July 19, 2019

Асіпаўшчына-Варацішча-Хвоева, альбо Электрычцы "Мінск-Баранавічы" прысвячаецца

Цягнік следуе да станцыі Баранавічы-Палескія з усімі прыпынкамі. Адпраўленне цягніка...
Рэгулярна катаючыяся прыгараднымі цягнікамі з Мінска на Баранавічы добра ведаюць такія назвы, як Сінява, Асіпаўшчына, Варацішча і г.д. Я таксама часцяком праязджаю гэтымі прыпынкамі, і мне заўсёды было цікава пракаціцца гэтымі мясцінамі, вось тымі вось дарожкамі, бачнымі з акна цягніка, а таксама зазірнуць за гарызонт і ўвогуле павывучаць гэтую мясцовасць. Гэтым я і вырашыў заняцца мінулай суботай 13 ліпеня

Страва:

Спачатку збіраўся стартаваць у Сіняве, але такі абрэзаў на некалькі кіламетраў маршрут, пачаўшы яго з Асіпаўшчыны, да якой дабраўся ранішнім цягніком Баранавічы-Мінск адпраўленнем на 7.42 - то бок, ужо да 9 гадзін быў на месцы

Часу меў не так ужо і многа, таму адразу хутка рушыў на ўсход сцежачкай, пракладзенай мясцовымі жыхарамі праз бураковае поле

Праваслаўная каплічка на могілках у Горках Стаўбцоўскага раёна (у мяне да населеных пунктаў з такой назвай, канешне ж, асобае стаўленне, бо сам я нарадзіўся і пражыў 17 год у горадзе Горкі на Магілёўшчыне)

І ў гэтай жа вёсцы - былая сядзіба Магнышэўскіх; на яе тэрыторыі зараз месціцца школа: тэрыторыя агароджаная, на фортках замкі, а праз агароджу лезці і высакавата, і не было часу. Прычым, за былы сядзібны чамусьці на месцы прыняў будынак школы, але ўжо потым даведаўся, што на самой справе ім з'яўляецца невялічкі домік, зараз абкладзены цэглай, які я таксама бачыў, але не сфатаграфаваў, бо на месцы не падаўся мне ён цікавым. Але ж трымайце-такі фотаздымак школы - не дарма ж я яго здымаў :)

Невялічкае вадасховішча ў Горках на рэчцы Жацераўцы. Сама рэчка маленькая і каналізаваная; і зусім недалёка адсюль, у Новым Свержані, яна упадае ў яшчэ невялікі ў гэтых мясцінах Нёман

А на іншым беразе Жацераўцы - вёска Жацерава, а ў гэтым самым Жацераве - нявялічкая капліца-касцёл Сэрца Іісуса (1933-34 гг.)

За Жацеравым пайшла жвіровачка

З маячачым наперадзе дзесьці ўдалечыні ветраком

У Вішняўцы - царква Іаана Папярэдніка. Пабудаваная ў 1742 годзе як уніяцкі храм, у 1852 годзе адабраная праваслаўнымі. Нядаўна была ад'эўрарамончана і адзолатацыбулена. Каб у такіх "архітэктараў" залатыя цыбуліны на галавах павырасталі!

Еду далей. Надвор'е ў той дзень было практычна аптымальным - крыху больш за 20 градусаў, лёгкі ветрык, без дажджа (дождж быў ужо ўвечары, калі я дадому вярнуўся)

Яшчэ і аблокі прыгожыя

Від на Вішнявец і царкву

З гэтага ж узгорка была бачная і наступная маршрутная кропка, але да яе яшчэ трэба было даехаць не зусім лёгкімі, але цікавымі мясцовымі дарогамі. Ды й вятрак набліжаецца, дарэчы

А вось і ён зблізу

Сажалка пад Кучынаўшчынай. Да вятрака, нажаль, не дабраўся, бо дарога ў той бок пайшла праз нейкую зачыненную аграсядзібу з вуллямі

Новыя Навасёлкі. Невялічкая, але жывая вёска з шырачэзнай вуліцай і рэшткамі касцёла, пабудаванага ў канцы 18 стагоддзя

