March 18, 2019

Палонка-Дзераўная-Выгада

Звычайна такія вось вандроўкі выходнага дня я больш-менш дасканала планую, едучы загадзя намаляваным трэкам (ну, часам і адхіляючыся ад яго - усялякія выпадкі бываюць). У суботу 9 сакавіка выйшла інакш - я меў ў нататках толькі стартавую кропку ў Палонцы, расклад руху цягнікоў Ліда-Баранавічы на патэнцыйнай фінішнай кропке дзе-небудзь на адрэзку паміж Наваельняй і Моўчадзю і 6 гадзін на тое, каб выдатна правесці свой час. Было зразумела, што давядзецца імправізаваць, бо ад Палонкі да Моўчадзі ідзе асфальт, дый адлегласць паміж чыгункамі там невялікая

Трэк вандроўкі:

Уначы і ўраніцы быў лёгкі марозік, таму неасфальтавыя дарожкі спачатку былі цвёрдыя, і кацілася імі лёгка і хутка (калі што, у сухі перыяд дарога праміж станцыяй Палонка і аднайменнай вялікай вёскай - пясочныя пяскі, каціць там адносна складаненька)

Невялічкае вясковае вадасховішча ў Палонцы

І сама вёска (назву якой я дагэтуль часам у размовах блытаю з назвай іншай досыць значнай вёскі Баранавіцкага раёна і называю яе Паланечкай)

Савецкі жаўнерчык і пабудаваны ў 2000 годзе касцёл Дзевы Марыі

Далей дарога трошкі правяла мяне тэрыторыяй ландшафтнага заказніка "Стронга" (дарма што заказнік - лес каля вёскі там забруджаны, бо быдла ніякія шыльды не прыпыняць, нажаль)

Рэчка Палонка (на ОСМ і Гугламапах нехта не вельмі разумны падпісаў яе як Ісу - але на самой праве гэта толькі прыток Ісы, сама Іса трошкі далей цячэ)

А чаго мяне туды занесла - вырашыў праверыць намаляваную ва ўсё тым жа ОСМ пераправу праз Палонку побач з дзіцячым летнікам "Дружба". Але характар мясцовасці адразу вымусіў меня зразумець, што мост там калі калі-небудзь і быў, то вельмі даўно (потым гэтая закінутая дарога яшчэ і да перапаханага поля мяне выцягнула)

Вось і зноў сама Палонка. Мост (напэўна, калі-небудзь ён і праўда існаваў, бо некуды ж закінутая дарога вяла...) павінен быў быць не тут, а парай-тройкай дзясяткаў метраў ніжэй, але там падчас паводкі зямля трошкі падбалочана, і да ракі не падыйсці

Палонку ж пераадолеў дамбай Палонкаўскага вадасховішча

Рэчка Палонка

Уваход на тэрыторыю летніка "Дружба"

Далей лесам. Як бачыце, у гушчары нават трошкі лёду захавалася. Але хіба параўнаць гэта з мінулым годам, калі ў сакавіцкія выходныя яшчэ снег ляжаў

У вёсцы Елава першы раз на сёння выехаў да Ісы

А так хацеў...

Зусім недалёка адсюль Іса зліваецца з Палонкай, але месца сутокі - балота, і дасяжнае яно, відавочна, хіба што толькі турыстам-воднікам

Дзесятак кіламетраў больш хуткасных дарог

Лотвічы

Каля маста праз Ісу ў Ягаднай выпадкова сустрэў турыстаў са слонімскага клуба "ВРАЩАЕМ ЗЕМЛЮ" - у іх на гэты дзень быў якраз запланаваны водны паход Ісай з лазняй увечары (трошкі фотачак - ТУТ), і сама ў гэты момант яны рыхтавалі свой транспарт да старту. Цікава, што хоць персанальна знаёмыя мы не былі, але і я адразу пазнаў іх, і яны мяне - дзякуй інтэрнету

Іса нават падчас слабенькай паводкі гэтага года тут адносна шырокая

Ад сланімчукоў я атрымаў параду скатацца да ляжачага зусім недалёка дзікага ляснога возера Страхаціна. Возера сапраўды даволі цікавае

Тут жа сустрэў і двух пешых турыстаў з Мінска, што ішлі ў адваротным у параўнанні з маім маршрутам напрамку - у бок Палонкі. То бок, вялікія выходныя многа вар'ятаў з гарадоў выцягнулі, не адзін я такі

Перакусіўшы (кіламетраж якраз недзе тут каля 30 кіламетраў складаў) я паглядзеў на мапу - і вырашыў у Ягадную не вяртацца, а паехаць лесам да Дзераўной. Дарэчы, паколькі пасля палудня ў той дзень значна пацяплела, то і дарогі падкіслі - цяпер ехалася крыху цяжэй

