April 13, 2019

Мазыр

У нядзелю 31 сакавіка валейбольна-заўзятарскія справы занеслі мяне ў іншы куток краіны - у горад Мазыр Гомельскай вобласці. Але да глядзення на тое, як перакідваюць жоўта-блакітны мячык праз сетку, у мяне было яшчэ некалькі гадзін на тое, каб пагуляць горадам і трошкі асвяжыць уражанні пра адзін з буйнейшых гарадоў Беларускага Палесся. Адразу ўдакладню, што ў Мазыры я ўжо быў некалькі год таму, але гэты блог я тады не пісаў, таму і артыкулаў пра Мазыр я яшчэ не рабіў. Гэтым разам усе цікавосткі не абыйшоў (бо і так часу было нямнога), таму дзе-нідзе буду карыстацца фотаздымкамі і з мінулай вандроўкі

Тая, мінулая, вандроўка атрымалася трошкі "трэшавай", бо я добранька намудрыў з дарогай дадому (хацелася пасядзець увечары падчас захаду сонца на беразе Прыпяці, таму прапусціў цягнік Гомель-Гродна, што ідзе ў 19.25 з Калінкавічаў, і паехаў ноччу з перасадкамі). У выніку тады прыйшлося сядзець да гадзіны ночы на калінкавіцкім вакзале, потым пад'ехаць цягніком Віцебск-Брэст да Лунінца, а ў Лунінцы з трох гадзін ночы ўжо да раніцы чакаў першага дызеля на Баранавічы - і яшчэ 2,5 гадзіны прыгарадным цягніком. Таму выйшла так, што памяць пра дарогу дадому засланіла ўраджанні пра саму мэту вандроўкі. Сёлета ж ніякай лагістычнай мудрагелістыкі не планаваў - тым болей, усё той жа ўжо знаёмы мне цягнік Гродна-Гомель (гэтым разам я быў разумнейшы і паехаў плацкартам, а не "сідзячкай", таму ў цягніку адносна добра выспаўся) ходзіць і праз Калінкавічы, дзе я і выскачыў ў 6.25 раніцы

Калінкавіцкі вакзал

Мазыр і Калінкавічы знаходзяцца недалёка адзін ад аднаго, паміж гарадамі які дзясятак кіламетраў; разам з яшчэ некалькімі суседнімі вёскамі-пасёлкамі яны (падобна на, напрыклад, Полацк з Наваполацкам) складаюць невялічкую агламерацыю. Мазыр у гэтай пары за старэйшага і большага брата (памеры гарадоў - адпаведна каля 110 і 40 тысяч жыхароў), але чыгуначная станцыя буйнейшая менавіта ў Калінкавічах (тут досыць буйны і важны чыгуначны вузел, Мазыр жа - усяго толькі невялічкая станцыя на чыгунцы з Калінкавічаў на ўкраінскі Оўруч) - горад нават вырас менавіта за кошт чыгуначнага вузла, падобна на тыя ж Баранавічы, Жлобін ці Асіповічы. Як і ў Полацкай агламерацыі, паміж гарадамі даволі часта бегаюць (між-)гарадскія аўтобусы, таму дабрацца да Мазыра ад калінкавіцкага вакзала праблемы ўвогуле ніякай няма. Праўда, я ўсёльткі вырашыў "прабіць" менавіта чыгуначны шлях з Калінкавічаў у Мазыр - тым болей, тут бегаюць аднавагонныя "рэйкавыя аўтобусы" ДП1 польскай вытворчасці, катацца якімі мне яшчэ неяк не даводзілася

Ехаць недалёка, менш чым праз паўгадзіны практычна пусты цягнічок Калінкавічы-Славечна пераадолеў шырачэзную даліну Прыпяці і прывёз мяне на станцыю "Мазыр"

Вакзальны будыначак

Лёва

Царква-новабуд

Старыя дамы чыгуначнікаў

Раён Мазыра, у якім знаходзіцца чыгуначны вакзал, трошкі адасоблены ад астатняга горада. Чыгунка тут робіць круг, пасля Прыпяці рэзка паварочваючы на паўночны захад, у адваротны бок ад цэнтра горада. Пракладзена яна так дзеля таго, каб абмінуць досыць высокую (розніца паміж узроўнем Прыпяці і найвышэйшымі кропкамі горада тут складае ледзь не сотню метраў) Мазырскую Граду. Калі б чыгунку будавалі прама праз горад, то прыйшлося б вырашаць праблему таго, што пасля ракі яна павінна даволі рэзка ўздымацца на 80 метраў, а потым спускацца ўніз яшчэ прыкладна на 40 метраў. Як пісаў калісьці tomkad, фактычна ў такім выпадку ў Беларусі з'явіўся б першы і адзіны чыгуначны тунэль. Але будавалася чыгунка падчас Першай сусветнай вайны, было тады не да такіх масштабных і дарагіх праектаў. Увогуле, відавочна, фактычна "галоўным" чыгуначным вакзалам горада з'яўляецца не станцыя "Мазыр", а станцыя "Казянкі": яна знаходзіцца крыху далей ў бок Славечна, у прымыкаючай да горада вялікай вёсцы-аграгарадку - гэтая станцыя бліжэйшая да найбольш населеных спальных раёнаў горада (дарэчы, тут я быў увогуле адзіны, хто сыйшоў з цягніка)