Уваход закалочаны, праз дошкі можна паглядзець усярэдзіну, але там, канешне ж, поўны дэстрой

Еду далей

За Петухоўшчынай дарога на маім маршруце метраў на 100 практычна знікла, каб зноў з'явіцца ў лесе ўжо прыкладна на мяжы Стаўбцоўскага і Нясвіжскага раёнаў. Потым была пара кіламетраў лясной сцежкі, дарога праз поле - і пясчаная жвіроўка, якой насіліся грузавікі гарадзейскага сельскагаспадарчага кааператыва, што вязлі гной на далёкае поле. І нарэшце за пагорбам выглянулі збудаванні цукровага завода ў Гарадзеі

Але пасёлак цукравікоў мяне сёння не цікавіў - я прыпыніўся ў Ужанцы, дзе ад мясцовай сядзібы захаваўся толькі будынак стайні

А ўсярэдзіне вёскі - каталіцкая капліца. Калі верыць таму, што пішуць у інтэрнэце, пабудаваная яна ажно ў 16 стагоддзі, а цэглай абкладзеная дзесьці ў 1990 годзе

А на мясцовых могілках - магілы польскіх жаўнераў, загінуўшых падчас Польска-савецкай вайны 1919-21 гг. Дарэчы, яны зараз на рэстаўрацыі, таму крыжы знятыя і акуратненька складзеныя побач

Палякі памятаюць сваю гісторыю. Будзь як палякі :)

Хаця не здзіўлюся, калі сярод пахаваных якраз многа нарадзіўшыхся на беларускай зямлі

Праязджаю трасай Р11 ускраінай Гарадзеі - і зварочваю на ідучую полем у бок Стаўбцоў паралельна чыгунцы палявую жвіроўку

Рэшткі бруку

Праехаў 35-кіламетровы круг дзеля таго, каб прыехаць у Варацішча - суседні да Асіпаўшчыны прыпынак. Тут падыйшоў і чарговы цягнічок на Баранавічы, але я, канешне ж, трошкі паабедаў і паехаў сваім ходам далей

Удалечыні бачная царква-навабуд (2008 г.) у вёсцы Вялікі Двор (дарэчы, таксама звычайна бачная з цягніка)

Але мяне ў гэтай вёсцы больш цікавіла былая сядзіба Брахавіцкіх "Гарадзій"

У сядзібным доме тут таксама, як і ў Горках, зараз гасціць вясковая школа - на шчасце, тэрыторыя была адчыненая нават нягледзячы на выходны

А зусім недалёка адсюль - "галоўная вуліца" краіны, траса Е30/М1

Вёска Астроўкі

Калі вы лічыце, што я націск няправільна паставіў (бо, канешне ж, так і цягне гэты населены пункт Астраўкамі назваць, што непадрыхтаваныя людзі звычайна і робяць) - вось вам дасканалая крыніца інфармацыі

Тут стаіць вартая ўвагі драўляная царква св.Георгія (кан.18 ст.), якая ёсць і парай кадраў вышэй, але хай будзе яшчэ і фотаздымак больш буйным планам

А побач - яшчэ адзін цікавы з кропкі гледжання рускай мовы (бо ў беларускай не "прашчаюць", а "даруюць" і "просяць прабачэння") тапанім. Амаль упэўнены, што і націск тут на першым складзе Такі Вікіпедыя лічыць, што на другім

У Прасцях (рызыкну называць гэтую вёску ў множным ліку меснага склону менавіта так) - каталіцкая капліца-пахавальня Пратасевічаў. Пабудаваная напрыканцы 19 стагоддзя, прыгожа адрэстаўраваная дзесьці ў 2013-16 годзе (дарэтуль шмат год стаяла ў выглядзе руіны). РПЦ, вучыцеся правільнай рэстаўрацыі ў каталікоў! (Хаця каму я гэта кажу, самому ж смешна і ясна, што не будуць)

