February 27

Спадчына ў вершах

Член Саюза пісьменнікаў Беларусі генерал-маёр міліцыі ў адстаўцы Іван Юркін, у мінулым - першы намеснік Дзяржаўнага сакратара Савета Бяспекі Беларусі, прэзентаваў сваю кнігу выбраных вершаў і песень «Верыць і любіць»

Ганаровы ветэран рэспубліканскага савета Беларускай грамадскай арганізацыі ветэранаў органаў унутраных спраў і ўнутраных войск МУС з дзяцінства захапляўся творчасцю.

- Памятаю, у 5-м ці 6-м класе выйшаў за вёску. Прыгажосць вакол неапісальная, - узгадвае ветэран. - Бачу, з лесу ідуць хлопцы і нясуць поўныя кошыкі грыбоў. І ў мяне імгненна склаўся невялікі верш. Прачытаў аднакласнікам, а тыя расказалі настаўніку беларускай мовы. Яна пахваліла мяне і абвясціла ўсяму класу: вось, маўляў, цяпер у нашым раёне будзе два паэты - Аркадзь Куляшоў і Іван Юркін.

…Творчы шлях паэта пачаўся з дакументальнай кнігі «Генералы дзяржбяспекі», якая выдавалася тры разы. Дзіцячыя апавяданні стаўпісаць са з’яўленнем унучкі Машы: дзяўчынка ведала ўсе «растыражаваныя» казкі, хацелася стварыць нешта асаблівае. Добры дзядуля пачаў прыдумляць і фантазіраваць, часта асноўваючы сюжэты на рэальных выпадках з жыцця. Першай дзіцячай кнігай стала «Маша і яе сябры», за ёй - «Малекула ў дзіравых ботах» і «Забаўныя гісторыі».

Паэтычны набытак Івана Захаравіча налічвае больш за 250 вершаў, многія з якіх атрымалі новае жыццё ў фармаце песень. Сярод яго аўтарскіх зборнікаў - «Крыніцы», «Вясковае танга» і «Любові срэбная ніць».

Член саюза пісьменнікаў таксама з’яўляецца аўтарам Гімна Саюзнай дзяржавы на беларускай мове. Яго спрабавалі напісаць больш за дзесяць гадоў, з’яўляліся розныя варыянты, але ніводны з іх не кранаў душы двух народаў. Кандыдатуру ветэрана прапанаваў Анатоль Ярмоленка, народны артыст Беларусі і аўтар музыкі гімна.

- Патэлефанаваў народны артыст Расійскай Федэрацыі, былы галоўны дырыжор Прэзідэнцкага аркестра Павел Аўсяннікаў, - распавядае І. Юркін. - Спачатку адмовіўся, але знайсці натхненне дапамагла жонка. Ужо першы варыянт пайшоў у работу, яго і пакінулі.

Кніга «Верыць і любіць» убачыла свет сёлета. У яе ўвайшлі лепшыя творы паэта, сярод якіх шмат вядомых песень. Творчасць Івана Юркіна - гэта адлюстраванне вобразаў роднага краю, увасабленне любові да прыгожай і адзінай жанчыны, паважлівая памяць тых, хто абараняў наша мірнае жыццё і ахоўвае яго сёння.

Падрабязна азнаёміцца з творчасцю актывіста ветэранскага руху ў бліжэйшы час можна будзе, наведаўшы аўтарскую экспазіцыю ў Музеі МУС.

Да новых сустрэч!

Юлія БЫЧАК