February 24

Кшталт Слова. Паэтычны вечар #2. Выступоўцы. Частка 1.   

Каб азнаёміць вас з выступоўцамі Паэтычнага Вечару #2, мы запыталіся ў іх наконт жыцьцёва важных пытаньняў, а таксама папрасілі пагадаць на Санетах Шэкспіра, каб даведацца ня толькі сьвядомыя адказы, але й надсьвядомыя.

Алесь Плотка

Алесь Плотка, фота: @nastya_kassiopea_

Памяць


(Наконец, мы найдем и тех, кто рассказывает про необходимость срочно «деколонизировать» Россию – Ю. Навальная)

Нас не трэба шукаць, Юля (Маша, Оля, Каця Наташа, Света – патрэбнае ўстаўце).

Мы даўно тут, ляжым у курапацкім лесе. Слухаем спевы птушак. І як з вас гэта ўсё лезе.

Мяккая як абдымкі моху, жывучая як палачка Коха. Памяць. Расцягнутая як пупавіна ад Старабельска да Сандармоха.

Памяць. Светлая, як вочы сіроцкія. Памяць. Шурпатая, як бляянне бясконца галоднага Бродскага.

Які ўсё дзеліць курачку ў супе. Годнаму сыну – годны народ. Памяць, Юля, памяць таксама не буцерброд.

Нас не трэба шукаць, адрасы нашыя даўно вядомыя. Загнаныя пад скуру і пад пазногці, гэтыя літары даўно дома.

Усе аповесці пра ўсіх антыхрыстаў Мы прачыталі і ажно прысвіснулі.

Мы недабіткі ўсіх знешніх Манголій, Далей вякамі ходзім па коле.

Далей мімікруем мы трапна і лоўка. Памяць. Вые ў начы тамбоўскім воўкам.

Нас не трэба шукаць, тут усё проста з прапіскай. Яна назаўжды ў вагоне сталыпінскім.

05.09.2024

1. Што рабіць, калі вершы не пішуцца?

— Прыбрацца ў кватэры і ў жыцці.

2. Якая ты кветка?

Лотас на асфальце. Так само атрымалася.

3. Гаданьне па Санетам Шэкспіра. Мы папрасілі Алеся задаць пытаньне сусьвету, а потым напісаць радок (сам радок пазначаны тлустым) і старонку. Вось што атрымалася:

Пытаньне: "Калі я прыму неідэальнасць людзей?"

Адказ: "Я так люблю цябе, што без дакора

Гатоў прыняць якое згодна гора."

Сац.Сеткі паэта: https://youtube.com/@baisan2000


Сэрбскі Нож (Стас)

Стас

I

Эти звёзды за окном скоро разбегутся. Загорелся кошкин дом, стёкла разобьются.

Дом горит, а стих погас. Кончилось веселье. Как всегда — в последний раз было воскресенье.

Прахом был и стану прах. Где душа — не знаю. У кого-то на весах, на поломанных часах и в не сказанных словах тихо умирает.

1. Што рабіць, калі вершы не пішуцца?

— Жыць далей, чакаць на музу.

2. Якая ты кветка?

— Пустазельле.

3. Гаданьне па Санетам Шэкспіра. Мы папрасілі Стаса задаць пытаньне сусьвету, а потым напісаць радок (сам радок пазначаны тлустым) і старонку. Вось што атрымалася:

Пытаньне: "Калі ўжо нарэшце?"

Адказ: "...Калі ж яно на небакрай зірне,

Стамлёна ў дол пакоціць калясніцу,

Тады ўсе вочы недзе ў старане,

Пакуль яму да захаду хіліцца.

І ты без следу ў свеце знікнеш так,

Калі не застанецца сын-юнак."

Сац.Сеткі паэта: https://t.me/sorak40


Вячаслаў Кміт

Вячаслаў Кміт

Джон Толкін і Беларусь

мы дакладна ведаем што славуты пісьменьнік і філёляг Джон Р Р Толкін наведваў Беларусь і шмат у чым менавіта гэтая краіна і яе гісторыя натхнілі яго на стварэнне выбітнага Уладара Пярсцёнкаў

даследчыкі творчай спадчыны пісьменьніка не могуць сказаць дакладана калі менавіта ён езьдзіў у Беларусь але большасьць навукоўцаў мяркуюць што адбылося гэта ў сярэдзіне 20-ых гадоў ХХ стагоддзя

пытаньне аб тым як наогул Толкін апынуўся ў Беларусі не стаіць з таго часу як даследчыкі атрымалі ад спадкаемцаў пісьменьніка дакладную інфармацыю падмацаваную раней невядомымі дзёньнікавымі запісамі ўдзельнікаў падзей так стала вядома што Толкін меў добрае знаёмства з адным беларусам Вячаславам Кмітом

цалкам гісторыя выглядае так па першай сусветнай вайне Вячаслаў Кміт наведаў Вялікую Брытанію і там ён завітаў у госьці да Толкіна з якім яны ўжо былі знаёмыя але мы не можам сказаць як так склалася

Кміт запрасіў геніяльнага сябра ў Беларусь бо быў упэўнены што такая вандроўка дасьць Джону моцны творчы імпульс для стварэння вялікага літаратурнага твора так у выніку і атрымалася

1. Што рабіць, калі вершы не пішуцца?

— піць піва, есьці арэшкі і слухаць галасы рыб.

2. Якая ты кветка?

— гвазьдзіка. тлумачэньні залішнія..

3. Гаданьне па Санетам Шэкспіра. Мы папрасілі Вячаслава задаць пытаньне сусьвету, а потым напісаць радок (сам радок пазначаны тлустым) і старонку. Вось што атрымалася:

Пытаньне: "чаму я пішу такія добрыя песьні?"

Адказ: "Не звянеш ты, бо закрасуеш зноў

Цераз дзяцей сваіх і з іх красою.

Сваёй ты назавеш нашчадкаў кроў,

Якую даў часінай маладою..."

Сац.Сеткі музыкі: t.me/viaczaslaukmit, band.link/dRcqo