December 18, 2018

Чарнігаў

Так сталася, што з усіх абшараў вялізарнай Украіны мне адносна добра знаёмая перш за ўсё Западэншчына, бо туды я часам (можна казаць, што ледзь не кожны год) катаюся, там у мяне досыць добры ліст наведаных мясцін (хоць і хацелася б большага, канешне ж - я вось у Закарпацце мо год пяць збіраюся, але ўсё ніяк). Калісьці адпачываў у Крыму і на Адэшчыне, але гэта было даўно. Цэнтральная ж Украіна (пра Усходнюю ўвогуле маўчу) для мяне - амаль "белая пляма" на мапе; бачыў яе толькі праездам у акно аўтобусаў і цягнікоў, плюс пяць гадоў таму заскочыў у Кіеў, але было гэта позна ўвосені, і горад я тады бачыў толькі кавалкамі і нямнога.

У папярэдняй частцы я ужо распавёў пра сваю дарогу ад Баранавічаў да Чарнігава, таму паўтарацца лішні раз не буду і вярнуся на той момант, што прыбыў я ў Чарнігаў ужо пасля 12 гадзін. Абласны цэнтр сустрэў мяне досыць моцным дажджом, таму першай маёй думкай было не пакутаваць, а адразу купляць квіток на Кіеў і ехаць у сталіцу Украіны. Але гэтыя ідэі я адкінуў, набыўшы квіток на адзін з вечаровых аўтобусаў (як выявілася, зрабіць гэта не было праблемай ужо перад самімі рэйсамі, але я, не ведаючы сітуацыі, вырашыў перастрахавацца). Потым апрануў дажджавік - і ўсё, жыць можна :)

Далей я набыў трошкі грывен і украінскую сімку (дарэчы, СБУ недапрацоўвае - нібыта забронены ва Украіне ВК у мяне часам добранька працаваў пад "лайфселлаўскай" сімкай) - і рушыў у бок цэнтра горада. Мая ўпартасць была ўзнагароджана - толькі пачаліся гарадскія цікавосткі (а ісці ад вакзала да гістарычнага цэнтра ў Чарнігаве даволі доўга), як дождж і скончыўся, можна даставаць фоцік і фатаграфаваць

01. Першая архітэктурная цікавостка на маім шляху - Уваскрасенская царква

02. Савецкія дамы на скрыжаванні праспектаў Перамогі і Міру - своеасаблівая "брама" на ўваходзе ў гістарычны цэнтр Чарнігава

03.

04. З іншага боку праспекта Перамогі знаходзіцца парк

05.

06. Рушыў далей бульварам, ідучым пасярэдзіне праспекта Міру

07. Савецкая забудова працягваецца

08. Бульвар вельмі добраўпарадкаваны

09. Праспект Міру выводзіць на Красную плошчу (ад слова краса, а не ад слова чырвоная, таму назва не перакладаецца). Дамінанта плошчы - Чарнігаўскі абласны драмтэатр імя Т.Шаўчэнка

10. На тым баку плошчы стаіць такая вось каларытная адміністратыўная пабудова. Тут знаходзіцца абласная дзяржадміністрацыя

11. Але галоўная цікавостка плошчы засталася ў мяне за спіной. "Брамай" праспекта Міру з гэтага боку служаць прыгожыя "цацачныя" будынкі. Яны, у камплекце з каларытнай брукаванкай надаюць ураджанне некаторай "нямецкасці" гэтай лакацыі, нягледзячы нават на тое, што пабудовы гэтыя - савецкіх часоў. І не дарма - будавалі гэтыя два будынкі пасля Другой сусветнай вайны немцы. На фота - левы будынак, двухпавярховы будынак далей - былы кінатэатр імя Шчорса, зараз тут абласны маладзёжны цэнтр

12. Правы будынак. Гугл кажа, што абодва будынкі зараз займаюць суды

13. Агульная панарама плошчы з іншага боку

14.

15. За драмтэатрам схаваная царква Св.Параскевы. Цэркваў у Чарнігаве колькі хочаш і на любы густ, але гэтая - дакладна адна з самых цікавых. Пачнем з таго, што вучоныя адносяць яе ажно да XII стагоддзя, але нібыта ёсць версія, што пабудаваная яна на сродкі таго самага летапіснага князя Ігара. Не ведаю, на чым грунтуецца гэтая версія, але афіцыйна царква ўзгадваецца ўпершыню ў 1670 годзе. У савецкія часы яе планавалі знесці, бо існавалі планы будаўніцтва вялікай плошчы Перамогі. Знайшоў у інтэрнэце інфармацыю, што нібыта тут расійскі цар Петр Першы хрысціў прадзеда А.С.Пушкіна - Ганібала

16. Як бачым, украінскія чыноўнікі гэтак жа сама любяць пахваліцца выкананнем таго, што, задвалася б, з'яўляецца іх непасродным абавязкам... Тут яны робяць справаздачу аб рэканструкцыі скверу імя Багдана Хмяльніцкага

