August 27, 2018

Баранавічы - Ляхавіцкае вадасховішча - Мядзведзічы - Раманоўшчына

Фотаальбом

Лета паціху праходзіць, светлы дзень становіцца карацейшы, таму сезон вечаровых катанак паціху падыходзіць да свайго фініша. На мінулым тыдні зноў зазірнуў на поўдзень ад Баранавічаў, у Ляхавіцкі раён

01. Каціў пераважна мясцовымі дарожкамі, але асфальт таксама быў

02. Нейкім гушчаром (вырашыў праехаць напрасткі праз поле і лес, а ў лесе сцежка зарасла) выбраўся да вялікага Ляхавіцкага вадасховішча на Шчары

03.

04. Вечаровая Шчара ніжэй ад вадасховішча

05. Р43 - старая дарога з Масквы на захад

Спачатку планаваў фінішаваць на станцыі Рэйтанаў, але калі пад'ехаў да скрыжавання на Русіновічы і шыльды "Рэйтанаў - 3 км", то пабачыў, што да цягніка застаецца больш за гадзіну. Таму вырашыў прадоўжыць маршрут і зазірнуць у Мядзведзічы, дзеля мясцовага прыгожага касцёла, які ўжывую яшчэ ніколі не бачыў

06. Пачаўся пясочак

07. Прыехаў

08. А вось і ён

09. Касцёл св. Пятра і Паўла (1908 г.п.)

Яшчэ ў вёсцы ёсць маленькая прыгожая каталіцкая каплічка, але ў той момант, калі я праязджаў міма яе, я ўжо спяшаўся на цягнік, таму без фота. Мо калі буду яшчэ ў гэтых мясцінах

Фінішаваць думаў на п.п. Кулені, але вясковыя дзядзькі (дзякуй, што запытаў) паведамілі мне, што дарога да прыпынку зараз такая, што не прабрацца - маўляў, самі садзімся ў Раманоўшчыне і Рэйтанаве. Можа і падманулі, хто яго ведае, але я бачыў адзіную лясную дарогу з вёскі ў той бок - і там ужо ў колькі метрах ад дарогі стаяла трава, а далей быў бачны буралом. Каціць у Рэйтанаў было не цікава, таму вырашыў ехаць на п.п.Раманоўшчына - кіламетраў 9 паганай гравійкай, але часу яшчэ хапала

10. А сонца тым часам заходзіла

11. Жнівень-верасень - час найлепшых захадаў

12. Зрэшце праз дрэвы выглянула святло ліхтара. Гэта п.п.Раманоўшчына - лясны паўстанак, недзе за лесам - фазенды, але ў гэты час сядаў там я адзін

13. Яшчэ і дызель хвілін на 15 спазніўся, вымушыўшы мяне ўжо падумаць, што цягнік раптам чамусьці скасавалі (вось як пачаў думаць гэта - так ён з-за рога і выпаўз ;) )

49 км, для вечаровай паездкі хопіць

Трэк:

Дзякуй за ўвагу!