September 13, 2019

Палеская хадзілка: Капцэвічы-Славінск-Ляскавічы

Напрыканцы жніўня ровар пабыў на рамонце, а куды-небудзь далей ад Баранавічаў выбрацца хочацца (тым болей, на вакацыях трошкі больш за тыдзень пабыў), таму ў нядзелю 25 жніўня выканаў ужо досыць сталую традыцыю хоць раз на год у жніўні-верасні выбірацца куды-небудзь на Гомельшчыну. Гэтым разам ужо такі знаёмы і амаль што родны цягнік Гродна-Гомель адпраўленнем 0.45 ад Баранавічаў-Палескіх прывёз мяне ў Петрыкаўскі раён, дзе я ў 5.11 раніцы выскачыў на станцыі Капцэвічы, што знаходзіцца ў аднайменнай вёсцы. Пра гэты дзень далей і распавяду ажно ў трох частках

Страва:

01. Быў гэта, як я ўжо казаў, канец жніўня, таму віднела пазней, чым у чэрвені-ліпені. А пачатку шостай гадзіны раніцы была амаль што начная процьма (толькі крышачку над гарызонтам прабівалася чырвань надыходзячага світанка). Цягнік Гродна-Гомель у Капцэвічах доўга не стаіць, таму ён амаль адразу пакаціў далей, на ўсход, на першым жа шляху тых пасажыраў, што выйшлі тут, але ехалі далей па палескай чыгунцы да якіх-небудзь больш глухіх прыпынкаў , на якіх пасажырскі цягнік не прыпыняецца, чакаў прыгарадны дызель-цягнік Капцэвічы-Калінкавічы

02. Але мне і не ім нават ехаць. З Капцэвічаў я планаваў пехатой прайсці на поўдзень, у раёне вёскі Славінск выйсці да Прыпяці, а потым уздоўж Прыпяці пайсці на ўсход, да Ляскавічаў. Пажадана было ў Ляскавічы дайсці да 12 гадзін, бо ў 12 з капейкамі адтуль адыходзіць прыгарадны аўтобус да Петрыкава. Больш за 20 кіламетраў на 6 гадзін - выглядае вельмі рэалістычна нават з улікам прыпынкаў на фатаграфаванне і перакусы. Але ж першая палова трэку праходзіла досыць глухім лесам, ісці якім у цемры дурняў не было, таму ўсёльткі пачакаў прыкладна палову гадзіны каля капцэвіцкага чыгуначнага вакзала, пакуль стане хоць трошкі святлей

03. Будынак вакзала ў Капцэвічах. Супрацоўнікі станцыі (касірка і яшчэ нехта там) пакінулі гэты будынак, вымкнуўшы святло, адразу пасля адыходу калінкавіцкага дызелька

04. Вёсачка таксама спіць. Тут навокал лясы, таму Капцэвічы вельмі нагадваюць іншыя буйныя лясныя прамысловыя вёскі, што выраслі каля чыгункі - кшталту ўсё той жа так добра знаёмай мне падбаранавіцкай Лясной. На фота - своеасаблівая мясцовая прывакзальная плошча. Дзесьці за будынкам зачыненай крамы схавалася непрыкметная пратэстанцкая царква; там жа, каля аўтобуснага прыпынку, "спаў" рэйсавы аўтобус - відавочна, трошкі пазней ён паедзе рэйсам у райцэнтр

05. Паціху соннай вёскай выбіраюся да яе паўднёвай ускраіны

06. Мясцовае футбольнае поле

07. Нейкая старая закінутка. Пра хоць якія капцэвіцкія архітэктурныя цікавосткі я ў інтэрнэце ніякіх звестак не знайшоў

08. Усё, развітваюся з Капцэвічамі, першую пару кіламетраў давялося ісці асфальтам трасы Н4059, што вядзе менавіта да маёй фінішнай кропкі ў Ляскавічах праз Брынёў, ёй мне трэба б было вельмі нецікава ісці прыкладна 16-17 кіламетраў

09. Віднела ўсё больш, навокал лес - у некаторых месцах павалены

10. Ранішні туман

11.

12.

13.