Раён вакол станцыі мае, наколькі мне вядома, рэпутацыю даволі крымінагеннага, але ў нядзелю ўраніцы тут усё было ціха (хіба што каля крамы за паўтары гадзіны да адкрыцця збіраўся мясцовы гурток неананімных алканаўтаў, але дзе ж на Беларусі такое не пабачыш...). Раён досыць каларытны. Вось мясцовы Дом культуры, напрыклад

Самае цікавае тут - гэта старыя драўляныя баракі (знешне яшчэ ў адносна добрым стане, бачыў і горшыя; як там усярэдзіне - не ведаю, не заходзіў)

Выйшаў да чыгункі. Від у бок Славечна і станцыі "Мазыр"

А вось і мост праз Прыпяць. Нібыта самы доўгі чыгуначны мост Беларусі - даўжыня каля 600 метраў

Мяне ж дарога вулачкамі прыватнага сектару вяла да ракі. Гэта ўжо пойма Прыпяці

І сама рака, з чыгуначным мастом

Яна тут шырокая

Вясновыя палы травы на Палессі чамусьці носяць глабальны характар, нажаль

Уздоўж ракі рухаюся на паўднёвы ўсход, у бок цэнтра горада

На правым берагу ракі хуценька ўздымаюцца ўзгоркі

Нармалёвай паводкі ў гэтым годзе няма, але трошкі рака разлілася

Нарэшце пачынаецца цывілізаваная набярэжная

Супрацьлеглы бераг ракі пясчаны і роўны, без узгоркаў. Калісьці менавіта ў гэтых мясцінах Мазырская града трымала воды ад таючага ледніка, дзякуючы чаму ўва многім мы і маем на поўдні Беларусі і поўначы Украіны сучаснае балоцістае Палессе. Пазней вада (раней ёй прыходзілася абыходзіць граду збоку) такі прабіла ўзгоркі трошкі ніжэй адсюль - дзесьці паміж Мазыром і Юравічамі, менавіта тым месцам зараз і цячэ Прыпяць

Выдатная панарамная кропка знаходзіцца ля гасцініцы "Прыпяць" - дзеля гэтага трэба ўзняцца лесвіцай угару

Гасцініца

Лесвіца і Прыпяць

Будынкі буйнейшага на Беларусі порта Пхоў (порт і пасёлак вакол яго таксама ўваходзяць у склад Мазыра)

Іду далей. Прымаставая плошча - важнае месца з кропкі гледжання гарадской транспартнай лагістыкі Мазыра. Менавіта сюды прыязджаюць аўтобусы з Калінкавічаў, і адсюль разыходзяцца маршруты гарадскіх аўтобусаў

Аўтамабільны мост праз Прыпяць, вядучы ў бок Калінкавічаў - менавіта ён, разам з яшчэ адным мастом на паўднёва-ўсходняй ускраіне горада, і звязвае поўдзень Мазырскага Палесся з астатняй краінай, бо на захад бліжэйшы мост пад Жыткавічамі, а ніжэй мастоў ужо да ўкраінскай тэрыторыі няма (наступны і апошні перад вусцем - у сумна вядомым Чарнобылі)

alba_ruthenia01 калісьці піярыла аглядную пляцоўку на ўзгорку ля корпуса мясцовага педуніверсітэта. Ахвотна веру, што каліцьсі адсюль адчыняліся яшчэ лепшыя краявіды, чым ад гасцініцы (бо і вышыня там значна большая), але зараз нічога такога няма, бо схілы зараслі, таму за галінамі дрэў ледзь-ледзь што можна пабачыць

Загадка: каму прызначаны гэты помнік?

(да рэарганізацыі ў 2002 годзе педінстытут носіў менавіта імя жонкі Леніна)

Мазыр, канешне, самы ўзгорысты горад Беларусі. Прагулянкі мазырскімі вуліцамі добранька выматваюць

Мясцовыя шляхі вырашэння праблемаў недасканаласці гарадской серады

Вось і галоўная плошча горада

Мазырскі замак - дрымучы псеўдагістарычны лубок. Я быў усярэдзіне мінулым разам, але лепш нічога пра тую недарэчнасць пісаць не буду, каб не лаяцца матам

Самае каштоўнае ў гэтым замку - гэта вядучая туды брукаванка... (тут і далей некалькі фотаздымкаў зробленыя ў жніўні 2016 г.)

