June 6, 2019

Чарговая порцыя дарог Панямоння: Масты-Шасцілы-Орля-Ражанка

За пяць дзён травеньскіх выходных немагчыма было б не знайсці часу на тое, каб чарговы раз скатацца куды-небудзь далей ад Баранавічаў, таму ў сераду 8 траўня я вырашыў праехаць не такім ужо і вялікім, але даволі цікавым маршрутам, які я ў агульных дэталях запланаваў ужо даўно. Мэтамі паездкі былі краявіды ўзбярэжжа магутнага Нёмана, у тым ліку месца сутокі Нёмана і Шчары, а таксама вельмі прыгожая рачная лука на мяжы Ліпічанскай Пушчы. То бок, архітэктуры ў гэтым артыкуле будзе адносна нямнога, а вось краявідаў хопіць. Для паездкі часткова выкарыстаны маршрут 2014 года аўтарства victogan, за што яму вялікі дзякуй

Маршрут вандроўкі:

Стартаваў з Мастоў, да якіх дабіраўся ранішнім цягнічком Баранавічы-Ваўкавыск-Гродна. Амаль тры гадзіны дарогі - і я на месцы

У Мастах я пару год таму быў, нічога цікавага ў самім горадзе няма, а знакаміты пешаходны мост праз Нёман, кажуць, зараз на рэканструкцыі; таму затрымлівацца там не стаў і пакаціў на ўсход. У Мастах-Правых (вёска кіламетрах у пяці ад самога райцэнтра) зазірнуў да захаваўшагася сядзібнага дома пач.ХХ стагоддзя

Сядзіба зараз, відавочна, перайшла ў рукі праваслаўнай царквы. Будынак "адэўрарамончаны" да стану практычна нецікавасці, а збоку на вежу (сама вежа да рэканструкцыі, дарэчы, мела прыгожы выгляд з выгнутым дахам - глядзець тут) пасадзілі залатую цыбуліну. Будзем лічыць, што гэта мінус чарговая цікавостка на мапе Беларусі

У Мастах-Правых - мост (ну так, каламбур - які ёсць) праз Нёман

Рака тут шырокая

Пераехаўшы на левы бераг Нёмана і звярнуўшы потым з Р41 на мясцовую дарогу, надоўга развітаўся з асфальтам. Тут пачаліся ціхія рэдкія невялікія вёсачкі з панямонскімі хаткамі

Сцежак берагам ракі тут многа, і, на дзіва, усе яны падрабязна намаляваныя на OpenStreetMaps. Хуценька выехаў да рачнога берага

Пясочак

Выспа

Вёска Навасёлкі

Ад Навасёлак - некалькі кіламетраў на поўнач лесам да вусця Шчары. Спачатку заехаў трошкі не туды - да старога шчараўскага рэчышча

Але адносна добрая (раварыстам увогуле нармалёва, легкавым аўтамабілям пара месцаў будзе цяжкаватай, але аўтамабілі такі там таксама катаюцца) дарога ў патрэбную кропку вядзе - відавочна, катаюцца туды і рыбакі, і мясцовыя на пасядзелкі. Хуценька я ўжо быў на месцы. Зразумела ж, прама перад мной Шчара, водная прастора далей - гэта зноў жа сам Нёман

Шчара, якой тут можна праехаць і крыху вышэй (але да пэўнай кропкі, дзе праз паваленае дрэва з роварам не пралезці)

Перакусіўшы і трошкі парэлаксіўшы на беразе ракі, пакаціў далей. Гэта быў, дарэчы, першы дзень пасля адмены ў Мастоўскім і навакольных раёнах забароны на наведванне лясоў (што ўводзілася на пачатку траўня праз спякотнае надвор'е і лясныя пажары), таму нават вароты дзе-нідзе не паспелі адчыніць

Трошкі жвіру

Лісічка яшчэ мяне не бачыць (а калі пабачыць, то так паляціць рыжай стралой у бок лесу, што я нават зфатаграфаваць яе не паспею)

Кропка з высокім (метраў 10, напэўна, там ёсць) берагам усё той жа Шчары

Са жвіроўкі ў Каралях з'язджаю на яшчэ больш глухую лясную дарогу

Пяць кіламетраў лесам да Чарлёнкі

Чарлёнка - прыгожая даволі аўтэнтычная вёска са старымі хатамі

Напэўна, самая цікавая з хатак

Месца, дарэчы, даволі люднае: закінутых хатак не бачыў, людзей хапала (многія на выходныя на лецішча папрыязджалі, канешне ж), а на прастату дамоў не глядзіце - там за такой чорненькай непрыкметнай хацінкай у-ва двары папросту можа паважная машына-іншамарка стаяць

Аграсядзіба "Белая тропа"

Еду далей

Наступная кропка - так заваная "Шчарская крыніца", знаходзіцца каля першага ад вусця маста праз раку

Інфраструктура добрая, унізе ёсць нават купель

Але вада нясмачная, я нават набіраць не стаў

Апошні на сёння погляд на Шчару

Зусім трошкі асфальту праз Ліпічанскую пушчу

Вось дзе яны схаваліся!

