November 23, 2018

Баранавічы-Флер'янова-п.п.Шчара

Як я ўжо тут пісаў не адзін раз, я з'яўляюся вялікім аматарам гандбола. Настолькі вялікім, што даведаўшыся ў суботу ўвечары пра тое, што ў суседнім райцэнтры зараз адбываюцца гульні аднаго з этапаў агульнабеларускай дзіцячай гандбольнай лігі "ZubrCup", вырашыў у нядзелю патраціць палову дня на тое, каб скатацца туды. Але невялічкі аповед гэты будзе не пра гандбол, а пра тую частку вандроўкі, што адбывалася ўжо потым

Гэтым самым "суседнім райцэнтрам" былі Ляхавічы, да якіх простай дарогай каціць мо якіх 20-25 кіламетраў, але шашай каціць сумна, таму я вырашыў ехаць палямі - выйшла пад 40 кіламетраў (у выніку ад дома да спортзала ДЮСШ, дзе і праходзілі спаборніцтвы, праехаў 37 кіламетраў) у той бок; калі выязжаць у 9 гадзін раніцы (бо світае ўжо надта позна), то пад паўдня ўжо буду там. Прачнуўся - а за акном ужо белавата, пад раніцу трошкі першага ў гэтым годзе снегу выпала. Але ехаць, здаецца, можна. Заскочыў у краму за снікерсам-пепсі-перакусам на абед - і рушыў на поўдзень. Зноў пайшоў снег. Ужо за горадам добранька прыклаўся на прысыпанай свежым снегам калюжы. Узняўся. Снег стаў яшчэ мацней. Была думка кінуць гэта ўсё, пад'ехаць роварам да аўтавакзала, прывязаць яго (ровар, зразумела ж, а не аўтавакзал) там - і скатацца да Ляхавічаў прыгарадным аўтобусам (паміж нашымі двума гарадамі яны бегаюць досыць часта). Але перашкодзіла банальнае нежаданне ехаць праз горад - калі ўжо настроіўся на загарадныя сцежкі, перанастроіцца на катанку горадам менавіта мне цяжкавата. Вырашыў такі паспрабаваць ехаць далей, толькі больш павольна. Як высвятлілася, вырашэнне гэтае было цалкам правільным, бо за Валахвой снегу ўжо ўвогуле не было - ні на зямлі, ні ў паветры. Нагнаў снегапад мяне ўжо толькі недзе ў Ляхавіцкім раёне01. Сумная асенняя Шчара ўжо пад ЛяхавічаміЯк і планаваў, пад 12 гадзін (нават крыху раней) быў ужо ў Ляхавічах. Там патраціў пару гадзін на мэту паездкі і вызваліўся а другой гадзіне дня. Стаяла пытанне зваротнай дарогі. Выйшаўшы з зала ДЮСШ, пабачыў, што ўвесь выпаўшы ўраніцы снег пачаў інтэнсіўна раставаць. Гэта значыць, што грунтовыя дарогі за горадам дзе-нідзе масава маглі пераўтварыцца ў кашу. Па-другое, зусім не хацелася вяртацца тымі ж дарогамі на паўночны захад, супраць досыць моцнага ветру. Да вечаровых цягнікоў (у ваколіцах Ляхавічаў з розных бакоў знаходзяцца дзве станцыі розных напрамкаў Баранавіцкага чыгуначнага вузла: самі Ляхавічы на напрамку Баранавічы-Лунінец на ўскраіне горада і Кавалі на напрамку Баранавічы-Слуцк ужо за горадам) заставаліся амаль тры гадзіны, звязвацца ж з трасай Р4 з яе інтэнсіўным рухам у такое надвор'е палічыў небяспечным і непрыемным. Палазіўшы па мапе, ткнуў пальцам у адну кропку на поўнач ад Ляхавічаў - Флер'янова, з яго досыць цікавай былой сядзібай Бохвіцаў, да якой я, як ні дзіва, дагэтуль яшчэ ніяк не дабраўся, хоць і не раз праязджаў зусім недалёка (напрыклад, калі катаўся ў Сваяцічы). А адтуль можна і на вечаровыя прыгарадныя цягнікі даехаць, і нават ірвануць на поўнач, праз тыя ж Сваяцічы ў Юшкавічы, і сесці там на мінскую электрычку. Варыянтаў многа, можна ехаць. Праўда, патрапіў я якраз на час самага інтэнсіўнага раставання, таму за тыя шэсць кіламетраў, што давялося праехаць паміж Ляхавічамі і Флер'янавым, быў ужо мокры ад ляцеўшай адусюль вады. Ну, затое даехаў.

02. Вось ён, сядзібны дом

03. Цікавае спалучэнне раскошнага, "замкавага" фасаду і больш простай астатняй часткі дома

Я хуценька прайшоў вакол дома, зрабіў пару кадраў на тэлефон і сабраўся ўжо каціць далей, на Сваяцічы, але пабачыў, што праз дарогу да мяне ідзе жанчына. Са справаздач іншых вандроўнікаў я ведаў, што побач жывуць новыя ўладальнікі сядзібы - Генрых Траццяк з жонкай; яны набылі калісьці аб'ект, якому пагражала традыцыйная для падобных аб'ектаў у беларускай правінцыі занядбанасць (у тым жа Ляхавіцкім раёне гістарычна больш значная сядзіба Рэйтанаў у Грушаўцы так дагэтуль і стаіць закінутая, і плануемая яе рэстаўрацыя - пытанне доўгага часу), за сімвалічную суму. Пры выпадку яны з ахвотай праводзяць экскурсіі гасцям. Карацей, гэтай жанчынай была якраз жонка гаспадара - родам з Пецярбурга і, як высвятлілася, калісьці працавала ў сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках, маім родным горадзе. Прапускаць такі выпадак было глупствам, таму я з радасцю, хоць і хуценька, прабег за ёй па сядзібе і нават патрапіў усярэдзіну будынка.