Качу далей. Хутка даехаў да вадзянога млына на рэчцы Ушы каля Макашоў

Рэчка Уша, адзін з галоўных у верхнім цячэнні прытокаў Нёмана

На мосце праз Ушу

А ў саміх Макашах - каталіцкая капліца, пабудаваная ў 1905 годзе і адрэстаўраваная і павялічаная ўжо ў нашыя часы

Ужо даруйце, што ў сённяшняй справаздачы архітэктура зноў перабольшвае над наваколлем, бо збольшага раўнінна-хвалісты рэльеф у гэтым рэгіёне не робіць краявіды надта маляўнічымі, а рэкаў, большых за невялічкую Ушу, тут элементарна няма. У Вялікай Лысіцы - Крыжаўзвіжанская царква (1915 г.). На шчасце, тут залатыя цыбуліны пасадзіць яшчэ не паспелі, таму царква выглядае нядрэнна. Я нават планаваў для гэтага артыкула пахуліганіць і дамаляваць на фотаздымак з гэтай царквой у Пэйнце залатыя бляхі, каб чарговы раз паказаць, як недарэчна гэтая залатая хвігня на такіх цэрквах выглядае, але нешта лянота :)

Апошнія кіламетры

Галаўцы. Тут нешта захавалася ад галоўнага будынка сядзібы Абуховічаў - ён знаходзіцца трошкі ўбок ад вёскі, за дрэвамі; і дабрацца да яго неяк можна, калі ведаць дарогу - на тым жа вялікім і ўсемагутным "Глобусе Беларусі", які я працягваю выкарыстоўваць у якасці крыніцы для пошука цікавостак для вандровак, нават ёсць фотаздымак адтуль (ціскайце на два папярэднія словы, калі раптам хто не здагадаўся, каб пабачыць яго), зроблены менавіта самім аўтарам рэсурса сёлетняй вясной. Але я дарогу не ведаў, а тая, якую знайшоў, вывяла мяне на агароджаную пляцоўку з вуллямі

Таму пабачыў толькі рэшткі мясцовага бровара

Засталося нямнога

Дрэвы, што растуць уздоўж дарогі Н8461, якая яднае Сноў і Хвоева з Родкавічамі і трасай Р2, нагадвалі працэсію йдучых кудысці дзіўных жывёлаў

Я не вырашыў, якую з гэтых дзвюх фотачак выкласці, таму хай будуць абедзве

У Хвоеве быў больш чым за гадзіну да бліжэйшай баранавіцкай электрычкі, таму вырашыў скатацца яшчэ і ў Сноў, што стаіць праз поле ад Хвоева

У Снове знаходзіцца буйны і вядомы на ўсю рэспубліку агракомплекс, а яшчэ толькі ў самім Снове жывуць прыкладна 2,5 тысячы чалавек (гэта калі не ўлічваць прымыкаючыя шматлікія вёсачкі) - то бок, паселішча (якое, канешне ж, правільна называць мястэчкам, а не нейкай там вёскай) буйное, і цэнтр яго нагадвае цэнтр якога-небудзь невялічкага гарадка-райцэнтра

Старадаўні касцёл св.Яна Хрысціцеля (1760 г.)

Нават басёйн тут ёсць - не кожны райцэнтр гэтым пахваліцца можа, дарэчы

А яшчэ тут знаходзіцца прыгожы палац Рдултоўскіх 1827 года пабудовы. Раней доўга тут сядзелі вайскоўцы, потым палац перайшоў на баланс ці то МУС, ці то КДБ - карацей, з наведваннем комплекса заўсёды былі праблемы. Станам на сённяшні дзень будынак выглядае закінутым, КПП на ўездзе па-ранейшаму дзейнічае, але мне ніхто не замінаў праехаць праз фортку з паўночна-заходняга боку, каля жылога дома. Але, канешне ж, не гарантую, што патрапіць на тэрыторыю сядзібы зараз можна заўсёды

За дрэвамі можна пабачыць царкву св.Казьмы і Дам'яна ў суседняй вёсцы Горны Сноў

Усё, час ехаць на цягнік

Паважаныя пасажыры! Наш цягнік прыбывае на канцавую станцыю Баранавічы-Палескія. Лакаматыўная брыгада развітваецца з вамі і жадае ўсяго найлепшага!