January 13, 2019

Іўе

На Беларусь прыйшла сапраўдная зіма, роварам катацца ўжо канчаткова не можна (хіба што калі ты сапраўдны фанат-вар'ят, але я да такіх сябе не адношу), але дома сядзець усі тры выходныя дні, што выпалі ў мінулыя выходныя нам, дзякуючы праваслаўнаму Раству Хрыстоваму, не хочацца. Таму пасля некаторых ваганняў я вырашыў абраць якую-небудзь больш-меньш добра дасяжную прыгарадным транспартам кропку і скатацца туды. Выбіраў, па шчырасці, не так ужо і доўга - вырашыў наведаць зрэшце Іўе, адзін з самых цікавых беларускіх гарадкоў, у якіх я яшчэ не пабываў. Прычым, і ваколіцы там вельмі цікавыя, многа куды я жадаю скатацца на ровары, цікавостак там хапае: Юрацішкі, Ліпнішкі, Лаздуны, Геранёны, Суботнікі і г.д. - сам не ведаю, чаму я яшчэ Іўеўскім раёнам не зрабіў роварны круг, як у мінулым годзе Лідскім... Спадзяюся, што ў гэтым, ці хаця б настыпным сезоне роварных катанак я гэта абавязкова зраблю, а пакуль вось абмежаваўся райцэнтрам (хаця шыкоўны касцёл св.Казіміра ў Ліпнішках з акна аўтобуса таксама бачыў - але нават фота не рабіў, бо на той момант больш спаць хацеў, чым фатаграфаваць); а райцэнтр тут у любым выпадку заслугоўваў б асобнага артыкула. Ну а як я туды скатаўся і што там пабачыў - за гэтым запрашаю пад кат

ДАРОГА

Дарога туды атрымалася не самая лёгкая, бо першы цягнік Баранавічы-Ліда адыходзіць з Баранавічаў-Палескіх у 5.11 раніцы, а аўтобусы ў такі ранні час у Баранавічах, зразумела ж, яшчэ не ходзяць. То бок, прыйшлося прачынацца ў 3.00 ночы, хутка збірацца і ісці пехатою праз палову горада - у дадатак, ноч і раніца здарыліся ў той дзень (а, была гэта нядзеля 6 студзеня, дарэчы) надта халодныя, градусаў 10 ніжэй за нуль было дакладна. Тут яшчэ трэба дадаць і тое, што святло ўначы ў Баранавічах цяпер на вуліцах адключаюць, як выявілася (не ведаю нават, як даўно гэта зрабілі: яшчэ ў восені гэтак жа хадзіў у 4 гадзіны раніцы на першую брэсцкую электрычку - і ўсё працавала)

01. На Баранавічах-Палескіх нарэшце дабудавалі другую палову вакзала (а пачалі рэканструкцыю вакзала гадоў 15 таму, ці крыху меньш - але тады проста зрабілі цэнтральную частку і адну палову будынку, а другая палова проста ўвесь гэты час прастаяла зачыненая). Там будзе адміністратыўка, кавярня, туалеты, гандлёвая зона, але пакуль яшчэ дзверы зачыненыя, патрапіць не можна

02. "Сяброўства" з кітайцамі працягвае шырыцца, ужо і ў Баранавічах на вакзале іерогліфы на інфармацыйныя шыльды наляпілі (цікава толькі, чаму не на ўсе надпісы)

03. Крыху пахадзіў па вакзале, бо на вуліцы было марозна, а цягнік падалі незадоўга да адпраўлення. Прыгожая "морда" старога-добрага рыжскага дызель-цягніка

04. У цёмным-цёмным горадзе стаіць цёмны-цёмны цягнік... На самой справе, святло проста чамусьці ўключылі толькі перад самым адпраўленнем. Народу ў цягніку амаль не было - хіба што некалькі едучых на працу чыгуначнікаў да загарадніх станцый (напрыклад, да Мордзічаў). Пасля Моўчадзі да Наваельні вагон мой увогуле быў пусты, ад Наваельні ужо паціху пачаў едучы ў Ліду народ сядаць

