Тры пакаленні сям’i Чабатаровых служыць закону ўжо амаль 50 гадоў
Маёр міліцыі ў адстаўцы Валерый Чабатароў, у мінулым — начальнік службы кадраў Аршанскага гарадскога аддзела аб'яднання «Ахова», прысвяціў органам унутраных спраў чвэрць стагоддзя. Цяпер яго справу працягваюць сын і ўнук
Загартоўка ў эпоху станаўлення
У 1977-м, пасля арміі, Валерый Мікалаевіч цвёрда вырашыў звязаць жыццё з аховай грамадскага парадку. Пачынаў міліцыянерам ППСМ Аршанскага ГАУС. Наяўнасць у горадзе трох папраўчых калоній фармавала тут асаблівае сацыяльнае асяроддзе: асуджаныя, якія вызваліліся, часта асядалі ў райцэнтры, ствараючы групоўкі.
— Гэта былі іншыя вуліцы і іншая служба, — успамінае ветэран. — Рэйды, аперацыі, пастаянныя канфлікты. Сучаснай экіпіроўкі, сувязі, спецсродкаў тады не было. Часам выязджалі на бойкі, дзе збіралася па 50 удзельнікаў. У такіх сутычках кожны год гінулі каля дзясятка чалавек. Адным з распаўсюджаных відаў злачынстваў былі таксама крадзяжы. Аднойчы, правяраючы ўначы вартаўнікоў на пастах аховы, В. Чабатароў убачыў, як некалькі маладых людзей ламаюць гандлёвы павільён. Юнакі кінуліся ўрассыпную, ледзь заўважыўшы вартавых парадку. Тады ён неадкладна прыбыў у аддзел і ўжо разам з групай затрымання накіраваўся на пошукі злодзеяў. Знайшлі іх хутка: думаючы, што пагоня абмінула, злачынцы павольна шпацыравалі па пустым горадзе. Пазней высветлілася іх дачыненне да 20 крадзяжоў з узломам...
З часам Валерый Мікалаевіч, пераадолеўшы конкурс у восем чалавек на месца, паступіў на завочнае аддзяленне юрыдычнага факультэта БДУ. Навучанне стала трамплінам для імклівага службовага росту: спачатку да сакратара партыйнай арганізацыі АУС, а ў 1987 году — да куратара праваахоўных органаў у гаркаме партыі.
У 1990-м В. Чабатароў вярнуўся ў родны ГАУС і ўзначаліў службу кадраў. Пад яго кіраўніцтвам працаваў вялізны калектыў у 560 атэставаных супрацоўнікаў. У дакампутарную эпоху ўсе дакументы — асабістыя справы, загады, справаздачы — вяліся ўручную і з дапамогай пішучай машынкі.
— Адна памылка ў загадзе — і ўсё прыходзілася набіраць зноўку, — распавядае суразмоўца. — Парой працаваў суткамі, часта начаваў у кабінеце. Бо трэба было фармаваць касцяк вартавых парадку, выхоўваць кадры. Дарэчы, многія з іх у шэрагах да гэтага часу.
Падыход афіцэра да адбору асабовага складу быў філігранны і шматступенны. Разумеючы, што характар важней фармальных паказчыкаў, ён увёў унікальную сістэму «выпрабавальнага тэрміну». Кандыдатаў спачатку бралі на пасады вартаўнікоў.
— Глядзелі на чалавека ў звычайным жыцці: як кантактуе, ці ёсць шкодныя звычкі, ці дысцыплінаваны ён, — тлумачыць ветэран. — Вялікім плюсам быў спорт, бо разраднік ужо чалавек сабраны, мэтанакіраваны.
Цікавым ноу-хау сталі штомесячныя літаратурна-музычныя гасцёўні ў гарадской бібліятэцы. Дзеючыя супрацоўнікі і кандыдаты на службу збіраліся ў нефармальнай абстаноўцы, чыталі вершы, абмяркоўвалі кнігі, слухалі музыку.
— Тут раскрывалася душа чалавека, культура, інтэлект, — удакладняе маёр міліцыі ў адстаўцы. — Да канца вечара было зразумела, хто наш чалавек, а хто — не. Многія з тых, каго тады прыняў праз такія «агледзіны», сталі лепшымі аператыўнікамі, кіраўнікамі падраздзяленняў.
У 1994 годзе В. Чабатароў стаў начальнікам службы кадраў Аршанскага гарадскога аддзела аб'яднання «Ахова», удзельнічаў у яе рэфармаванні і пашырэнні. З таго моманту аддзел стаў адным з найлепшых па службовых паказчыках. Галоўны сакрэт поспеху — моцны і згуртаваны калектыў.
