July 17, 2018

Па паўднёвых раёнах Мінскай вобласці: Сераднякі-Грозава-Капыль-Нясвіж-Гарадзея

Фотаальбом

У гэтыя дні адбываецца вельмі значная падзея ў гісторыі Беларусі - да нас з двухтыднёвым турам з Пскова прыкаціў рэвізор сам ak1961. Прайсці міма гэтай падзеі я ніяк не мог, таму ў суботу мы з victogan зладзілі вандровачку ў паўднёвыя раёны Мінскай вобласці

Перадгісторыя вандроўкі была такая - мы з Андрэем калісьці дамовіліся, што 14 ліпеня я вольны, таму калі ён будзе дзесьці недалёка ад Баранавічаў, то абавязкова перакрыжуемся. Але дрэннае надвор'е так затрымала яго, што толькі ў аўторак я атрымаў паведамленне, што яны з сынам зрэшце перасяклі мяжу ля Езярышча. Ад Езярышча да Баранавічаў - амаль уся краіна, таму я ўжо падумаў, што не паспеюць да нас - ды і дамовіліся з Віцем скатацца на Выганашчанскае возера (я там ніколі не быў, Віця быў не раз, але рады туды вярнуцца). І вось у пятніцу вечарам атрымоўваю СМС - "заўтра будзем у 1 гадзіну дня ў Капылі". Я б не дараваў сабе, калі б абмінуў магчымасць пазнаёміцца з Андрэем ужывую, таму хуценька затэлефоніў Віце - і мы ўжо перарабляем нанава ўвесь маршрут. А што Выганошчы... Выганошчы нікуды ад нас не пацякуць, думаю, што ў гэтым годзе я туды абавязкова скатаюся

01. Смецце

02. Слуцкі цягнік прыкладна ў 10 гадзін раніцы прывёз нас на п.п.Сераднякі, гэта амаль пад Слуцкам. Віця адразу ўзяўся за любую справу - чыгуначнастанцыяфатаграфаванне. Чакайце хутка на "Фоталініях"! :)

03. Вёсачка Барок. Па ўсёй вёсцы раскіданы такія вось камяні з шыльдачкамі з асноўнымі падзеямі гісторыі вёсачкі. Вельмі зручна, на самой справе. Звычайна каціш праз такую вёску, пару разоў шчоўк-шчоўк фоцікам - і далей, так нічога і не даведаўшыся пра гэты населены пункт. А тут вось мы праехалі - і ведаем, што заснавана вёска ў 1499 годзе; што папярэдняя назва - Баслаўцы; што была, відавочна, тут яшчэ адна вёска - Волгін; і яшчэ шмат чаго карыснага...

04. Галоўная архітэктурная памятка вёскі - цікавая і досыць арыгінальная царква пачатку 20 стагоддзя

05.

06. Салдацік і буслік

07.

08. За Барком з'ехалі з асфальту на грунт. Пасля дажджоў грунтовыя дарогі часцяком у лужынах

09. Вадасховішча з вялікім востравам пасярэдзіне

10. Месца праваслаўнага адпачынку. Як ужо напісаў Віця, брудненька там было

11. Далей нам было патрэбна пераскочыць з Слуцкага ў Капыльскі раён. Як вядома, між раёнамі добрыя мясцовыя дарогі часцяком становяцца дрэннымі, а дрэнныя мясцовыя дарогі могуць і знікнуць. Тут была дрэнная дарога - і яна амаль знікла

12. Віця ў джунглях. Калі вам не падабаюцца фотачкі Віцінай спіны, то вы зажраліся, добрая ў яго спіна :р

13. Паспрабавалі аб'ехаць джунглі грунтоўкай, але яна прывяла нас у кар'ер, і шансаў на тое, што за кар'ерам будзе дарога, было нямнога

14. Прыйшлося вяртацца ў джунглі. Там спачатку была нейкая сцежка, потым праз крапіву прадзіраліся

15. Пасля крапівы бураковым полем каціць было ўжо нескладана

16. А бураковае поле ўжо ў Капыльскім раёне было. Ды будуць вам фотачкі Віцінага твару, не перажывайце!

17. Полюшка-поле

18. Капыльскі раён і сам невыразны нейкі, і знакі дарожныя там малюсенечкія

19. Палі

20. Тут пачынаюцца Капыльскія ўзгоркі, таму дарога ішла ўверх-уніз

21. Гразавок. Рэшткі сядзібы зарастаюць

22. Залішкі былога багацця

23.

24. Зазірнулі ў Грозава (ці Грозаў). Там не так даўно рэшткі былой шыкоўнай сядзібы-палацу нехта купіў, пачаў будаваць санаторый, ды хутка спыніў гэтую справу. Праінспектавалі - у параўнанні з мінулым годам нічога не змянілася

25. Святое месца - помнік у гонар Слуцкага збройнага чыну

26.

