March 5

Кшталт Слова. Паэтычны вечар #2. Выступоўцы. Частка 3. 

Каб азнаёміць вас з выступоўцамі Паэтычнага Вечару #2, мы запыталіся ў іх наконт жыцьцёва важных пытаньняў, а таксама папрасілі пагадаць на Санетах Шэкспіра, каб даведацца ня толькі сьвядомыя адказы, але й надсьвядомыя.

Павел Капанскі

Павел Капанскі

бочка квасу

я нібы бочка квасу жоўтая з чырвонымі плямамі адзіны аб’ект у сусвеце на які не звяртае ўвагі NASA

ля майго кранчыка сядзіць прадавачка гадоў 19-ці яшчэ ўчора мроіла пра лакальныя рэвалюцыі на майданчыках

а сёння разлівае мяне забрадзілага у страўнікі мінакоў і не думае ні пра што іншае

мне калі ласка нуль пяць капанскага

ой я б вам не раіла такое лайно лепей лідскага ці хатняга

ён жа капанскі гэты амаль чвэрць веку ў бочцы гадуецца так паляжыць пазней перакуліцца а бочка з месца не рухаецца стаіць на Францыска Скарыны зрошчаная сімпатыяй нейкай Марыны што зараз у Польшчы а ведаеце што ён робіць калі згадвае яе?.. правільна дрочыць

а ведаеце чаму я сяджу і торгаю ягоны кранчык?

бо ён паабяцаў мне наліць вершаў у мой пластыкавы стаканчык

1. Што рабіць, калі вершы не пішуцца?

— чытаць чужыя.

2. Якая ты кветка?

— трыпутнік. часам магу быць карысным.

3. Гаданьне па Санетам Шэкспіра. Мы папрасілі Паўла задаць пытаньне сусьвету, а потым напісаць радок (сам радок пазначаны тлустым) і старонку. Вось што атрымалася:

Пытаньне: "калі атрымаецца выплаціць крэдыт на шчасце"

Адказ: "...Не ведаю, ці навальніца будзе,

Ці будзе неба яснае без хмар,

Ці будуць жыць шчасліва ў свеце людзі,

Ці шчаслівейшым будзе уладар, -

Але ў тваіх вачах чытаю ясна,

У гэтых зорках вечнай чысціні, -

Што праўда з хараством тады не згасне,

Калі потомкі ўдоўжаць твае дні."

Сац.Сеткі паэта: wir.by/ru/article/kapanski-zramy


Леся-Стэфанія Міхалевіч

Леся-Стэфанія Міхалевіч

1. Што рабіць, калі вершы не пішуцца?

— Глядзець навокал і ўнутр сябе, пісаць прозу, калі пішацца яна і намагацца не спяшацца. Словы заўжды знаходзяцца, калі надыходзіць іх час.

2. Якая ты кветка?

— Рамоначкі наадварот - такія былі на шпалерах у кухні аднапакаёўкі, дзе я расла. Прынамсі, такімі я іх запомніла: жоўтымі звонку і белымі ў сярэдзіне ў промнях сонейка.

3. Гаданьне па Санетам Шэкспіра. Мы папрасілі Лесю задаць пытаньне сусьвету, а потым напісаць радок (сам радок пазначаны тлустым) і старонку. Вось што атрымалася:

Пытаньне: " Калі здзейсніцца запаветнае?/Што будзе далей?"

Адказ: "...І што б сказалі вочы аб прыгожым,

Калі сляза бяссоння крые зрок?

Нам сонца нават пасвяціць не можа,

Калі на небе покрыва з аблок..."

Сац.Сеткі паэта: www.instagram.com/lesia_stefanija


Данііл Вашкевіч

Данііл Вашкевіч

другі дзень дождж хоць я пра гэта і ня ведаў кроплі падаюць дадолу не пакідаюць сьведкаў

на рукі выдалі журбу у канверце запаяным чамусьці з сумнасьці ня трэба выплочваць падаткі

навіны ў шэры колер неба ўсе афарбавалі навіна-стужкавае надвор’е і сьлёзы прыкрыя з пластмасы

пёс абгаўкаў ні за што і цяпер я пачуваю сябе вінаватым грукаю маркотна па жыцьці колеру вільготнага асфальту

кроплі падаюць курсівам перакрэсьліваюць сонца дзень праткнулі хмарачосы хмары нам зрабіўшы лёсам

23.10.2024

1. Што рабіць, калі вершы не пішуцца?

— У патузе даведацца, я прыдумаў гэтае пытаньне. Пляную пачаць з прыбіраньня кватэры.

2. Якая ты кветка?

— Звык думаць, што я не гартензія. Такое жыцьцё.

3. Гаданьне па Санетам Шэкспіра. Мы папрасілі Данііла задаць пытаньне сусьвету, а потым напісаць радок (сам радок пазначаны тлустым) і старонку. Вось што атрымалася:

Пытаньне: "Калі мы пераможам ужо?"

Адказ: "Калі гадзіннік адбівае час нам,

А дзень вясёлы нікне ў шэры змрок...

...Тады цябе міжвольна я згадаю:

Тваёй красы не вечны такжа цвет.

Адно жыве, другое памірае,

А трэцяе ў жыццё цярэбіць след.

Як стане смерць па-над табой з касой, -

Змагацца з ёй пачне нашчадак твой."

Сац.Сеткі паэта: t.me/vashkevichdaniilpervii