October 25, 2018

Касцёламі Ваўкавышчыны, альбо Апошняя спякотная паездка сезона: Ваўкавыск-Мсцібава-Рэпля-Рось

Фотаальбом

Недахоп Ваўкавыска-Гродзенскага напрамку Баранавіцкага чыгуначнага вузла ў тым, што туды ходзіць хоць і досыць прыгарадных цягнікоў (тры цягнікі Баранавічы-Гродна і адзін - Баранавічы-Ваўкавыск, плюс у цёплы сезон яшчэ бегаў "дачны" да Палонкі), але апошні з іх ідзе даволі рана. Менавіта таму я ня так ужо і часта ў тых мясцінах катаюся і абіраю звычайна фінішныя кропкі ў станцыях, якія ляжаць на чыгунцы іншых напрамкаў - элементарна не хапае часу паспець многа ўбачыць. Але ж раён той, як і ўся Гарадзеншчына ўвогуле, вельмі цікавы, таму ў спякотны чацвер 20 верасня я зладзіў паездку ад Ваўкавыска на захад і поўнач, праз шматлікія вёсачкі Ваўкавыскага ўзвышша. Маршрут гэты я сам сабе назваў "Шляхам касцёлаў", бо каталіцкіх храмаў за 75 кіламетраў (так, нямнога, але больш не паспеў б) я пабачыў роўна 6 штук (магло быць і 7, але ехаць да Воўпы ўжо дакладна не хапала часу) - і прычым, абсалютна рознага стылю і выгляду. Некаторыя з іх з'яўляюцца сапраўднымі дыямантамі беларускай архітэктуры

Трэк паездкі быў такі:

01. Стартаваў у Ваўкавыску

02. Горад не казаць што багаты цікавосткамі, але досыць прыгожанькі і ўтульны. Тыповая Заходняя Беларусь

03. Для раварыстаў, нажаль, не прыстасаваны - усюды высокія бардзюры. Але ў такіх гарадках усё роўна мясцовыя праезжай часткай катаюць, калі ДАІ мясцовая ня надта лютуе

04. Нешматлікая архітэктурная даўніна

05. Часу было ня так ужо і шмат, таму горадам праехаў хутка, да гарадзішчаў нават не завярнуў, бо яны па другі бок чыгункі. Паглядзеў цэнтр і асноўныя цікавосткі. Гарадскі сядзібны дом, вядомы як "дом Багратыёна" - тут у 1812 годзе была штаб-кватэра расійскага военачальніка. Зараз тут музей імя яго

06. Непадалёк знаходзіцца касцёл - першы на сёння. Носіць імя святога Вацлава, пабудаваны ў 1846-48 гг.

07. Верасень, сонца яшчэ нізкае і нязручна свеціць - то бок, фота касцёла "у профіль" ня надта атрымаліся. Ну, хаця вось сілуэцік "гатышна" выглядае, на мой погляд

08. Проста паверце мне, што ён практычна снежна-белага колеру :)

09. Працякаючая праз цэнтр горада рэчка Ваўкавыя пераробленая ў ланцужок невялікіх сажалак

10.

11.

12. Праваслаўная царква св.Мікалая (1874 г.)

13. Вось так выглядае Ваўкавыя на самой справе, не ў выглядзе сажалак

14. А гэта ўжо Рось, праз некалькі кіламетраў

15. З Ваўкавыска выязджаў ускраінамі-фазендамі і прыватным сектарам, а потым - праз ачышчальныя збудаванні

16. А гэта ўжо мост праз рэчку Нятуру (УПД. Рэчка называецца Нятупай, на OSM была памылка), яшчэ адзін (як і Ваўкавыя) прыток Росі

17. Рэчка Нятура Нятупа ў Касцевічах

18. А ад Касцевічаў ужо і да Гнезна недалёка. Гнезна - вялікая і файная вёска, тут нават гасцініца (на фота) ёсць. Праўда, страшнавата ад думкі, якая яна там усярэдзіне...

<

19. Па-першае, Гнезна цікавае былой панскай сядзібай. З правага боку - былыя стайні, з левага - былы сядзібны дом. Усё зараз выкарыстоўваецца, не развальваецца

20. У сядзібным доме зараз кіпа ўсялякай адміністратыўкі - і сельсавет, і міліцыя...

21. Парадны бок

22. Качу на захад

23. Там - галоўная мясцовая цікавостка. Вунь, з-за дрэва выглядвае

24. Старажытны (16 стагоддзя пабудовы) каталіцкі касцёл св.Міхаіла Арханёла. Уладальнік першай катэгорыі рэйтынга "Глобуса Беларусі" (хоць гэты рэйтынг і даволі суб'ектыўны), даволі брутальны старажытны храм, пабудаваны як каталіцкі касцёл, доўга быў кальвінскім зборам, але потым зноў вернуты католікам

25. На фота выглядае досыць прысадзіста, але паверце мне - ён досыць высокі і магутны

26.

27.

28. Зразумела ж, перабудоўваўся-такі

29. Трэба каціць далей. Па дарозе напужаў нейкіх капытных - паспеў толькі пачуць грукат і дзве вялікія цені, убягаючыя ад мяне праз кусты

30. Да Мсцібава вяла не самая якасная і хуткасная гравійка, але даехаў, і хутка на гарызонце ўжо паўставалі шпілі трэцяга на сёння касцёла

31.

32. Касцёл Іаана Хрысціцеля. Маладзейшы за два папярэднія храмы, пабудаваны ў пачатку мінулага стагодзя. Выдатны не толькі "простымі", досыць брутальнымі неагатычнымі рысамі, але і брамай-званіцай перад уваходам. Званіца, дарэчы, крыху старэйшая за дзеючы касцёл - 1900 году пабудовы

33. Толькі выехаў з Мсцібава, як ужо шпілі наступнай кропкі маршруту бачныя. Нейкае поўнае Солсберы ў гэты дзень было - адны шпілі :)

34. Гэта Шылавічы, Троіцкі касцёл, амаль аднагодак Мсцібаўскага (1907-14 г.п.). На мой суб'ектыўны погляд, самы прыгожы касцёл з тых, што я пабачыў у гэты дзень; ды і дакладны адзін з самых прыгожых касцёлаў Беларусі. Проста ўявіце сабе, што вось гэты вось гмах - вышынёй больш за 50 метраў

35.

36. Збоку (злева на фота) месціцца будынак-новабуд каталіцкай адміністратыўкі - там нядзельная школа і яшчэ нешта. Прысеў паабедаць на лаўцы - і адразу выбяжала з будынку манашка, запрасіла перакусіць у іх з дарогі. Хай не паскардзяцца праваслаўныя, але ў праваслаўных храмах мне такую ветлівасць уявіць сабе цяжка, я пакуль з такім не сутыкаўся - у праваслаўных царквах на цябе хутчэй паглядзяць нядобра. Можа мне проста так "шансавала" - ня ведаю, але асабісты вопыт пакуль у мяне такі

37.

38. Якраз было 12 гадзін, патрапіў на званы