Далей мне трэба было ехаць да Нёмана: спачатку жвіроўкай да Шасцілаў, а потым - лясной дарогай ужо да самой ракі. Тут практычна да берага зроблена прамая даволі добрая лясная дарога. Ужо каля ракі сустрэў егера (вось весела было б мне, калі б забарону на наведванне лясоў яшчэ не скасавалі!), які распавёў мне, што менавіта тут робяць за нямецкім фінансаванням роварны маршрут з адпаведнай інфраструктурай - ужо ў гэтым годзе павінны скончыць. Вынікі працы можна бачыць і зараз - зробленая якасная сцежка не толькі ад Шасцілаў, але і на паўночны ўсход, на Суднікі, а дзе-нідзе можна сустрэць спецыяльныя ўказальнікі напрамкаў руху з намаляваным роварам

Нёман, які і так ну ніяк не можа плыць роўна наперад, паварочвае ў гэтым месцы адразу на 360 градусаў, робячы шыкоўную луку з высокім берагам. Гэта, на мой погляд, адно з самых прыгожых месцаў Беларусі, прычым шырокай публіцы, у адрозненне ад, напрыклад, Ваўкавыскіх кар'ераў ці гары Маяк на Браславах, практычна невядомае

Трэба праехаць крышачку далей, да высокага абрыва

Быдла і сюда забралося, нажаль

Але там трэба быць асцярожным, по рака бераг патрошкі падмывае. Па словах егера, яшчэ на пачатку вясны гэтае дрэва, напрыклад, яшчэ цалкам трымалася за зямлю

Роварны маршрут цягнецца і далей у той бок; гэтым разам мне не хапала часу, але думаю, што калі-небудзь спецыяльна зазірну ў гэтыя мясціны, каб дабрацца туды. Можна адсюль (па словах усё таго ж егера) і да вусця Шчары з іншага боку дабрацца, але апошняя частка шляху праходзіцца пехатой

Вось адзін з тых самых ўказальнікаў. Відавочна, хутка тут будзе даволі папсовае для турыстаў месца - нават нягледзяцы на аддаленасць ад чыгункі і важных аўтамабільных дарог

Не стаў вяртацца ў Шасцілы, а адразу лесам пакаціў на Стукалы

Мясціны менавіта тут не казаць каб глухія, але з аўтобусамі сумненька

Апошнім разам на гэтым маршруце праязджаю праз Нёман (але пабачу я яго ў той дзень яшчэ раз - праз акно цягніка Ліда-Баранавічы, калі ўжо буду вяртацца дадому), які тут, ужо праз кіламетраў 15-20, вяглядае зусім па-іншаму - нібыта ўвогуле іншая рака

Была думка пераехаць раку і ехаць яе правым берагам да станцыі Нёман, але каціць кіламетраў 40 з ветрам у твар (хай ён быў у той дзень і не такі моцны) не хацелася, таму вырашыў накіравацца далей згодна з першапачатковым планам да Ражанкі. Напрыкацы маршруту было некалькі архітэктурных цікавостак сярэдняй ступені цікавасці - стандартных цэркваў-"мураўёвак" канца XIX стагоддзя. Першая - у Орлі, вылучалася на фоне наступных двух цікавым блакітным колерам

Кося сцеражэ царкву ў Рымках

А трактар - яе сястру ў Раковічах

Дарэчы, калісьці мясцовы храм, наколькі я зразумеў, быў тут

У Раковічах таксама ёсць крыніца з капліцай, але браць ваду ў кропцы, якая знаходзіцца ў нізіне пад агародамі і фермай, не надта хацелася

Усярэдзіну каплічкі хіба што толькі зазірнуў

Яшчэ ў Раковічах зачапілася вока за ўказальнік каля вясковай школы

На дзіва, на беларускай мове (ну, хіба што такі не "ж/д ст.Ражанка", а "чыгуначная станцыя" - дый каціць да яе адсюль не 4 кіламетры, а не менш за 6)

Ад станцыі Ражанка першапачаткова хацеў скатацца ў аднайменную вёску (знаходзіцца кіламетрах у пяці ад "сваёй" станцыі; прычым, у вёсцы Ражанка знаходзіцца свой чыгуначны прыпынак - п.п.Бобра) дзеля прыгожага мясцовага касцёла, але напярэдадні даведаўся, што храм гэты зараз на рэстаўрацыі, і значная частка будынка схаваная за будаўнічымі лясамі. Таму проста фінішаваў тут, за гадзіну да цягніка

Мясцовы народ актыўна штурмаваў прайшоўшы крышачку раней пасажырскі цягнік Гродна-Камунары, мой жа прыгарадны дызель Гродна-Ліда быў практычна пустым да самой канцавой станцыі

Вакзальны будынак у Ражанцы старэнькі, пабудаваны ў першай палове ХХ стагодзя і сапсаваны нядаўнім рамонтам - на старых фотаздымках ён выглядаў больш цікава (асабліва ўверсе, без гэтай мярзотнай чырвонай металічнай дахоўкі)

Ну вось і ўсё, цяпер - дадому, з перасадкай у Лідзе

Ужо прыйшоў сезон жоўтых рапсавых прастораў

У наступных вандроўках, пра якія я таксама хутка напішу, гэтага жоўтага колеру і паху рапса мне ўжо будзе па горла :)

Практычна побач з чыгункай знаходзіцца даволі знакамітая (першая катэгорыя ў рэйтынгу "Глобуса Беларусі") па беларускіх мерках цікавостка - храм абарончага тыпу XVI стагоддзя ў Мураванцы, але яго адсюль трошкі прыкрываюць дрэвы. Спадзяюся пабачыць гэтую царкву бліжэй у гэтым ці наступным годзе

У Лідзе можна было і з вагона не выходзіць, бо гэты жа цягнік праз гадзіну паехаў у Баранавічы. Яшчэ амаль тры гадзіны дарогі - і я дома

Дзякуй за ўвагу!