June 19, 2018

Ад Стаўбцоў да Наваельні па паўднёвай частцы Наваградскага ўзвышша

Фотаальбом

Так здарылася, што ў пятніцу ўвечары я апынуўся без веламаршрута на суботу - запланаваную калектыўную ПВД да Прыпяці прыйшлося перанесці куды-небудзь на больш позні тэрмін. Выхад быў толькі адзін - адчыніць анлайн-мапу "Глобуса Беларусі" і GPSies і хуценька накатаць сабе абсалютна новы маршрут. Абраў шлях праз Карэліцкі, Наваградскі і Дзятлаўскі раёны, бо там, на дзіва, дагэтуль яшчэ не ўвялі забарону на наведванне лясоў (у абсалютнай большасці раёнаў краіны праз спякотнае і сухое надвор'е гэтая забарона зараз дзейнічае - праўда, як кажуць, кантралюецца яна не надта сувора). Такія вось апантанна складзеныя маршруты звычайна пераўтвараюцца ў латэрэю - як паказвае практыка, мне вось значна цікавей катацца па маршрутах, над якімі ўжо пэўны час папрацаваў і паспеў "пражыць" імі і "настроіцца" на ніх. Тут жа можа апынуцца так, што маршрут будзе цікавы, а можа і так, што фігня прахадная нейкая выйдзе, якая нават не запоміцца. Ну а што выйшла менавіта з гэтага маршрута - пра гэта ўжо можаце, як звычайна, прачытаць пад катам

01. Стартаваў ад Стаўбцоў

02. Надвор'е ўраніцы было дрэнным, таму фотачкі первай паловы дня будуць шэрыя і пахмурыя. Старыя дамы ля стаўбцоўскага вакзала

03. vmccaskey калісці замаўляў у мяне фотачку абраза на мясцовай стаўбцоўскай царкве. Ён пэўна ўжо сам забыўся пра гэтую замову, але я яе выканаў :)

04. Нёман. Я ўжо ў сакавіку выкладваў фота гэтага месца падчас паводкі. Вось на гэтым фота бачна, якой шырыні Нёман у гэтым месцы на самой справе

05. Ад Стаўбцоў у бок Старой Свержані вядзе палявая брукаваначка. Яна была галоўнай нагодай для мяне стартаваць менавіта са Стаўбцоў, а не з якой-небудзь кропкі, больш блізкай да Наваградскага ўзвышша

06. Стаўбцы на гарызонце

07. У Старой Свержані царква хоць ужо і дзейнічае, але выглядае як нейкая недабудова

08. Траса М1

09. Каціў-каціў нейкімі грунтоўкамі і гравійкамі у бок Міра, даязджаю туды, дзе трэба паварочваць - а там зарасло ўсё, ды так, што ўвогуле ну ніяк не пралезць. На шчасце, прыгадаў, што за кіламетр да гэтага праехаў іншы паварот у той жа бок, вярнуўся - і о шчасце, тая лясная грунтоўка, павіляўшы крыху па лесе, вярнула мяне на трэк. Там праехаў яшчэ які кіламетр - і зноў дарога зарасла. На шчасце, дакаціў да нейкай напаўжывой вёсачкі, а там нейкімі дарожкамі аб'ехаў-такі тое месца. Мясціны там, на памяжоўі Стаўбцоўскага і Карэліцкага раёнаў (гэта, калі што, яшчэ і вобласці розныя), слабазаселеныя, а дарог нармалёвых, як водзіцца, між глыбінкамі розных раёнаў няма

10. Затое тымі дарожкамі ў аб'езд натыкнуўся на "неўлічанку" (даруйце мне маю бухгалтарскую тэрміналогію) ў выглядзе драўлянай ці то царквы, ці то капліцы на могілках ля вёскі Любна

11. За Любна пачалася Гарадзенская вобласць. Вадзяны млын на рэчцы Міранцы

12. А там ужо і да Міра з яго славутым замкам зусім недалёка

13. У Міры прышлося перачакаць невялікі дожджык (заадно і перакусіў). Мірскі замак - бліжэй не паехаў, бо быў там ужо не раз

14. Касцёл святога Мікалая. О, а вось і сонца выглянула!