17. Сквер, дарэчы, і праўда файны. Увогуле, цэнтр Чарнігава пакінуў нечакана прыемнае ўраджанне. Праўда, за цэнтральнымі вуліцамі там можна сустрэць і трэш, і разруху, але не казаць, што і там горад пакідае дэпрэсіўнае ўраджанне - абласны цэнтр як абласны цэнтр

18. Пахмуры Багдане

19. Утыльны завулачак

20. Далей я прыйшоў у Чарнігаўскі Дзяцінец. Гэта гістарычнае сэрца горада, самае яго турыстычнае месца. Зараз тут знаходзіцца запаведнік "Чарнігаў Старадаўні". Царква ў правай частцы кадра - Барысаглебскі сабор, пабудаваны ў 1120-23 гг. як пахавальня князёў. Злева - Чарнігаўскі калегіум , пабудаваны ў 1700 годзе на грошы знакамітага Івана Мазепы

21. Дарэчы, помнік Івану Мазепе якраз стаіць побач

22. Барысаглебскі сабор

23. Калегіум

24.

25. І яшчэ трошкі далей - Спаса-Ператварэнскі сабор. Цэрквы ў Чарнігаве адна старэйшая за другую! Пачатак будаўніцтва гэтага сабора датуюць 1030 годам, але зараз мы яго бачым у варыянце 19 стагоддзя, бо ён пацярпеў ад пажараў

26. З таго боку Дзяцінца, што выходзіць непасрэдна да Дзясны, знаходзіцца "Алея гармат"

27. Чаму менавіта "гармат"? Дык вось жа чаму

28.

29. Недалёка Тарасе прысеў

30. А ўнізе знаходзіцца чарнігаўскі рачны порт

31. З Алеі гармат адкрываюцца добрыя панарамы на даліну Дзясны і частку горада. Вось званіца і купалы Ялецкага Успенскага манастыра выглядваюць

32. А гэта - курганы Гульбішча і Безымянны, а за німі - яшчэ адзін манастыр, Свята-Троіцкі. Калі б не дождж, то я б і туды паспеў збегаць, але элементарна не хапала часу

33. Як калісьці выглядаў Чарнігаў

34. Зусім побач з Дзядзінцам стаіць яшчэ адна царква - Святой Кацярыны, пабудаваная ў 1715 г. у гонар гераізму казацкага Чарнігаўскага полку падчас штурму Азава. Была пашкоджана падчас пажару ў XIX стагодзі, потым перабудоўвалася

35.

36. Далей мяне трошкі занесла ў прыватны сектар

37. Сама гарадская забудова, здавалася б, не ўяўляе ў Чарнігаве нічога асаблівага, але каларытныя будынкі сям-там сустракаюцца

38. А ішоў я да "Гарбатага маста" - так тут завецца высокі пешаходны мост праз Дзясну. Дарэчы, з таго боку ракі горад ўжо скончваецца

39. Сам мост дарма што досыць высокі - яшчэ адна файная панарамная кропка. Напрыклад, адсюль добра бачныя Дзяцінец, царква Святой Кацярыны і порт

40. Ну, чаму яго завуць "Гарбатым" - гэта і так бачна

41.

42. Дзесьці далёка ўнізе цячэ шырокая Дзясна

43.

44. Яшчэ трошкі вуліц

45. Дзе-нідзе на вуліцах з абодвух бакоў на асфальце намаляваныя палосы для ровараў - праўда, раварыстаў у такое надвор'е ў горадзе бачыў я нямнога, дый увогуле Украіна падаецца мне значна меньш раварызаванай краінай, чым Беларусь - але да гэтага я мо яшчэ дайду, калі пра Кіеў буду пісаць

46. Чарговыя купалы на гарызонце. Культавай архітэктуры ў Чарнігаве, паўтаруся, хапае

47. Але перш зазірну да аднаго з гарадскіх курганоў - "Чорнай Магілы". Гэта найвялікшы курган у горадзе, за легендай тут нібыта пахаваны заснавальнік горада - князь Чорны

48.

49.

50. Амаль насупраць кургана знаходзіцца Ялецкі Успенскі манастыр

51. І яшчэ адзін цікавы будынак у гэтай лакацыі - Палац Культуры Будаўнікоў

52. Царква Казанскай іконы пасля храмаў гістарычнага цэнтру горада турыста ўжо не ўражвае

53. А праз пару кварталаў я ўжо вярнуўся да праспекта Перамогі і рушыў у бок вакзала

54. Заліковы мурал на школьным будынку

55. Сама школа, калі не памыляюся

56. Для разнастайнасці вырашыў трошкі прайсці не праспектам, а другараднымі вулачкамі

57. Помнік у гонар вызвалення Чарнігава падчас Другой сусветнай

58. А там ужо і Вакзальная плошча недалёка. Нагадаю яшчэ раз, як выглядае прыгожы будынак Чарнігаўскага чыгуначнага вакзала, але ехаў далей я не чыгункай, а аўтобусам

А трошкі Кіева я пакажу ў наступныя разы. Дзякуй за ўвагу!