February 21, 2025

Ад нянавісці да любві адзін крок ці як пачаць перакладаць і не стаміцца

Вітаю, мой нік Lahojsk і я перакладаю гульні (і не толькі) на беларускую мову для Анібела.

Пачаць, напэўна, варта з таго, што я, як і шматлікая колькасць беларусаў, рос у рускамоўнай сям'і і ў рускамоўным асяроддзі. Ну і адсюль расло маё вельмі негатыўнае стаўленне да беларускай мовы (бо навошта нам яе вывучаць, калі яе ніхто не ужывае). Аднак у адзін момант штосьці ў галаве змянілася, і я пачаў спрабаваць перакладаць на беларускую мову коміксы і мангу. Канешне ж у стол. Рабіў я гэта just for lulz. Часам паказваў свае пераклады знаёмым расіянам і ўкраінцам.

На Анібел я прыйшоў праз «Дапамажы мне купіць малако». У студзені 2022 года яе паказала мне мая былая дзяўчына. Навела настолькі спадабалася, што я вырашыў перакласці яе за адзін дзень. І я зрабіў гэта за 8 гадзін, са слоўнікам (як і трэба). Зрабіць зрабіў, а што далей рабіць? Гульня цікавая, трэба заліць гульню кудысьці. А на Анібеле якраз раздзел з гульнямі з'явіўся. Ну вось падаў заяўку, а яны... АДКАЗАЛІ. Прыкладна з таго моманту я пачаў сваю працу перакладчыкам на Анібеле.

Зараз за маімі плячыма ляжыць пераклад дзвюх частак Малака, першай часткі ФНАФ, Аварыі і патч+рэдактура для лакалізацыі Докі-докі. А яшчэ я мангу перакладаю, так. Абавязкова пачытайце «На забой» ад беларускай мастачкі Ferry. Там пра зону, анамаліі і «ВСЖ».

------

Што тычыцца Майнкрафта, то, як і большая частка школьнікаў свайго пакалення, я быў яго лютым фанатам.
З 2015 года глядзеў розных лэцплэйшчыкаў (А ВЫ ПАМЯТАЕЦЕ ФІРАМІРА??? А АІДА??? А АНФАЙНІ??? А КЕЙНА??? А ЕЎГЕХУ???). Ну і гуляў у покет эдышн з аднакласнікамі па Wi-fi, куды без гэтага.

Да камп'ютарнай версіі дакрануўся я толькі гады два таму. Ну і пачаў задроціць. Шчыра кажучы, я сам даволі казуальны гулец. Думаю, што большасці чытачоў я прайграю ў ПВП, як гэта раблю кожны раз з крыперамі) мне больш падабаецца будаваць хаткі.

Сучасны Майнкрафт мне не сказаць, каб ужо і падабаўся. Вайб змяніўся, шарыце? Мой «той самы» Майнкрафт скончыўся дзесьці на версіях 1.8-1.10. Сучасныя версіі занадта багатыя на кантэнт і новых мобаў, якія выглядаюць нейкімі асобнымі ад старых (?). Ну і кам'юніці змянілася. Цяпер ты нібыта павінен ведаць 5 ферм і знаходзіць дыяменты за першую гадзіну, каб быць нармальным гульцом. Як мінімум, я з такім сустракаўся. Я больш фанат звычайнага медытатыўнага выжывання.

------

З беларускімі лакалізацыямі ўсё складана. Я той чалавек, які перакладае гульні са скарнікам+старнікам+вербумам і ўвесь час вядзе размову з рэдактарам (ёў, Дольцік, ты лютыыыыы), таму мне вельмі сумна глядзець на пераклады, зробленыя з дапамогай Google/Yandex Translate і ChatGPT. На маю суб'ектыўную думку, пераклады, якія робяць з дапамогай нейрасетак, — гэта халтура. Нават з рэдактурай. І ўся гэтая ідэалогія т.з. «фаргусізма» з прынцыпам «зробіма шмат, хутка і няякасна, але зробіма» вядзе нашу культуру перакладаў да дэградацыі. І добра, што Майнкрафт перакладаецца не такім чынам. АДНА З НАЙЛЕПШЫХ БЕЛАРУСКІХ ЛАКАЛІЗАЦЫЙ. Шарыце?

У чалавекаў таксама ёсць свае праблемы. Я асабіста шмат русізмаў ужываю пры перакладзе, за што мяне ганьбіць рэдактар. Некаторыя персанажы робяць усё магчымае, каб у перакладзе было як мага менш слоў, агульных з рускай мовай, нават калі гэтыя словы беларускія з даўніх часоў. Хтосьці рэгіяналізмы дадае, хтосьці ўжывае лексіку пачатку XX стагоддзя з Гышпаніямі, Ангеліямі і местамі замест гарадоў. У кожнага перакладчыка свае тараканы. Аднак гэта заўсёды лепш за нейрасеткі, у якіх няма паслядоўнай пазіцыі і, тым больш, адзінай тэрміналогіі.

Што будзе ў будучыні? Невядома. Хутчэй за ўсё нас чакае панаванне нейрасеткавай творчасці «фаргусітаў». На клясычных і афіцыйных правапісах. Шмат. Магчыма яно будзе смярдзіць, а можа і не будзе, калі рэдактары будуць прафесіяналамі. Паглядзім. Я не ведаю, як пройдзе мая сэсія (ну добра, на момант публікацыі ўжо ведаю), што ўжо казаць пра будучыню ІНДУСТРЫІ ПЕРАКЛАДАЎ? Думайце. Падпісвайцеся на канал і сачыце за праектамі Анібела.