...цікавыя дамы па дарозе...

...і від на цэнтральную плошчу горада ўжо ад самога замка

Ленін тут трошкі псіхадэлічны. Дакладней, Ленін тут звычайны і стандартны, але гэтая чырвань ззаду надае каларыту

(фота - жнівень 2016 г.)

Непадалёк знаходзіцца каларытны будынак ужо не дзеючага Рачнога вакзала (фота - жнівень 2016 г.)

І зноў Прыпяць

І яшчэ адзін кадр для гісторыі - з іншага берага ракі (жнівень 2016 г.)

Гэта апошняе маё фота ракі на сёння, хоць я і потым досыць доўга ішоў уздоўж яе берага

У гарадскім парку. Будынак ззаду цікавы тым, што гэта савецкая пабудова ў стылі канструктывізму, ужо ў нашыя часы пераробленая ў праваслаўны храм

Трошачкі гістарычных цікавостак - з гэтым у Мазыры, нягледзячы на даволі доўгую гісторыю паселішча, не так ужо і багата. Каталіцкі касцёл былога кляштара бернардынцаў (зараз ім валодае праваслаўная царква) падчас нядаўнай рэстаўрацыі па "добрай" беларускай традыцыі набыў залатыя "цыбулінкі". Дзякуй хоць, што невялічкія

Стары бровар

За межамі цэнтра горада пачынаецца вуліца Гогаля, якая цягнецца на паўднёвы ўсход вузкай стужкай паміж ракой і высокімі ўзгоркамі

Уладальнік гэтай будоўлі яўна цягнецца да псеўдагістарычнай прыгажосці

Як і гэты

Дзякуючы апошнім двум фотаздымкам можа падацца, што раён гэты - мясцовая "Рублёўка", але на самой справе гэта хутчэй такая сабе доўгая "фавела" з адной вуліцы, дзе старыя драўляныя хаткі трошкі перамяшаныя з больш "элітнай" забудовай

Касцёл (кляштар цыстэрніянцаў, пабудаваны ў другой палове XVIII ст.) былы. Зараз тэрыторыю былога кляштара займае мэблевая фабрыка (дарэчы, здаецца, таксама ўжо не працуючая)

Касцёл дзеючы. Тут ужо быў кляштар цыстэрніянак. Сам храм носіць імя Міхаіла Арханёла, пабудаваны ў 1743-45 гг.). Нажаль, стаіць ён так, што кропак для фотаздымкаў нямнога - таму і гарызонт завалены, і сонца ў аб'ектыў

Далей мой маршрут (калі што, за раніцу прайшоў больш за 20 кіламетраў - так, ногі потым дужа балелі) выйшаў ужо за межы горада, і да таго ж яшчэ прыйшлося ўзняцца ўгару на некалькі дзясяткаў метраў

Наступная (і фактычна апошняя на сёння) мая турыстычная кропка - гэта заказнік "Мазырскія яры", што знахозіцца на паўднёвым усходзе ад горада

Тут ёсць невялічкая экалагічная сцежка

Проста прагулянка ўзгорыстым лесам

Скончылася сцежка палянай сярод лесу. Мой першапачатковы план улічваў паход адсюль далей ляснымі сцежкамі і ўзгоркамі, але на гэты момант і часу ўжо стала не хапаць, і жадання лазіць ўзгоркамі ўжо не было

Таму прыйшлося прабірацца ў "цывілізацыю" (рэзка ўзняўшыся яшчэ на пару дзясяткаў метраў - не дзіва, што Мазыр з такім рэльефам у параўнанні з больш раўніннай Беларуссю лічыцца адным з самых "фізкультурных" гарадоў краіны)

Крама (зачныненая) ужо ў адной з вёсак Мазырска-Калінкавіцкай агламерацыі

Я быў ужо гатовы не ісці далей, а пад'ехаць да горада аўтобусам, але згодна з раскладамі руху аўтобусу прыйшлося б чакаць яшчэ гадзіны дзве, таму прыйшлося прайсці яшчэ некалькі кіламетраў - дзякуй, што "наверсе" Мазыр і яго ваколіцы больш роўныя

А хуценька ўжо і сам горад стаў бачны. Гэта больш новая, "верхняя" частка горада, застаўленая сучаснымі шматпавярхоўкамі. Горад у тую нядзелю быў шматлюдны, надзвычай спякотныя для канца сакавіка выходныя (якой б цёплай не была мінулагодняя вясна, але сёлета яе паслядоўніца б'е і тыя рэкорды - у Мазыры ў той дзень тэмпература трошкі пераскочыла за фантастычныя дзеля 31 сакавіка 20 градусаў) выгналі на вуліцы многіх гараджан

Дзякуй за ўвагу!