Сядзіба была заснавана Янам Аттонам Бохвіцам у 19 стагоддзі. Назва маёнтка - Фларыянава (Флер'янова - гэта ўжо больш позняя трансфармацыя; дарэчы, у беларускамоўным байнэце бачу і выпадкі выкарыстання назвы "Фларыянава", роўна як і варыянт "Флер'янава", які, па-мойму, я бачыў і на шыльдзе пры уездзе ў вёску - і дзе ты тут разбярэшся?) - паходзіць ад імя бацькі Яна Аттона, Фларыяна.

04. Агрэгат (прызначэнне забыў, нажаль), які прыводзіўся ў дзею коннай цягай

05. У 1908-09 годзе па запрашэнні гаспадароў тут адпачывала славутая пісьменніца Эліза Ажэшка

06. Той самы дуб

07. Канешне ж, ад інтэр'ераў часоў Бохвіцаў усярэдзіне засталося нямнога, інтэр'еры там беднаватыя. Захаваўся стары комін тых часоў і вось такая вось афарбоўка столі - калісьці, як казала мне гаспадыня сядзібы, так быў афарбаваны ўвесь пакой

08. Артэфактаў-рэліктаў там такі хапае

09.

10. У савецкія часы ў будынку была калгасная кантора. Сам Генрык Траццяк працаваў там ці то галоўным аграномам, ці то старшынёй, ці то спачатку першым, потым другім

11.

12. Гаспадыня намагалася яшчэ паказаць мне паддашак і падвал - маўляў, там ледзь не самае цікавае, але я вырашыў, што ўжо добранька затрымаўся і лепш пакіну наведванне гэтых памяшканняў як нагоду вярнуцца сюды зноў. Таму сфоткаў палац з дарогі на развітанне - і рушыў далей

На самой справе, файненька, што ёсць рэдкі для нашых мясцін выпадак, калі такая вось досыць значная цікавостка жыве, адчыненая для турыстаў, і можна на месцы пабачыць усё і пачуць гісторыю гэтага месца. Пагана тое, што дзяржаве няма да такіх палацаў справы і трымаецца ўсё прыватнай ініцыятывай (хаця, калі глядзець на некаторыя сучасныя беларускія рэстаўрацыі - як у Лідскім замку, ці тое ганебішча, што зараз зрабілі з яшчэ адной сядзібы Бохвіцаў, якая знаходзіцца ў падбаранавіцкім Паўлінаве, то мо адзін чорт з таго, ці што лезе дзяржава ў помнікі гісторыі, цішто не чапае іх... Мо лепей каб проста не перешкаджала) . Можна пачуць апраўданні, што ўсі мясцовыя палацыкі не адробіш, і каштуе гэта надта дорага, але хіба ж немагчыма гэтыя выдаткі хоць часткова акупляць за кошт будучых наведвальнікаў? Па словах гаспадыні, турыстаў там бывае шмат, з розных гарадоў з усёй краіны, баранавіцкія ўвогуле заглядаюць туды рэгулярна, перед мной была, напрыклад, экскурсія з адной з гарадскіх СШ - значыць, людзям гэта цікава

Вось з такімі думкамі я рушыў далей. Ехаць праз Сваяцічы ў Юшкавічы было ўжо пазнавата, таму я вырашыў дабрацца да п.п.Шчара і сесці там на прыгарадны цягнік Бухлічы-Баранавічы ў 16.32

13. Ураджайная

14. Перасякаю тую самую Р4. Адсюль да Баранавічаў ехаць недалёка, але ну яго... Лічу, што прыгарадныя цягнікі Белчыгункі больш карысныя для здароўя і псіхікі, чым рэспубліканскія трасы

15. Далей было трошкі палявой дарогі. Яе, на шчасце, не развезла

16. Дарога падмытая дажджамі, відавочна

17. Чатыры доты ў адным кадры. Паблізу Шчара, якая ў часы Першай сусветнай была ў Баранавіцкім краі адзінай вялікай прыфрантавой зонай

18. Вагоньчыкі адвезлі мо калійную соль куды-небудзь ва Украіну ці Літву і зараз вяртаюцца дадому, у Салігорск

19. Усі крамы па дарозе сінхронна ў нядзелю зачыніліся ў 15.00

20. Толькі патрапаны жыццём пеўнік ходзіць

21. Зноў сумная восеньская Шчара

22. Далей гэтай дарогай трошкі фазендаў і бясконцыя вадзяцінскія тарфянікі (ну, гэта калі ехаць проста, направа там якраз мясцовая дарога на Русіна і Баранавічы). Але я ехаў ужо не туды, а развярнуўся і рушыў да чыгункі

23. Толькі яшчэ наркаманскую сябешку зрабіў

24. П.п.Шчара

25. Расклад руху.
"Бухлічы удрыцк" (с) Мо alba_ruthenia01 яшчэ і памятае :)

26. Таварняк праляцеў

Вечаровы цягнік Бухліцы-Баранавічы, як водзіцца, быў забіты людзьмі, нават у тамбурах вяртаючыяся ў горад студэнты стаялі. Але мне пашанцавала - якраз насупраць мяне прыпыніўся вагон, у тамбуры якога чамусьці нікога не было. Інакш мог з сваім роварам і не патрапіць у цягнік. А там ужо і да Баранавічаў недалёка. Вынікова за дзень выйшла меньш за 60 кіламетраў - лічу, што для такой пары і такога надвор'я дастаткова

Дзякуй за ўвагу!