— Кандыдатаў было шмат, аднак палову з іх даводзілася адсяваць, — дзеліцца Валерый Мікалаевіч. — Адбор праводзіўся строгі і прынцыповы. Будучыя супрацоўнікі праходзілі тэсціраванне на прафарыентацыю, дзе высвятляліся іх асаблівасці характару, рэагаванне ў розных сітуацыях, здольнасці да той ці іншай дзейнасці. Дарэчы, з увядзеннем гэтай сістэмы і дапамогі псіхолага колькасць дысцыплінарных спагнанняў сярод супрацоўнікаў скарацілася ўдвая.
Служба афіцэра, поўная трывожных выклікаў і яркіх перамог, завяршылася ў 2002 годзе. Аднак ён не змог сядзець склаўшы рукі: знайшоў сябе ў ролі адміністратара паляўнічай базы. Галоўнай жа справай жыцця лічыць сям'ю, дзе выхаваў дастойных пераемнікаў.
Усвядомлены выбар
Сын Валерыя Мікалаевіча прапаршчык міліцыі Аляксей Чабатароў, міліцыянер батальёна міліцыі Аршанскага АДА, з дзяцінства рос у асаблівай атмасферы. Бачыў бацьку не толькі дома, але і на службе — падцягнутага, паважанага калегамі. Наведванне святочных мерапрыемстваў у аддзеле, сямейна-спартыўных спаборніцтваў фарміравала ў хлапчуку жаданне стаць часткай вялікага і дружнага калектыву.
— Рашэнне працягнуць шлях бацькі прыйшло само сабой, — прызнаецца Аляксей. — Ён падтрымаў, але не настойваў. Толькі сказаў: «Будзь гатовы да цяжкасцяў, але, калі абраў, служы сапраўды».
З 1999 года малады чалавек акунуўся ў будні аховы. Адным з першых яго поспехаў стала затрыманне па гарачых слядах групы падлеткаў, якія абрабавалі завадскі склад. Вартаўнік указаў напрамак, куды рушылі злачынцы, і маладыя праваахоўнікі аператыўна спрацавалі.
— Цяпер служба больш тэхналагічна, але сутнасць засталася той жа: абараняць, садзейнічаць, прадухіляць, — падкрэслівае прапаршчык міліцыі. — Да мяне звяртаюцца не толькі па пытаннях бяспекі, але і па параду, нават медыцынскую дапамогу. Адчуваць давер людзей дарагога варта.
Аляксей — граматны, ініцыятыўны супрацоўнік, для якога досвед бацькі стаў не проста сямейнай легендай, а практычным кіраўніцтвам. Цяпер ён сам звяно ў ланцугі пераемнасці: з гонарам і адказнасцю будзе перадаваць багаж ведаў наступным пакаленням.
Традыцыя ў лічбавую эпоху
Рашэнне ўнука Вадзіма працягнуць дынастыю стала для сям'і і радаснай, і нечаканай падзеяй. Малодшы сяржант міліцыі, у мінулым — студэнт-праграміст, служыць міліцыянерам батальёна міліцыі Аршанскага АДА.
— Думалі, пойдзе ў IT, ён жа цвёрда заявіў: «Хачу як дзед і бацька», — усміхаецца ветэран. — Вядома, распавядалі аб усіх складанасцях і тонкасцях службы, але ён быў непахісны. І ў гэтай упэўненасці ўбачылі не юнацкі максімалізм, а свядомы выбар.
Такі ўчынак красамоўней любых слоў гаворыць аб сіле сямейных каштоўнасцей, закладзеных заснавальнікам дынастыі. Вадзім зрабіў выбар на карысць служэння грамадству, стабільнасці і надзейнасці.
— З дзяцінства чуў расказы, бачыў, як бацька і дзед ставяцца да прафесіі, — дзеліцца малады чалавек. — Для мяне гэта не проста служба, а місія, статус і працяг гісторыі сям'і. У будучыні планую атрымаць афіцэрскае званне.
Бацька падтрымаў сына, стаўшы для яго першым настаўнікам. Цяпер імкнецца перадаць маладому супрацоўніку не толькі практычныя навыкі, але і разуменне: міліцэйская форма — гэта давер людзей, якіх нельга падвесці.
Дынастыя Чабатаровых — жывы мост паміж эпохамі: міліцыяй савецкага часу і сучаснай, тэхналагічнай службай аховы.
Анастасія ФЕДАНЕНКАВА, Фота Святланы БАГДАНАВАЙ, з асабістага архіва В. М. ЧАБАТАРОВА