14. Праз пару кіламетраў я павярнуў налева - далей мне належала кіламетраў 11 ісці лясной жвіроўкай, што ідзе насыпам былой вузкакалейкі, якая калісьці звязвала Капцэвічы і прыпяцкі порт каля вёскі Славінск. Чыгункі, напэўна, даўно ўжо няма, але простая дарога тут ёсць. Па шчырасьці, я чамусьці разлічваў, што яна будзе больш жывая, і мне ісці ўсе 11 кіламетраў мо і не давядзецца, і я змагу аўтаспынам спаймаць якую спадарожную машыну - але планы гэтыя былі фантастычныя, ад паварота на гэтую дарогу да самога Славінска я не сустрэў тут аніводнага транспартнага сродка

15. Большую частку пераходу вакол быў лес

16.

17. Невялічкае маляўнічае балотнае возера

18. Рэшткі дзейнасці лесарубаў

19. Большай часткай дарога выглядала прыкладна так

20. Гэта, па-мойму, перпендыкулярная сцежка кудысьці ўбок

21. Прыкладна пасярэдзіне - амаль кіламетр адкрытага поля

22.

23. Дзесьці ўжо бліжэй да Славінска ісці гэтай аднастайнай дарогай канкрэтна абрыдла - на ровары я б праехаў гэты кавалак, напэўна, хвілін за 40-45, тут жа ішоў больш за дзве гадзіны

24. Напрыканцы лес змяніўся балотам, было там вельмі вільготна, фоцік мой такога зусім не любіць і рэагуе запацеўшым шклом, таму далей некалькі фотаздымкаў на кітаяфон. Цывілізацыя ўжо блізка

25. Хутка збоку паказаліся сляды наяўнасці ў гэтай мясцовасці чалавека

26. Усё, Славінск. Непасрэдна каля лесу ён падаўся проста сеткай раскінутых там-сям хутаркоў, некаторыя будынкі ўжо закінутыя. Больш-менш падобны на цэлую жывую вёску ён непасрэдна каля трасы Н4003 (вядзе ад Пцічы праз Петрыкаў і Ляскавічы ў Жыткавічы)

27. Нагадваю, на календары жнівень... :) (унізе і сапраўды нейкая маленькая сажалка ёсць)

28.

29. Выйшаў на трасу. Расклад руху на аўтобусным прыпынку

30. Але мне не ёй ісці. Трошкі прайшоўшы полем і ляском і паблукаўшы славінскімі лецішчамі, выйшаў да шырокага рэчышча Прыпяці

31. Ціхая і магутная рака

32. Парай кіламетраў на захад бачны высокі бераг - з'ява для нізіннай Прыпяці зусім рэдкая. Мне туды

33. Нафоткаў па дарозе трошкі рачных замалёвак

34. Бачна, што за лета ўзровень вады трошкі знізіўся, але бывала і куды горш, канешне ж

35.

36. Потым прыйшлося ненадоўга адыйсці ад ракі, бо нармалёвай дарогі берагам не было

37. А потым дарога ў патрэбны мне бок знікла... Дакладней, рэшткі яе можна было пабачыць, але ісці ўсё роўна прыйшлося праз вось такі буралом

38. І хутка зноў выйшаў да ракі, ужо назіраючы яе з высокага абрывістага берага

39. Дабранак табе, рыбачок!

40. Тут завалы яшчэ працягваліся, але хутка яны скончацца. Я вас дужа здзіўлю, калі адзначу, што там, куды гэтым берагам ужо можна даехаць аутатранспартам, было грунтоўна, даруйце, падзасрана адпачываючымі? Быдла - яно ўсюды быдла

41. Але Прыпяць там, канешне ж, прыгожая

42. Тут на супрацьлеглым беразе бачна, наколькі вадзічка за цёплы сезон саступіла, але ўжо хутка восень з дажджамі

43.

44.

45. Пасля перакусу пайшоў далей. Яшчэ колькі кропак з маляўнічым берагам знаходзяцца трошкі вышэй за плынню ракі, каля вёскі Дарашэвічы, але туды простаму чалавеку не прабрацца, бо побач, па чутках, лецішча (нібыта адно з самых улюбёных) САМОГА, таму ўсё закрыта заборчыкам. Я той заборчык, дарэчы, ужо пад Ляскавічамі нават бачыў - ён зусім побач з дарогай, і ўсюды камеры; фатаграфаваць там я, канешне ж, не рызыкнуў. Але да асфальту яшчэ было трошкі пясочку...

46. І потым ужо так, асфальт трасы Н4003

Яшчэ некалькі нічым не цікавых кіламетраў гэтай дарогай - і я ў Ляскавічах. А пра Ляскавічы і тамтэйшы файны музей Прыпяцкага нацпарка я трошкі распавяду наступным разам. Дзякуй за ўвагу!