыла ногі мае —

ці зноў мне забрудзіць іх?"


Уладзь Лянкевіч

Уладзь Лянкевіч (фота: @siarzh)

les fleurs du mal

каб мяне не знайшлі, маю два варыянты

ці насамрэч памру, ці прыкінуся мёртвым

але гэты пад’езд надта цесны для трунаў

я самотна ляжу затаіўшы дыханне

уваходзіць туман праз разбітую шыбу

на падлогу, як пыл, на мне асядае

хтосьці кінуў камень, камень стаўся ядомым

я насамрэч памёр ці прыкінуўся мёртвым?

я выплыву на бераг

кветка расце ў рэбрах

вялікі брат мне не брат

мяне пільнуе неба

1. Якая заўвага наконт тваёй творчасьці табе запомнілася больш за ўсё?

— Нешта ў стылі "самы паўночны з беларускіх літаратараў".

2. Калі б ты быў Варшаўскім мастом, то якім?

— Гданьскі — з пазелянелымі жалезнымі фермамі.

3. Гаданьне па песьні песьняў. Мы папрасілі Уладзя напісаць пытаньне, радок і старонку. Вось што атрымалася:

Пытаньне: Як назваць наступны альбом ці кніжку?

Адказ: "як разлом граната

шчокі за вуальлю тваёй"


Музыкі


Андрэй Зуеў

Андрэй Зуеў

Папрасілі даслаць Андрэя які-небудзь тэкст па тэгах імпрэзы (масты, прырода, вадзічка, моладзь, трамваі, музыка, камяні, птушкі й зэдлік). Ён даслаў:

Масты, прырода і вадзічка,

І моладзь, музыка, трамваі.

І зэдлік... Птушкі з камянямі...

1. Якая заўвага наконт тваёй творчасьці табе запомнілася больш за ўсё?

— Я раблю ўсё, каб мая творчасць заставалася незаўважанай.

2. Калі б ты быў Варшаўскім мастом, то якім?

— Я быў бы познаньскім Тэатральным.

3. Гаданьне па песьні песьняў. Мы папрасілі Андрэя напісаць пытаньне, радок і старонку. Вось што атрымалася:

Пытаньне: Чаму такія празаічныя пытанні?

Адказ: “Не глядзіце, што я чарненькая,

што сонца апаліла мяне;

сыны маці маёй угневаліся на мяне"