December 11, 2025

Кшталт Слова. Паэтычны Вечар #4. Выступоўцы. Частка 2.

Каб азнаёміць вас з выступоўцамі Паэтычнага Вечара #4, мы запыталіся ў іх наконт жыцьцёва важных пытаньняў, а таксама папрасілі пагадаць на альбому "Сьвяты Вечар", каб даведацца ня толькі сьвядомыя адказы, але й анты-сьвядомыя.


Алена Варанец

Алена Варанец

я гляджу на цябе і расшпільваецца паліто пралязае ў шчыліну радасць, зрываецца з павадка ёсць яшчэ шанец злавіць, але хібіць, чапляецца за рукаво рука усё падчыстую відно і кладзецца на стол

хваля пяшчоты не лашчыць, а б’е наводмаш свет правярае ці мы апынемся здольнымі вытрымаць радасць, пакуль яна носіцца коламі

я хацела б казаць «да мяне, радасць» «радасць, побач»

зрэшты, досвед трымаць свой ланцуг я ўмею змалку назіраць за вадой і не плыць лёс вагаецца, разважаючы што рабіць

ён падкідае манетку і зноў выпадае кідаць мне палку

надта свабодны ашыйнік усёю вагою вісіць на карку

1. Чаму будзе прысьвечаны твой выступ?

— Узаемасувязям і вадзе ва ўсіх агрэгатных станах.

2. Хто ты з калядных вобразаў?

— Елка ў лесе.

3. Гаданьне па альбому "Сьвяты Вечар". Мы папрасілі Алену задаць пытаньне сусьвету, а потым напісаць песьню і радок. Вось што атрымалася:

Пытаньне: "куды паварочваць?"

Адказ: "Вадзіць мы будзем карагод, (Мы будзем!) Ля ёлкi хвалу засьпяваем. (Заспяваем!) І нашы мары ў Новы год (Год!) Пачуе Бог — ён сёньня з намі."

Сац. Сеткі Паэткі: www.instagram.com/chakanne_kamety/


Ільля Кульбіцкі

Ільля Кульбіцкі

ТРАМВАЙ

глядзіцца неба ў трамвай сустрэчны мінае неба пусты прыпынак у залачоным яго блакіце танцуюць джыгу слупы-іголкі гляджу ў прашыты трамваем горад зашыты ў неба ўдыхаю горад мінай прыпынак сустрэчны горад ашчэр іголкі ў пустэчу горад хай будзе джыга тваім блакітам на залачоных трамвайных струнах хай будзе неба тваім трамваем хай чуе шые глядзіць танцуе хай сёння заўтра тваё навекі хай будзе з’явіцца прыйдзе стане

1. Чаму будзе прысьвечаны твой выступ?

— Цудам, спорту, апакаліпсісу.

2. Хто ты з калядных вобразаў?

— Мядзведзь.

3. Гаданьне па альбому "Сьвяты Вечар". Мы папрасілі Ільлю задаць пытаньне сусьвету, а потым напісаць песьню і радок. Вось што атрымалася:

Пытаньне: "Ці ёсць канец бульбасрачу?"

Адказ: У калядную ноч запрагае аленя ў санi,

На якiх цяжкiя мяхi з падарункамi.

I едзе да дзетак Мiкалай."

Сац. Сеткі Паэта: www.facebook.com/profile.php?id=100011637881166


Ільля Сіўцоў (Музыка)

Ільля Сіўцоў

час спыніся на імгненьне, паволі родныя нікаюць і я разам зь імі ніколі боле не спаткаемсa стой, пакінь хоць памяць аб той мінуўшчыне цяжарнай няхай нас пазнаюць, успомняць тое, што памерла сёньня

краям вока я бачу, што аддзяляе мяне ад чагосьці большага усё кончыцца, усё кончыцца быццам бы неўзабаве жыць — дакучная работа навучыце спачываць людзей і не пакінуць бясконцы бег вакол то застануса летуценьнікам.

1. Чаму будзе прысьвечаны твой выступ?

— усім добрым людзям.

2. Хто ты з калядных вобразаў?

— цыган.

3. Гаданьне па альбому "Сьвяты Вечар". Мы папрасілі Ільлю задаць пытаньне сусьвету, а потым напісаць песьню і радок. Вось што атрымалася:

Пытаньне: "дзе мой дом?"

Адказ: "Хай песенька мая Яшчэ грамчэй гучыць, Няхай жадаюць шчасця вам Ды звон званчэй звініць..."

Сац. Сеткі Музыкі: fanlink.tv/viersy