05. Праз дзве з паловай гадзіны быў у Лідзе

06. Там хапіла нават часу збегаць да замка

У Іўі няма чыгункі - "гарадской" станцыяй зараз фактычна з'яўляецца станцыя Гаўя на лініі Ліда-Маладзечна, што знаходзіцца прыкладна ў 10 кіламетрах ад цэнтра горада. Я спадзяваўся, што там пад цягнікі ходзяць прыгарадныя аўтобусы, але вывучэнне раскладаў руху ў інтэрнеце і папярэдні "допыт мясцовых жыхароў" паказаў мне, што хвігушкі, тут вам не Пружаны са сваімі Аранчыцамі якія-небудзь, ды і ўвогуле, забягаючы наперад, у Іўі з грамадскім транспартам усё зусім сумна, як выявілася. Таму прыйшлося забываць пра свае прынцыпы любові да чыгункі і нелюбові да прыгарадных аўтобусаў - і набываць квіток на аўтобус Гродна-Ашмяны, які ў 8.11 адыходзіў ад лідскага аўтавакзала і крыху меньш чым за гадзіну давёз мяне нарэшце да канцавой кропкі маршрута. Цікава, што хоць і набываў я апошні квіток на гэты аўтобус, салон на самой справе пры адпраўленні з Ліды быў напалову пусты, а потым аўтобус, хоць і быў заяўлены як "хуткасны", у Іўеўскім раёне ў кожнай вёсачцы спыняўся і людзей збіраў - ад Ліпнішак да Іўя народ стаяў нават.

Быў у мяне, дарэчы, яшчэ і варыянт такі ехаць на Гаўю, а адтуль дайсці пешшу ці лавіць машыну аўтастопам, але вырашыў, што не з такім надвор'ем. Дарэчы, там ад самой Гаўі да Іўя была добра расчышчаная веладарожка на абочыне - то бок, можна было ўвогуле ўзяць ровар і даехаць роварам, нягледзячы нават на холад (досвед катанак у добры "мінус" такі ёсць жа); але потым не ведаю, што б я з гэтым роварам ужо ў самым Іўі рабіў, бо там ні дарогі, ні тратуары ніхто не чысціў

Усё, загаварыўся

ІЎЕ
Дарэчы, я ад аднаго расіяніна калісьці чуў, што для яго надпіс на дарожным указальніку з назвай "ІЎЕ" выглядае нібыта напісаны не кірыліцай, а нейкімі іерогліфамі

Іўе - адносна стары гарадок, з тых, якія б больш правільна было б і зараз называць "мястэчкамі". Упершыню прыгадваецца ў гістарычных крыніцах у 17 стагоддзі. Мясцовасць тут своеасаблівая - з захаду яна была абмежаваная балоцістай далінай цякучай да магутнага Нёмана Гаўі, з усходу - вялікім лесам Налібоцкай пушчы; то бок, не дзіва, што тагачасныя шляхі прайшлі менавіта гэтым месцам. Было тут гандлёвае мястэчка, з крамамі і майстэрнямі рамеснікаў. Цікава, што тут была адна з першых на Беларусі друкарняў. Бліжэй да нашага часу мястэчку ўжо не зусім пашансавала - чыгунка прайшла трошкі міма, што ў тым ліку абумовіла спыненне развіцця горада. Зараз гэта невялікі зусім правінцыйны райцэнтр, з насельніцтвам прыкладна 7,7 тысяч чалавек. Варта адзначыць, што нават гарадскі статус ён атрымаў толькі ў 2000 годзе, да гэтага быўшы, згодна з "савецкай" класіфікацыяй населеных пунктаў, усяго толькі пасёлкам гарадскога тыпу. Асабліва значных прамысловых прадпрыемстваў у горадзе няма

07. Прыехаў туды якраз са світанкам, калі ўжо было досыць светла. Аўтастанцыя мясцовая знаходзіцца збоку ад цэнтра горада, амаль на ўскраіне. Адразу накіраваўся да самай першай цікавосткі на сваім шляху - каталіцкай капліцы святой Варвары (1 пал. 19 ст.), што знаходзіцца на могілках недалёка ад аўтастанцыі

08. Да капліцы нармалёва не падступішся і добрую кропку для фотаздымка не знойдзеш, бо занесена ўсё, а сцежак няма - нармалёвыя людзі ў такое надвор'е дома сядзяць, а не па могілках ходзяць