Лес там дзе-нідзе рубяць, таму і дарожка трошкі лесавозная

Нічым асаблівым не значная вёска Дзераўная ў мінулым годзе патрапіла ў рэспубліканскія навіны дзякуючы расшаліўшайся ў ваколіцах істоце, нападаўшай на хатніх жывёлаў. Канешне ж, чуткі прыпісалі яе дзейнасць той самай славутай "чупакабры". Гісторыя скончылася тым, што паляўнічыя падчас засады спаймалі і забілі нейкага, наколькі я зразумеў, ваўкасаба (брыдкая і небяспечная істота, калі хто не ведае - мо нават больш небяспечная за ваўка, бо ў адрозненне ад ваўкоў людзей не баіцца). У ваўкасаба хутка знайшоўся гаспадар з суседняй вёсачкі, які запэўніваў усіх, нібыта ўвесь гэта час яго "сабачка" дома прывязаны сядзеў - але хто ж дазнаецца, што гэта менавіта яго хатняя скацінка месяц на акругу жах ганяе :)

Лясочак тут і праўда глухаваты, хоць і не казаць што такі ўжо вельмі вялікі. Ваўкі, упэўнены, тут жывуць, спяць недзе

Аааа, сляды чупакабры!

І вёсачка на ўскраіне лесу Ваўчунамі завецца, дарэчы

Зноў Іса

Вадасховішча - як думаеце, на якой рацэ? А вось і няправільна, Іса пацякла на поўдзень і больш у гэты дзень я яе не пабачу, а гэта ў нас яе прыток Пляхоўка

Вадасховішча, дарэчы, ужо ў самой Дзераўной. У той момант я яшчэ не ведаў, што праз тыдзень зноў праеду праз Дзераўную, міма гэтага самага возера, і нават скатаюся да той альтанкі ўдалечыні (але ўсярэдзіну не патраплю, бо яна ў арэнду здаецца, таму там забор, праз які складана пералезць)

А вось і сама Пляхоўка, дарэчы. Яе сутока з Ісай - практычна на мяжы вёскі

Больш чым стогадовую драўляную Траецкую царкву недзе ў раёне 2010 года сапсавалі да стану нецікавасці. На старых фотаздымках прыгожанькая такая зялёненькая "драўлянка" ў атачэнні дрэваў (якія таксама парубілі, як бачыце)

"Велахіпстары" і сучасная ўрбаністыка і сюды дабраліся, гнаць мяцёлкамі неадкладна!

Качу далей

Якая ж Гарадзенская вобласць (а ну так, мяжу паміж абласцямі я пераехаў у лесе паміж Ягаднай і Дзераўной; прычым калі Дзераўная знаходзіцца ў Слонімскім раёне, то тут ужо Дзятлаўскі раён) без вясковых брукаванак!

Горка. Тут трошкі чаго засталося ад панскай сядзібы (але сам сядзібны дом не захаваўся)

Яшчэ адна стогадовая царква - святога Георгія. Шкада, што надвор'е сапсавалася і неба стала пахмурым - на фотаздымках у сонечнае надвор'е гэтая чырвань прыгожанька выглядае. І дарэчы так, тут таксама было атачэнне з дрэваў, але зараз царква стаіць у чыстым полі

Яшчэ недалёка знаходзіцца даволі цікавая кропка - мясцовыя "Паклонныя камні" (гісторыка-культурная каштоўнасць ажно XI-XII стагоддзяў), яны цікавыя і як геалагічны аб'ект, і (калі судзіць па справаздачах тых, хто пабываў там) як культавае месца з дзівоснай мешанінай праваслаўных і паганскіх традыцый. Але ж паглядзеўшы на мапу і гадзіннік я вырашыў, што ўсё роўна Дзятлаўскім раёнам нярэдка катаюся, таму сюды яшчэ нагоду патрапіць знайду, а зараз ужо час ехаць да чыгункі

Апошнія кіламетры перад станцыяй Выгада

Намаляваны на ўсіх мапах мосцік праз Моўчадзь выявіўся спецыфічнай жалязякай амаль без поручняў, перакінутай праз рэчку

Станцыя Выгада - пры тым, што сама вёска Выгада зараз (не ведаю як раней) - гэта фактычна хутар з ці то аднаго, ці то двух домікаў. У значна больш вялікім суседнім жа Дварцы - толькі прыпыначны пункт

Таварны цягнічок з украінскімі вагонамі-цыстэрнамі пад'язджае, каб прыпыніцца тут і прапусціць мой дызелёк, які ўжо зусім хутка будзе

А вось і ён

Дзякуй за ўвагу!