January 5

Высновы-25: Ільля Сіўцоў

Прадоўжвае нашае вандроўку па творчым ўспамінам музыка і блёгер — Ільля Сіўцоў.

Гэты год быў нібы надзвычайна плённым для Ільлі: альбом на вершы «Вершы», ютуб канал «на пачатку было слова», многа разнастайных музычных выступаў і ня мала праслуханых калегаў па сцэне.

Запрашаем заглянуць у канцэртнае жыцьцё музыкі, паглядзець на пекныя выявы з музыкай і паслухаць музыкі музыкі.

Для мяне 2025 год у творчай, музычнай сфэры запомніўся, насамперш, агульнай разнастайнасьцю. Як у Беларусі, так і ў замежжы зьяўляюцца новыя цікавыя музыкі, а старыя не даюць засумаваць — радуюць новым гучаньнем або выдаюць клясыку стылю. Разьвіваецца інфраструктура для творцаў: інфармацыйныя каналы, пляцоўкі для імпрэзаў, творчыя згуртаваньні, суполкі й г.д.

Зрэшты, так, нібіта, можна сказаць пра кожны год, бо развой а зьмены — рэч натуральная. Штогод “нараджаюцца” новыя выканаўцы, зьяўляецца сьвежая музыка або цікавыя фарматы. Аднак, мяне радуе, што гэта ўсё цяпер вырастае там, дзе ўвогуле не павінна было расьці. На высушанай непрыдатнай глебе, у цяжкіх умовах, у якіх апынуліся сядні беларусы ўва ўсім сьвеце. Прыемна назіраць, што куды б нас не занесла доля, няглядзячы на ўсе жыцьцёвыя выпрабаваньні, мы ўсё адно імкнемся напоўніць гэты сьвет сваёю энэргіяй, спрабуем дадаць хварбаў у шэра-блядую рэчаіснасьць. Таму я ўважаю, што варта заўважаць гэты бурлівы творчы вір і натхняцца, каб будучны год прынёс яшчэ больш добрай музыкі, івэнтаў і згуртаваў нас як ніколі раней.

Што датычыць канкрэтных імпрэз, якія запомніліся, то тут, збольшага, магу назваць толькі тыя, на якіх самому давялося выступаць.

Паэтычны вечар 25 красавіка ў Познані.

Паэтычны вечар 25 красавіка ў Познані адзначыўся ня толькі безгустоўнай (і бессэнсоўнай) правакацыяй з спробай зырваць вечар і выступ Сербскага Нажа, але й файнымі выступамі нашых познаньскіх і варшаўскіх зуброў. Быў рады паслухаць таленавітыя вершы Ільлі Сініцы, Сані Клюева і Ганны Шакель, на жаль ня трапіў на Фрыдрыха Самотнага і Данілу Вашкевіча цалкам, але ўпэўнены, што гэта было добра. З музыкі адзначу Сербскі Нож — ужо толькі тое, што яны прыцягваюць фрыкаў, якія пратэстуюць проці іх творчасьці, само сабой кажа пра іх каштоўнасьць як мастакоў. Што датычыць канкрэтна музыкі — для мяне блізкая іх эмацыйнасьць і шчырасьць, хацеў бы паболей такой беларускай музыкі ў розных жанрах. Таму зычу сябрам ізь Сербскага Нажа творчых посьпехаў, працавітасьці а натхненьня!

Рок-пікнік 14 чэрвеня пад мастом у Варшаве.


Я думаю за гэтым фарматам будучыня! Прыемны летні вечар, раптоўны івэнт, мост, бераг ракі, вогнішча, шмат музыкі, арганізацыя на каленцы, шмат знаёмых і незнаёмых твараў — для мяне гэта ідэальны мікс. Адчуў сябе як у 16-м годзе летам ў Менску, калі ў календары было больш п’яных і тусовачных дзён, чым цьвярозых… Але вяртаемся да тэмы… Слаба памятаю свой выступ, здаецца ён быў няўдалы і досыць недарэчны для такой падмастовай акустыцы, затое атрымаў асалоду ад Маразма Аркадыя, Сербскага Нажа і Голай Манашцы, з таго, што ўрыўкамі ўзьнікае ў памяці. Для поўнага кайфа не ставала толькі каб раздавалі шашлык. Раю дадаць у наступным годзе такую функцыю.

Далей у нас гіг 30-31 жніўня “Канец лета” ў Варшаве.


На жаль трапіў толькі на першы дзень гэнага дзейства, але агулам быў усьцешаны такой ініцыятывай і арганізацыяй. Рады зьяўленьню на беларускай музычнай сцэне фрэшманаў “Наступны прыпынак”. Гэта тое, чаго даўно не ставала нашай музыцы. Зычу выпусьціць больш трэкаў налета і даць больш файных канцэртаў. З выступаў хачу адзначыць “Кміт-ансамбль” — у поўным складзе музыка загучэла новымі колерамі, але ўвогуле, ствараецца уражаньне даўно сыграннага дзесяцігоддзямі гурта, які выдае стылю ўжо ня першы раз.

Канцэрт “І + І” ў Беластоку 29 лістапада.

Хачу яшчэ, як асабісты праект, адзначыць невялікі канцэрт “І + І” ў Беластоку 29 лістапада. Гэта мая першая спроба за доўгі час арганізаваць нешта музычнае самому. Падумаў, чаму бы не запрасіць свайго сябра Ільлю Сініцу ў Беласток, паграць нам свае песьні і ў канцы выдаць яшчэ традыцыйных мужчынскіх сьпеваў ад “Валачобнікаў”. Нягледзячы на сырую арганізацыю й гук на каленцы, атмасфэра была добрая, дамашняя. Прастора цалкам запоўнілася людзьмі й агулам усё прайшло добра. Таму залічваю гэты канцэрт як асабісты арганізацыйны посьпех.

Паэтычны Вечар Кшталт 14 сьнежня.

Закончым з падзеямі астатнім паэтычным вечарам Кшталт 14 сьнежня.
Адзіны мой выступ за год, які мне спадабаўся, у тым ліку таму, што гук быў прыемны, хвала гукарэжысэру! Агулам, канцэнтрацыя добрых выступаў зашкальвала, як і рандомнага крынжа ад невядомых мэтраў з залі. Музычная частка ўвогуле ўлятае кудысьці ў космас: Уладзь Лянкевіч, Андрусь Такінданг, Андрэй Лугін… Адным словам — было выдатна. Адзін мінус, на маю думку, гэта зацягнутасьць, праз што многія стаміліся і пайшлі спаць, не дачакаўшыся канца.

Калі казаць пра асабістыя вынікі — гэты год мне падарыў шмат радасьці а пакутаў. Але радасьцяў больш: выклаў міні-альбом “Вершы”, пачаў весьці свой ютуб-канал “На пачатку было слова”, шмат граў і сьпяваў, павандраваў, пабачыў новыя мясьціны й пераехаў у новае места. Асобна хачу падзячыць усім новым людзям, якія зьявіліся ў маім жыцьці сёлета, вы даяцё надзею на лепшае! Таксама ўдзячны ўсім прыкрасьцям і крызам, яны загартоўваюць і выяўляюць праўдзівых сяброў.

А чытачам Кшталту зычу каб музло перамагло зло.
З вамі быў Ільля Сіўцоў, бывайце!