15. Далей было вельмі многа асфальту. Даляцеў да Вялікіх Жухавічаў. Здаецца, таксама рэшткі вадзянога млына на рэчцы Ушы

16. Сажалка на рэчцы Ушы

17. І сама рэчка Уша

18. У Вялікіх Жухавічах ёсць цікавая драўляная царква (ажно 18 стагодзя) Св. Пятра і Паўла

19. Пачынаюцца ўзгорыстыя краявіды Наваградскага ўзвышша

20. У Цырыне

21. Мясцовая царква-навадзел. Зроблена ў 1991 годзе на месцы старой царквы

22. Каплічка

23. Качу далей

24. Тут цячэ рэчка Сервэч

25. Яшчэ дзясятак кіламетраў асфальтам - і Варонча. Варонча была сваеасаблівым "водападзелам" вандроўкі - першыя 65 кіламетраў (менавіта столькі я і праехаў ад Стаўбцоў да Варончы) былі тым самым "прахадным" маршрутам, сваеасаблівым "пралогам" да астатняй дыстанцыі. Як звярнуў у Варончы - адразу стала цікавенька. Перш за ўсё - на старыя каталіцкія могілкі. Тут з 1989 года стаіць драўляная каталіцкая капліца - відавочна, яна ўжо не дзейнічае

26. Шыльда на польскай мове праржавела

27. "Глобус Беларусі" называе гэтыя могілкі "аднымі з самых цікавых негарадскіх могілак" Беларусі. Я неяк зусім не фанат могілак, але вось гэтыя тры помнікі спадабаліся - не львоўскі Лычаків, канешне, але таксама каларытненька

28.

29.

30. Але галоўная цікавостка Варончы, канешне ж, не могілкі (дарэчы, хоць і называюць іх "старымі каталіцкімі" - нават шыльда такая непадалёк ад увахода вісіць - але ж, праваслаўных крыжоў я там бачыў таксама нямала ), а шыкоўны белы касцёл Святой Ганны (18 ст.)

31.

32. Вясковае возера

33.

34. А за вёскай брукаванка пайшла

35. Краявіды Наваградчыны працягваюцца

36. Ад Варончы да Плужын вяло некалькі кіламетраў досыць выдатненькай і маляўнічай дарогі

37. З рэльефам, зразумела ж

38. А пасля кіламетра лясной дарогі на самой мяжы Карэліцкага і Наваградскага раёнаў ужо і Плужыны выглянулі

39. Вёсачка як вёсачка

40. Хаткі Наваградчыны

41. Гэта ўжо Мірацічы

42. І тут брук. На Наваградскім узвышшы гэтага дабра хапае!

43. Драўляную званіцу ўкаталі ў сайдынг

44. Брукаваная вуліца

45.

46. Ад Мірацічаў усяго некалькі кіламетраў да Свіцязі

47. Па беразе возера там ідзе сцежка, але амаль не кацілася, бо корні

48. Час ужо быў на абед, таму прыпыніўся на беразе ля ўтульнага ўвахода ў возера і залез нагамі ў ваду. Праўда, прыйшлося з ежай у руках адыйсці далей ад берага, на сонца, бо камары :(

49. Пасля Свіцязі папіліў яшчэ кіламетраў 15 да Ятры. Рэчка Ятранка. Усёльткі на такія невялічкія рэчкі катацца ёсць сэнс толькі вясной ці, мо, увосені, бо летам зарастаюць яны...

50. Драўляны будыначак у Ятры прыстасаваны пад царкву

51. Валун "Запольскі" ў вёсцы Заполле

52. Малады ельнік

53. Аўтобусны прыпыначак для хобітаў

54. На фінішы маршрута быў шэраг з былых вадзяных млыноў. Першы, перад Стараельняй, яшчэ досыць добра захаваўся. Там, здаецца, нейкую чарговую аграсядзібу будуюць

55. Сажалка на Ятранцы

56. Гэта ўжо ў самой Стараельні, тут таксама млын быў

57. Вадзічка празрыстая

58.

59. Непадалёк ёсць невялічкі драўляны Троіцкі касцёл, пабудаваны недзе ў часах распаду СССР на месцы старога касцёла, знішчанага падчас Другой сусветнай вайны

60. І яшчэ адзін былы млын на ўсё той жа Ятранцы - у вёсцы Круцілавічы

61. Апошні на гэты дзень кавалак брукаванкі - у Рабках

62. І хуценька я быў ужо ў Наваельні, дзе і скончыў свой маршрут

63. Будынак вакзалу там прыгожы - яшчэ б касіркі ўмелі выпісваць квіток на ровар, бо пакуль пані за шклом два разы кудысці патэлефанавала і змагла мне яго выбіць (прычым, як кажа yauhenk, там гэта звычайная з'ява), то я ледзь у краму за чарговай бутэлькай вады скатацца паспеў да цягніка

Ну вось такая вось вандроўка, апошнія кіламетраў 40-45 вельмі спадабаліся

І, як звычайна

Страва:

Рэлайв (можаце і ў Інстаграм дадавацца, я там, бывае, анлайню свае вандроўкі больш аператыўна):

https://instagram.com/p/BkIpRpiBkWN