09. Мур

10. Трошкі парканавай творчасці

11. Калі б на той момант не ведаў пра тое, што ў Іўі і сапраўды існуе сваё тэлебачанне (нагадаю, тут насельніцтва да васьмі тысяч чалавек не дацягвае), то вырашыў б, што гэта такі своеасаблівы мясцовы гумар

12. Мясцовае вадасховішча непадалёк удалечыні трошкі прысыпана чорнымі кропкамі патэнцыйных герояў зводак МНС

13. У мінулым годзе Іўе прыймала абласныя "Дажынкі", таму сляды добраўпарадкання ў мястэчку добра бачныя. Вось школу, напрыклад, яўна не так даўно адрэмантавалі і пафарбавалі

14. Напэўна, галоўная архітэктурная цікавостка Іўя - старажытны касцёл св. Пятра і Паўла, навукоўцы датуюць яго 1491-95 гадамі, але ў 18 стагоддзі верх яго быў перабудаваны. Касцёл з'яўляецца часткай комплексу былога кляштара бернардынцаў, злева якраз былы жылы корпус гэтага кляштара

15. Побач стаіць статуя Іісуса Хрыста, якая нагадвае знакаміты манумент на гары Каркавада ў бразільскім Рыа-дэ-Жанейра

16. У адносінах да Іўя ў Беларусі часам выкарыстоўваюць эпітэт "горад чатырох канфесій" і называюць яго прыкладам беларускай талерантнасці і верацярпімасці (хоць я і адношуся да тых, хто лічыць, што так званая беларуская талерантнасць - надта вялікае перабольшванне, калі справа датычыцца нашых часоў). Тут гістарычна побач адна з адной жылі прадстаўнікі розных канфесій: каталікі, праваслаўныя, татары-мусульмане і габрэйскае насельніцтва (прычым, да Другой сусветнай, як і звычайна для беларускіх мястэчкаў, габрэі складалі большасць насельніцтва). У нашыя часы, зразумела ж, габрэйская абшчына сваю значнасць страціла (гістарычная сінагога ўжо не працуе), іх месца "чацвёртай" канфесіі занялі пратэстанты-евангелісты

17. Усярэдзіне касцёла фота не рабіў, бо там якраз у той час была імша. Насупраць касцёла - яшчэ адна гарадская сажалка

18. Будынак воднага млына (19 ст.) уласнікі працуючых зараз усярэдзіне крамаў папаганілі сваімі шыльдамі-рэкламамі

19. Пад млынам працякае невялікая рэчка Івянка, недалёка ад горада ўпадаючая проста ў Нёман

20. Недалёка ад млына - крынічка

21. Выглядае як кранік з вадой і вядром

22.

23. Цікавы немалады домік

24. Беларуская мова на шыльдах у сферы паслуг - нячастая з'ява нават у Заходняй Беларусі

25. Ад касцёла і млына да цэнтра горада вядзе гістарычная вуліца, што носіць зараз імя Карла Маркса. Тут пачынаецца невялікая зона старой забудовы мястэчка 19-пач.20 стст. Некаторыя дамы сапсаваныя сайдынгам ці кіслотнымі фарбамі, але ёсць і па-ранейшаму цікавыя пабудовы

26.

27.

28. Цэнтр горада - сучасная Камсамольская плошчадзь, у старадаўнія часы тут была гандлёвая плошча, ад якой і развівалася мястэчка. Яшчэ ў нулявыя гады на плошчы можна было пабачыць будынак былых гандлёвых радоў, але да нашага часу ён не дажыў, нажаль

29.

30. Будынак былой сінагогі (пабудаваная ў 18 ці 19 стагоддзі). Як я ўжо пісаў вышэй, культавым будынкам яна ўжо больш не з'яўляецца - зараз тут дзіцяча-юнацкая спартовая школа

31. Пра былую гісторыю гэтага будынка зараз нагадвае хіба што шыльда збоку

32. Беларусі тут "пашчасціла" прыймаць у гэтым годзе так званыя "Эўрапейскія гульні" - падзею ў свеце спорту зусім трэцярадную (першыя Эўрапейскія гульні, што прайшлі ў 2015 годзе ў Баку, мала каму былі цікавыя, акрамя саміх азербайджанцаў), але тым не меньш у нас яны актыўна піярацца - нават у такіх вось райцэнтрах рэкламай трошкі паспаміць вырашылі

