December 10, 2025

Кшталт Слова. Паэтычны Вечар #4.  Выступоўцы. Частка 1.

Каб азнаёміць вас з выступоўцамі Паэтычнага Вечара #4, мы запыталіся ў іх наконт жыцьцёва важных пытаньняў, а таксама папрасілі пагадаць на альбому "Сьвяты Вечар", каб даведацца ня толькі сьвядомыя адказы, але й анты-сьвядомыя.


Юрка Мельнікаў

Юрка Мельнікаў

Знак бяды

Дзень пачынаўся з пажару, пачуццяў бясконцай трывогі І гора, што душыць цяжарам, Глядзіць на мяне з-пад падлогі.

Гэтыя вуліцы брэшуць! За кутом не чакае спагада! Там паўстае незалежнасць Праз узорнасць вайсковых парадаў!

Гэтыя вуліцы брэшуць! Спевамі рэек трамвайных. Не пакідаючы межаў У сценах хаваюцца тайны.

Як праліваецца кроў, Як сэрца дрыжыць пад прымусам, Як бацька з дому сышоў І ніколі ўжо не вярнуўся

З болем гучаць адгалоссі Падзеяў мінулых гадоў. Тое, што адбылося Не мусіла здарыцца зноў.

Знакі бяды зіхацяць Новым жыццём у труне, Клічуць, як родная маці, Дзесьці чакаюць мяне.

1. Чаму будзе прысьвечаны твой выступ?

— Мой выступ будзе прысвечаны шаноўным падпісчыкам Кшталт.Слова і ўсім тым, хто знайшоў у сабе сілы выйсці з дому ў нядзелю.

2. Хто ты з калядных вобразаў?

— Няхай будзе дзед. Здаецца, што з кожным годам усё часцей адчуваю сябе дзедам. Ашалелым, забыўшым прыняць таблеткі дзедам.

3. Гаданьне па альбому "Сьвяты Вечар". Мы папрасілі Юрку задаць пытаньне сусьвету, а потым напісаць песьню і радок. Вось што атрымалася:

Пытаньне: "Чаму мне так сорамна?"

Адказ: "Лай-лай, ла-лай-ла-лай, Мiнyла дзьве тысячы год."

Сац. Сеткі Паэта: t.me/i_t_d_i_t_p


Яраслаў Кірвель

Яраслаў Кірвель

Варшава-3

Перакопана ўся Варшава Перакопана душа мая Дакапаўся да Новага свята скрозь трамвайна-зламаны кайдан.

Усё часцей над/пад Панятышчакам Вісла - нібы Нёман спявае. Чапскі, Вех і КірвЕль на Kciutach rockавое віно каштавалі.

Прага-Поўнач Нібы стала роднай. Вуліца-сталь і вуліца-міт Сустракаюць на Вінклю.

Сустракаю над Віслай світанак Мяне чакаюць твае  Найпрыгажэйшы свет і дні Буду сніць Каляровыя сны,

Як спяваў зямляк.

Перакопана ўся Варшава  І разкопана душа мая. Начапіў ліхтар Божага цела; Брыгадзір будоўлі цяпер я.

1. Чаму будзе прысьвечаны твой выступ?

— Пра фарбы, грудзі й запеканкі.

2. Хто ты з калядных вобразаў?

— Я мядзьведзь! Я заўсёды хачу есьць.

3. Гаданьне па альбому "Сьвяты Вечар". Мы папрасілі Яраслава задаць пытаньне сусьвету, а потым напісаць песьню і радок. Вось што атрымалася:

Пытаньне: "Калі я паеду над возера?"

Адказ: "Шчодры вечар добрым людзям! Сьвяты вечар добрым людзям!"

Сац. Сеткі Паэта: instagram.com/yar.vel



Дар'я Бялькевіч

Дар'я Бялькевіч

***

Бурбалкі ад дажджу плывуць ўздоўж тратуара Хочацца выбрацца з вечнага трауру Перастаць капаць з дахаў Якія едуць, пакуль я сяджу ў грамадскім транспарце

Кіроўца тралейбуса не адрывае вачэй ад дарогі, даючы рэшту, лічыць манеты навобмацак, і не памыляецца. Прыкладна так я ўяўляю сабе Бога

Мы едзем дадому напаўпустыя Наступны прыпынак таварная А нам няма чаго прадаваць Бо самім амаль нічога не засталося Толькі квіток у светлую будучыню.

1. Чаму будзе прысьвечаны твой выступ?

— Усім добрым людзям, якія прыйдуць на "Кшталт" 14 снежня.

2. Хто ты з калядных вобразаў?

— Бусел.

3. Гаданьне па альбому "Сьвяты Вечар". Мы папрасілі Дар'ю задаць пытаньне сусьвету, а потым напісаць песьню і радок. Вось што атрымалася:

Пытаньне: "Які будзе 2026 год для мяне?"

Адказ: "На жаль калядная пара (На жаль!) Наступнай зьменіцца парою. (Зьменіцца!) І хопіць нам на год сьвятла, (Хопіць!) Сьвятла каляднага настрою."

Сац. Сеткі Паэткі: instagram.com/darya.bialkevich/