February 20

Крыніца нацыянальнай самасвядомасці

21 ЛЮТАГА – МІЖНАРОДНЫ ДЗЕНЬ РОДНАЙ МОВЫ!

Сёння, калі межы свету размываюцца глабальнымі працэсамі, надзейным падмуркам самасвядомасці застаецца родная мова - той універсальны код, у якім спадчына продкаў сустракаецца з сучаснай дзяржаўнасцю, фарміруючы духоўна сталую асобу

Мова - гэта не проста сродак камунікацыі, а ўніверсальная знакавая сістэма, якая злучае пакаленні, фарміруе этнас і вызначае свядомасць кожнага чалавека. Маючы глыбока сацыяльны характар, яна не належыць нікому паасобку, бо ўзнікае ў грамадстве і служыць яго патрэбам. Аднак тое, як мы карыстаемся гэтым дарам, з’яўляецца глыбока індывідуальнай характарыстыкай кожнай асобы, адлюстраваннем яе ўнутранага свету.

Паняцце «родная мова» разглядаецца як шматгранны феномен. Гэта адначасова і «матчына мова», засвоеная з першых крокаў, і этнічны ідэнтыфікатар, што злучае нас з продкамі, і функцыянальны інструмент мыслення. Ідэальная сітуацыя - калі ўсё гэта сыходзіцца ў адной кропцы.

Мова выконвае важную ролю ў грамадстве. Выступае як інструмент мыслення і светаўспрымання, важны элемент фарміравання асобы, аснова стварэння дзяржаўнасці і нацыі. Гэта сувязь пакаленняў і феномен культуры.

На сучасным этапе развіцця дзяржавы і грамадства становіцца відавочным: толькі захоўваючы ўнікальнае аблічча, Беларусь можа разлічваць на дастойнае месца ў сусветнай супольнасці. У гэтым працэсе менавіта роднае слова выступае галоўным арыенцірам і сімвалам нашай самабытнасці. Выключная роля роднай мовы замацавана на самым высокім узроўні. Згодна з артыкулам 54 Канстытуцыі захаванне гісторыка-культурнай і духоўнай спадчыны з’яўляецца абавязкам кожнага. У гэтым кантэксце мова прызнаецца адной з найважнейшых фундаментальных каштоўнасцей. Ахова лінгвістычнага багацця не толькі дзяржаўная задача, але і асабістая адказнасць кожнага грамадзяніна або госця краіны. Таму папулярызацыя роднага слова лічыцца прыярытэтным напрамкам ідэалагічнай работы і гарантыяй таго, што духоўны скарб будзе перададзены нашчадкам у яго першапачатковым выглядзе (абзац 7 пункта 3.2 Дырэктывы № 12 Прэзідэнта ад 9 красавіка 2025 г. «Аб рэалізацыі асноў ідэалогіі беларускай дзяржавы»).

На важную ролю роднай мовы неаднаразова звяртаў увагу Прэзідэнт Беларусі падчас сустрэчы з прадстаўнікамі грамадскасці, дзеячамі навукі і культуры ў Нацыянальнай акадэміі навук - навукова-даследчай установе, дзе праводзяцца планамерныя даследаванні ў галіне беларускага мовазнаўства. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што менавіта беларуская мова адрознівае нашу нацыю ад іншых: «Нам трэба падумаць аб тым, каб кожны беларус ведаў беларускую мову. Так склалася гістарычна, што нашая і руская мова. Але руская мова нас не адрознівае ад іншых, напрыклад ад рускіх. А беларуская мова адрознівае». Ён акцэнтаваў увагу на тым, што рускую мову мы і так ведаем лепш за беларускую. Але нельга забываць сваю мову. «Калі мы не будзем ведаць беларускай мовы, - упэўнены Кіраўнік дзяржавы, - мы не беларусы. І руская мова, і беларуская мова - гэта наша. Трэба імкнуцца да таго, каб кожны беларус мог размаўляць на беларускай мове».

Магутнае слова, ты, роднае слова! Cа мной ты на яве і ў сне…
(Янка Купала).