33. Ровар

34. За сінагогай (я трошкі парушу храналогію свайго маршруту горадам, каб не разрываць адну і тую ж лакацыю і не вяртацца да адных і тых жа месцаў) схаваўся сціплы гарадскі стадыёнчык - пра іўеўскі футбол ніколі нічога не чуў нават на абласным узроўні

35. Ну а паколькі што да гэтага, што потым Іўе будзе на маіх фота падавацца вялікай вёскай - то і дам вам пруфлінк таго, што сучасная 3-5 павярховая забудова ў горадзе такі ёсць - ажно цэлы мікрараён

36. Вярнуся на плошчы (далёка ад яе маё апавяданне і не адыходзіла). Замест Леніна галоўным помнікам цэнтральнай плошчы Іўя служыць помнік, носячы афіцыйную назву "У гонар сяброўства і адзінства канфесій Іўеўшчыны". Кожная з чатырох яго частак прысвечана адной з гістарычных канфесій мястэчка: каталікам, праваслаўным, іудаістам і мусульманам

37. Вось каталіцкая частка, напрыклад

38. Варта адзначыць, што "дажынкізацыя", памножаная на ўласцівую многім беларусам адсутнасць пачуцця густу і шырока распаўсюджаную абыякавасць да сваёй гісторыі, не пайшла на карысць гістарычнаму ансамблю цэнтра мястэчка - гістарычныя будынкі тут добранька падпаганілі "эўрарэмонтамі" і кіслотнымі фарбамі. Вось будынак злева - упэўнены, што было тут нешта цікавае, а на самой справе пераўтварылі яго ў абы-што...

39. Трошкі мілаты (я пра намаляваную дзяўчыну з караваем, а не пра будынак выканкама, канешне ж)

40. А што Ленін? А ён за рогам сабе адпачынак знайшоў, побач з Коласам, Заслонавым і Кіравым (як кажуць - знайдзіце лішняга ў гэтым радку!)

41. На сцяне гаража побач можна пазнаць сілуэты чатырох гарадскіх храмаў (два мы ўжо бачылі вышэй, яшчэ два яшчэ пабачым)

42. Тут жа знаходзіцца Іўеўскі музей нацыянальных культур. Квіток каштуе два рублі, частка экспазіцыі на рэмонце ("не ведаем, калі яшчэ там адрэмантуюць" - казалі мне працуючыя там жанчыны). Зараз можна наведваць дзве залы экспазіцыі: першая прысвечана гісторыі Іўеўшчыны, і нічога там асабліва цікавага няма, акрамя макета разбуранага ўжо замка ў Геранёнах), другая - татарскаму насельніцтву Іўя, і ўжо там ёсць што паглядзець. Фота не рабіў, бо платна, а я не жадаю фінансава падтрымліваць такую непавагу да турыстаў і наведвальнікаў

43. У той бок, за выканкамам, Іўе канчаткова набывае выгляд вялікай вёскі

44. Для дальнейшага распавядання трэба такі казаць пару словаў пра так званых "беларускіх татараў". Ёсць у Беларусі і такая этнічная група - яны з'яўляюцца нашчадкамі перасяленцаў цюркскага паходжання яшчэ часоў Вялікага княства Літоўскага. Не ўсе яны пайшлі менавіта ад саміх татараў (крымскіх ці ардынскіх), але яшчэ і ад перасяленцаў з Каўказа. Цікава, што самі "беларускія татары" сябе так звычайна не называюць, ужываючы да сабе саманазму "мусульмане" ці "беларускія мусульмане". Згодна з апошнім перапісам насельніцтва Беларусі (2009 г.) пражывае іх на тэрыторыі Беларусі каля 10 тысяч чалавек, і самая вялікая абшчына знаходзіцца менавіта ў Іўі - больш за 500 чалавек. Яны кампактна жылі ў вёсцы Мурзаўшчына, што прымыкала да цэнтра мястэчка, а ўжо ў савецкія часы адміністратыўна стала ўваходзіць у склад Іўя. На фота - сучасная вуліца Савецкая, цэнтральная частка "татарскага раёна". Як бачыце, вуліцы ў такі час і такое надвор'е былі пустыя, бачыў ва ўсім раёне толькі некалькі чалавек, і не казаць каб яны мелі цюркскія рысы твару (хаця вось на сучасных фотаматэрыялах музея нацыянальных культур такіх характэрных цюркскіх твараў хапала)

45. У тым раёне вельмі многа цяпліцаў, нібыта дзе-небудзь на Палессі

46. Пацягнула мяне ў гэты раён дзеля будынку дзеючай мячэці - не такая ўжо і часта сустракаючаяся рэч у Беларусі, згадзіцеся. Пабудаваная яна ў 1882 годзе, цікавая яшчэ і тым, што ў савецкія часы была адзіным на тэрыторыі Беларусі дзеючым (то бок, не зачыненым) мусульманскім культавым будынкам

47. Дзверы

48.