27. Да прызначанага часу сустрэчы заставалася меньш за гадзіну, таму ад Грозава мы пакацілі на Капыль. Але не роўнай прамой 15-кіламетровай дарогай, якой бы мы да Капыля за якія 30-40 хвілін даляцелі, а нейкімі мясцовымі дарогамі крыху на поўнач ад трасы. Спачатку асфальт быў роўны ды хуткі, а краявіды - вельмі прывабненькія. Ляцелі - і глядзелі па баках. Але раптам нешта пайшло не так - трэк звярнуў з асфальту, а там дарогі ніякай не выявілася - проста кукурузнае поле. Праз кукурузнае поле прабіліся, там дарога не з'явілася, але каціць стала прасцей. Віця прыпыніўся, каб сфоткаць мяне

28. Далей быў яшчэ кавалачак крапівы, потым проста лясная дарожка, потым пачаўся дожджык, потым я заглядзеўся на мапу і ўляцеў прама ў кола Віцінага ровара, не заўважыўшы, што ён прыпыніўся - пакуль выпраўлялі, пакуль вырульвалі на шашу - ў Капылі былі толькі ў дзве гадзіны дня. Праўда, як выявілася, Андрэй з сынам таксама трохі спазніліся і прыехалі не намнога раней за нас. Вось і сам ak1961

29. Віця і яго сябры-падапечныя

30. Сам Капыль - гарадок досыць дэпрэсіўненькі, лічу яго адным з найбольш "страшненькіх" беларускіх райцэнтраў

31. Андрэй планаваў каціць да Нясвіжа праз Цімкавічы, але гэта быў круг кіламетраў на 15 (ці нават 20), ды яшчэ і досыць запружанай няўтульнай шашай. Віця, які, напэўна, за столькі год абкатаў усе дарогі ў аколіцах Баранавічаў і суседніх раёнах, адразу прапанаваў каціць больш прамой дарогай - праз Салтанавічы. Выявілася, што там досыць добрая асфальтавая дарога, з дастаткова прывабнымі краявідамі і з зусім нячастым трафікам - катай не хачу :)

32. Ну, мы і кацім. Далей было кіламетраў 30 прыемнага маляўнічага матрасінгу-асфальтынгу - таксама час ад часу карысна. Капыль яшчэ на гарызонце

33. Збіраліся хмары

34. Жаўнерчык

35. Віця і аўта-агра-трэш

36. Пацейкі

37. Цывілізаваная вёсачка, нават такі вось "алімпійскі" парк у цэнтры ёсць

38. Нават станцыя буккросінга знайшлася

39. З большага - макулатура нейкая. Хаця вось і Драйзер ёсць, напрыклад

40. Агульны выгляд міні-парка

41. Хмара падыйшла настолькі блізка, што мы нават схаваліся на некаторы тэрмін ад яе на першым жа аўтобусным прыпыначку

42. Але зрэшце пабачылі, што праходзіць яна міма і бокам, таму пакацілі далей

43. Дот

44. Троіцкая царква 1826 года ў Салтанаўшчыне

45. Стары адміністратыўны будынак пачатку 20 стагоддзя

46. Фота на памяць

47. З іншага боку падыходзіла новая хмара - дзякуй, што яна ўжо не гразавая была

48. У некалькі кіламетрах ад Нясвіжа Віця знайшоў пскавічукам стаянку на беразе нейкай чарговай сажалкі, дзе яны і размясціліся на надыходзячую ноч

49. Фота на памяць

50. Суровы паходны побыт

51. Маляўнічай дарогай рушылі ў бок Нясвіжа

52. Андрэй таксама скатаўся з намі да першай крамы

53. Аўтасервіс у будынку 1928 года

54. Тут мы пакінулі Андрэя і пакацілі на апошнюю частку трэка - у Гарадзею. Ехалі праз Нясвіж, да замку жадання паварочваць не было, таму на гэты раз абмежаваліся толькі цэнтральнай плошчай і Ратушай. Тым болей, хмара з №47 усё набліжалася і набліжалася

55. Нясвіж сучасны. Што мне не падабаецца ў Нясвіжы - дык гэта доўгі-доўгі няўтульны выезд у паўночны бок

56. Бліжэй да Гарадзеі такі патрапілі пад дождж

57. А ў Гарадзеі ўжо было сонейка

58. Адтуль электрычкай вярнуліся ў Баранавічы

Справавзачу ад Віці (там жа ёсць і трэк, бо ў мяне Страва на гэты раз зноў глюкнула, за што хутка будзе выдалена) абавязкова чытайце ТУТ