Беларуская мова сёння - гэта паўнавартасная, развітая сістэма. Дзякуючы багатаму слоўнікаваму складу і распрацаванай навуковай тэрміналогіі яна здольна паспяхова абслугоўваць абсалютна ўсе сферы жыцця грамадства. Яе літаратурныя нормы трывала замацаваны ў шматлікіх лексікаграфічных даведніках, граматыках і фундаментальных працах, уключаючы Закон «Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі». Гэты магутны навуковы падмурак забяспечыў нашай мове статус адной з найбольш даследаваных сярод славянскіх моў, а беларускаму акадэмічнаму мовазнаўству - высокі прэстыж у свеце. Аднак рэаліі паказваюць, што афіцыйна замацаванае блізкароднаснае двухмоўе застаецца вызначальным фактарам існавання грамадства. Таму прыярытэтнай задачай становіцца пашырэнне сферы рэальнага ўжытку беларускага слова. Толькі праз актыўнае выкарыстанне ва ўсіх сферах камунікацыі беларуская мова зможа захаваць і ўзмацніць сваю ролю як галоўнага фактара нацыянальнай адметнасці ў XXI стагоддзі.

Трэба любіць, ведаць і шанаваць мову свайго народа і ўмець дасканала валодаць ёю (Якуб Колас).

Менавіта для абароны моўнай спадчыны 21 лютага ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Вялікае свята для нацый абвешчана 26 гадоў таму - 17 лістапада 1999 г. на 30-й сесіі Камісіяй ААН па пытаннях асветы, навукі і культуры (30С/62). Яно скіравана на заахвочванне шматмоўнай адукацыі, абарону нацыянальных моў і культур, а таксама на захаванне права кожнага чалавека карыстацца родным словам. Павага да ўсіх моў - фундамент для міру на планеце.
Штогод свята прысвячаецца важным тэмам: ад аховы нематэрыяльнай спадчыны да ролі мовы ў навучальных установах. Гэта нагадвае нам, што права карыстацца роднай мовай - базавае для кожнага чалавека. Дбаць пра моўную разнастайнасць - значыць не толькі берагчы слова, але і ахоўваць непаўторны погляд на навакольную рэчаіснасць.

Мова - гэта вялікі народны скарб. Яго нельга не паважаць, як нельга
не паважаць родны народ (Іван Мележ).

Каб асаблівасці беларускай культуры захоўваліся праз пакаленні, вялікая работа ў гэтым напрамку павінна весціся ў сістэме адукацыі. Важная задача бачыцца ў пашырэнні выкарыстання роднай мовы ў адукацыйнай прасторы, падтрыманні розных культурных iнiцыятыў: правядзенне вучэбных заняткаў, навукова-даследчай работы, ідэалагічных і выхаваўчых мерапрыемстваў, арганізацыя тэатральнай, мастацкай, літаратурнай, музычнай, музейнай і іншай сама­дзейнасці. Сацыяльныя сеткi i iнтэрнэт таксама могуць стаць iнструментамi распаўсюджвання беларускай мовы сярод моладзi.

Вышэйшая школа з’яўляецца адным з галоўных інстытутаў падтрымання беларускай мовы і традыцыйнай культуры ў грамадстве. Нацыянальныя каштоўнасці народа, яго духоўная спадчына, гістарычны вопыт заўсёды служылі моцнай крыніцай выхавання падрастаючага пакалення. Акрамя гэтага, паскоранае развіццё навукі і тэхнікі, укараненне новых тэхналогій, павышэнне ўзроўню маўленчай дзейнасці і функцыянаванне спецыяліста ва ўмовах білінгвізму патра-
буюць ад адукацыйных устаноў падрыхтоўкі спецыяліста з развітымі навыкамі камунікацыі, які на высокім узроўні мог бы наладжваць зносіны ў прафесійнай сферы як на рускай, так і на беларускай мове.

Каб родная мова і культура актыўна развіваліся, неабходна ўсведамленне важнасці захавання нацыянальнай адметнасці, прывіццё пачуцця гонару за сваю гісторыю і традыцыйную духоўную спадчыну. Выхаванне патрыятызму праз роднае слова бачыцца актуальным і важным для фарміравання высокамаральнай творчай асобы з адпаведным узроўнем культуры і нацыянальнай самасвядомасці, здольнай дзейнічаць у інтарэсах дзяржавы і свайго народа.

Падагульняючы, варта падкрэсліць: любая форма мовы (літаратурная, дыялектная ці гістарычная) - гэта бясцэнны скарб, які не мае аналагаў. Страта яго прыводзіць не проста да знікнення слоў, а да знішчэння значнай часткі сусветнай цывілізацыі. Для кожнай асобнай краіны заняпад роднай мовы - гэта адкрытая пагроза нацыянальнай самабытнасці і дзяржаўнай незалежнасці. Зберагчы мову - значыць захаваць душу народа і яго права на будучыню.

Таццяна ПАМАЗЕНКА, старшы выкладчык кафедры беларускай і замежных моў Акадэміі МУС.