February 26, 2019

Баранавічы-Паўлінава-Грыцавец

Да нас ужо ўпэўнена набліжаецца вясновы час, і снега практычна няма, таму трэба працягваць сезон роварных катанак - тым болей, было ў суботу на гэта трошкі часу ад самай раніцы прыкладна да абеда. Праўда, было ў той дзень даволі холадна - у Мінску нібыта даходзіла да -13 градусаў ураніцы; у Баранавічах цяплей, канешне, але таксама досыць марозна. Але гэта была кароткатэрміновая акцыя, дый нават такі марозік прынёс і свае плюсы: жвіроўкі і грунтоўкі, што ў мінулыя два тыдні шмат дзе пераўтварыліся ў брудную кашу, падмёрзлі і сталі лагоднымі для паездак

Мапа паездкі:

Выязжаю з горада. На пачатку тыдня, калі тэмпература была плюсавая, на гэтую дарогу я нават не сунуўся, бо тут была канкрэтная багна. А да таго ж і разбіта тут машынамі, якія ўсёльткі чамусьці сюды сунуліся, нягледзячы на тое, што з таго боку дарога будуецца, і стаіць там забараняючы знак, дый аб'язжаць нармалёвым асфальтам недалёка (а ў восені вечарамі тут, дарэчы, любілі ладзіць свае "наркаманскія" забавы нейкія калгасныя "драг-рэйсеры" на старых "Жыгулях" - а што рабіць, калі ты перагуляў у Need For Speed, і табе таксама захацелася паспрабаваць гэтак жа!?)

Трошкі індустрыяльна-гарадскіх замалёвак на гарадскіх ачышчальных збудаваннях

Пракол. Трэба ладзіць паходную міні-майстэрню

Рабіў гэта ў месцы досыць маляўнічым, хоць і даволі, як кажуць, "баянным" (гэта яшчэ фактычна межы Баранавічаў, сам гэтым мосцікам у сезон вечаровых катанак ледзь не кожны тыдзень праязджаю)

У пазакрываных дрэвамі месцах яшчэ можна лёд сустрэць. Ды такі, што і каціць ім небяспечна (на фота ён трошкі прысыпаны, але ўнізе - сапраўднае шкло)

Сядзіба Катлубаеў у Ястрамбелі. Гэта ўжо кіламетраў дзесяць ад горада - тут таксама вечарамі нярэдка бываю, але ў гэтым блогу гэты будынак яшчэ не паказваў, па-мойму. Дый увогуле, трэк суботняй міні-паездкі фактычна цалкам быў складзены з тых дарог, якімі вясной і летам катаюся ўвечары пасля працы

Мышанка ў Богушах. Трошкі разлілася, але такой шыкоўнай паводкі, як у мінулым годзе, летась на рэках, відавочна, ужо не будзе

Уцёс. Хтосьці паспрабаваў добраўпарадкаваць сваю тэрыторыю

Праваслаўненька...

Планаваў праехаць лясной жвіроўкай Навасады-Стрэлава. Летам гэтая дарога вельмі файная. Але зараз ужо бачна, што нешта не так

Дарога ўяўляла сабой чысты лёд

Я сумленна паспрабаў павольненька ехаць, але праз пару дзесяткаў метраў ужо ляжаў з роварам на дарозе. І было наперадзе гарантавана кіламетраў пяць такога "шкла". Не, хай гэтак іншыя наркаманяць; а я лепш перапішу маршрут і паеду іншай дарогай

Жвіроўка з Навасадаў на Гуту і Груды

Тут у лесе таксама быў лёд

Кіламетраж перайшоў за 30, таму час перакусіць - тым болей, наперадзе да самога фініша мяне чакаў лес, якім, як я ўжо зразумеў, сёння асабліва не паедзіш (можна было павярнуць на Гуту і хуценька даехаць да Лясной - але гэта ўжо нецікава, бо там гэтак жа сама вакол лясы, а цягніка яшчэ чакаць доўга)

Пасля абеда знайшоў месца, дзе ад нас схавалася зіма

Ну вось і ўсё, лясныя сцежкі ажно да Паўлінава. Часам можна было каціць, але збольшага ішоў, бо альбо лёд, альбо снег

Лес рубяць

Дайшоў да чыгункі з Баранавічаў на Брэст

А там ужо і Паўлінава побач

Паўлінаўскую сядзібу Бохвіцаў я ў блогу пару разоў прыгадваў, але фотаздымкі яе сюды, па-мойму, не кідаў. Ужо потым распавялі мне пра яе сумны сучасны лёс: у сядзібы ёсць уладар, які планаваў зрабіць тут турыстычны цэнтр з музеем, але сутыкнуўшыся з гарой бюракратыі, ён пакінуў гэтую справу, вырашыўшы паспрабаваць прадаць яе на аўкцыёне

Сучасныя дзверы і шклопакеты, за якія я першапачаткова хацеў яго раскрытыкаваць - гэта нібыта на самой справе часовы захад, каб усярэдзіну будынка не лазілі мясцовыя

Ну і спасылачка на артыкул, дзе можна прачытаць трошкі пра лёс і палаца ў Паўлінаве, і палаца ў Ястрамбелі, і некаторых іншых сядзіб: Усадьбы и бизнесмены: какова судьба приватизированных памятников архитектуры?

Трэба ехаць далей. Лясная сцежка з Паўлінава на Лесіна

Праз яшчэ колькі-но хвілін ляснога пешынгу выйшаў зноў да чыгункі

Паколькі тэлефон разрадзіўся і ў гэты час ляжаў падключаны да паўэр-банка ў заплечніку, час ведаў я толькі прыблізна, таму выйшаўшы да чыгункі і пабачыўшы святло ад набліжаючагася з боку Лясной цягніка, вырашыў, што я такі спазніўся на электрычнку (бо да прыпынка трэба было яшчэ ехаць). Падрыхтаваўся зрабіць для гэтага блога меладраматычны (бо ў такім выніку мне належала тады ехаць дадому яшчэ гадзіны паўтары асфальтам) кадр падыходзяцага цягніка - і ўбачыў, што - о шчасце! - цягнік таварны :)

Станцыя Грыцавец. Цікава, што хоць гэта і першы пасля мяжы Баранавічаў чыгуначны прыпынак у бок Брэста, але я дагэтуль, па-мойму, ім яшчэ ўвогуле ніколі не карыстаўся: нават калі і планаваў фініш тут, то заўсёды вырашаў, што альбо паспею яшчэ да Лясной скатацца, альбо што ўсё роўна да Баранавічаў ужо недалёка

А вось і цягнічок набліжаецца

Трэба ўжо большы кіламетраж набіраць. Праўда, з такім надвор'ем (а з нядзелі ўжо зноў пацяплела, дарэчы) трэба больш дасканала выбіраць маршруты, каб потым ляснымі сцежкамі не хадзіць

Дзякуй за ўвагу!