49. З іншага боку

50. Звычайны беларускі вясковы фотаздымак, толькі вежа мячэці з-за дахаў сюррэалістычна выглядае

51. Далей ёсць і дзеючыя мусульманскія могілкі, туды я таксама схадзіў, але не фатаграфаваў, бо ёсць у мяне свае забабоны наконт фатаграфавання на могілках, якія я парушаю вельмі зрэдку. Адзначу толькі, што былі там як старажытныя помнікі, ужо ўкопваючыяся паціху ў землю, так і сучасныя - адрозніваючыяся ад звычайных беларускіх могілак хіба што арабскай вяззю побач з кірыліцай. Ну, а па дарозе адтуль (могілкі якраз злева ўдалечыні) патрапіў у сапраўдную снежную буру

52. З гарадскімі аўтобусамі тут, як бачыце, сумна - нават у якім-небудзь Верхнядзвінску, які не кожны беларус на мапе знайсці зможа, сітуацыя лепей

53. Добранька пахадзіўшы ўскраінамі мястэчка, пачынаю ўжо вяртацца праз цэнтр у бок аўтавакзала

54. Усё тая ж цэнтральная плошча Іўя

55. Вуліцу 1 мая, што вядзе ад Камсамольскай плошчы на поўнач, "дажынкізацыя" не так закранула, таму тут крыху больш цікавых гістарычных будынкаў, хоць цэльнай кампазіцыі яны, нажаль, і не складаюць

56.

57. Па пятніцах тут шчасце - ажно трэці дадатковы рэйс гарадскога аўтобуса прызначаюць. Хаця, па справядлівасці, горад з аднаго канца ў другі меньш чым за гадзіну праходзіцца

58.

59. І, нарэшце, праваслаўная царква Гаўрыіла Беластоцкага, якую хвіг нармалёва сфоткаеш, праўда - месца для фотаздымка нязручна зусім абіраць. Першапачаткова гэта быў жылы будынак пачатку 20 стагоддзя, але ўжо ў часы незалежнасці, у 1994-95 гадах, яго перабудавалі ў царкву

60.

61. Аўтастанцыя. Тут давялося пачакаць гадзіны паўтары бліжэйшага аўтобуса на Ліду

62. Міжгародніх аўтобусаў не так ужо і мала, але вось з прыгараднымі тут зусім усё сумна. Іўе ўвогуле хоць і пакінула ўраджанне цікавага і ўтульнага мястэчка (хоць гістарычная спадчына і не вельмі добра тут зберагаецца - праўда, гэта ўжо не мясцовая, а агульнанацыянальная праблема), але дзякуючы некаторым момантам часам падавалася, што я не на "цывілізаванай" Гарадзеншчыне, а на якой-небудзь дэпрэсіўнай Віцебшчыне. Хаця магчыма, тут і надвор'е з сумнай зімовай парою пакінула свой уплыў - пабываю тады лепей тут калі-небудзь летам, перш чым рабіць высновы

63. Надакучыла сядзець у вакзале - выйшаў і паназіраў такі вось каларытны аўтобусны рэліктык, працуючы на прыгарадным маршруце

64. Потым былі паўтары гадзіны дарогі - і я зноў на аўтавакзале ў Лідзе

65. Шэранькі бульвар Гедыміна. Такі чарговы раз упэўніваўся ў гэтай вандроўцы, што ну ніяк не люблю зіму

66. А на платформе чыгуначнага вакзала ўжо стаяў цягнічок на Баранавічы, які амаль за тры гадзіны прывёз мяне дадому

У якасьці кароценькай высновы: Іўе - гарадок маленькі, прыемны, цікавы, варты наведвання; але для поўнай карціны трэба будзе зазірнуць сюды летам. Дзякуй за ўвагу :)