September 14, 2018

Пакаленні Вольскага

Сёння свой Дзень народзінаў святкуе Лявон Вольскі. Мы вырашылі не завальваць кампліментамі рок-музыку, а распавесці пра чатыры пакаленні беларусаў, якія ў свой час пачыналі слухаць музыку Лявона Вольскага

Вольскі як знак Незалежнасці.

1989 год. Севярын Квяткоўскі.

Я стаю ў краме грампласцінак на вуліцы Маякоўскага ў Менску і не магу паверыць сваім вачам. За вакном вайсковая частка і 1989- год, а ў маіх руках дыск з беларускай мовай на вокладцы – «28-я зорка» гурту «Мроя». Лявону Вольскаму 24 гады, мне – 16. У 24 гады на ўсесаюзнай фабрыцы ў Ленінградзе ў цябе выходзіць дыск беларускамоўнага року дзе ты не двухсэнсоўна прасоўваеш ідэі дэкамунізацыі і нацыяналізацыі.

А за вакном не толькі вайсковая частка і 1989 год, за вакном дэ-факта хатняя хімія калі больш за 200 млн. чалавек пазбаўленыя права выяжджаць за мяжу. Ды што там за мяжу: ты літаратурнай беларускай мовай баішся выказвацца ў грамадскіх месцах каб цябе не палічылі за вар'ята. А тут – беларускі беларускамоўны рок. Праз год ты трапляеш на канцэрт «Мроі» у Акадэміі Мастацтваў (тады – Тэатральна-мастацкі інстытут), а яшчэ праз год Беларусь робіцца незалежнай пад Б-Ч-Б і «Пагоняй».

2004 год. Алесь Сьнег.

Мне было 14. Сябар з Менску прывозіў касеты беларускай музыкі і распавядаў, што ўся сталіца слухае N.R.M. Я тады набыў сабе касеты Spravazdača і трыб'ют N.R.M. Таму можна сказаць, што шмат трэкаў N.R.M. я спачатку пачуў у выкананні Красак, Цягні-Штурхай, Лепрыконсаў. Першы раз пабачыў Вольскага ў 2005, на першым у гісторыі фестывалі "Рок за баброў". Гэта быў Бабруйск і Лявон быў вядучы.

На школьных конкурсах, у дварах, у летніках мы заўжды спявалі N.R.M. Усе праекты Лявона мне падабаюцца па-свойму. У свае 27 вялікія канцэрты Вольскага я стараюся не прапускаць. Лічу, што і цяпер Лявон стварае сапраўдную рок-музыку Беларусі. Той жа альбом "Hramadaznaūstva" не горш за стары добры N.R.M. часоў нулявых.

2013 год. Ганна Клокава. 

Я вельмі позна прыйшла да беларускай культуры. Лявона пачула выпадкова, годзе ў 2013, натрапіўшы ў інтэрнэце на пост з просценькай песенькай "Дзень Волі". Мне было 17, я слухала рок, і зачапіла мяне не столькі песня, колькі імя выканаўцы, якое падалося хутчэй псеўданімам беларускага паэта.

Загугліла.

І тут перада мною адкрыўся цэлы сусвет. Мроя, N.R.M., Zet. Я была шакаваная, што такая музыка існуе па-беларуску. "Фабрыка", "Катуй-ратуй!, "Анёл", "Чорнае сонца", " Віно і хлеб"... Мяне заглынула амаль адразу і з галавой.

А пасля я пачала чытаць і глядзець інтэрв'ю, запісы выступаў – і менавіта тады сапраўды палюбіла Вольскага. Бо Лявон – гэта той унікальны выпадак, калі фаны і фанкі любяць творцу не толькі за песні і адрыў на канцэртах. А ў першую чаргу – за шчырасць, за душу, за сапраўднасць. За жыццёвыя погляды і ўсмешку ў вачох. Такога, напэўна, ні ў кога больш няма.

2017 год. Ліза Ганчарова.

Першы раз я ўбачыла і пачула Лявона Вольскага ў Графіці, ён быў з дрэдамі і асвятленне было як звычайна, вельмі каляровае. Увогуле касмічна. Але я не магу сказаць, што дакладна адчула, бо словы былі нібыта незразумелыя. Але я ўзяла тады с сабой коніка з сена, напісала "У глебаўцы гучаць вашы песні", падаравала і аўтограф узяла. Нешта падштурхнула, не ведаю што. Дзіўна, нібыта апынулася адразу ў іншым свеце. Перакрочыла праз парог. І нейкая ўзрушанасць, натхнёнасць была. Напрыканцы ён пытае: "Якая апошняя песня?". І людзі крычаць незнаёмыя назвы. Пасля гэтага я забіла ў гугл, хто гэта спяваў :)) Але я ўсе песні вучыла на канцэртах, а не ў запісах.